Дзве ўдачы, дзякуючы якім адбылася кар'ера новага прэс-сакратара МЗС Руслана Варанкова
Раней пасаду займалі Андрэй Савіных, Анатоль Глаз, а некалі — і Павел Латушка.

У маі 2025 года прэс-сакратаром Міністэрства замежных спраў Беларусі быў прызначаны Руслан Варанкоў. Гэта не самая топавая пасада ў іерархіі, але яна дазваляе істотна павялічыць пазнавальнасць свайго імені.
Сярод папярэднікаў Варанкова можа ўзгадаць Андрэя Савіных, які пасля прэс-сакратарства пабыў паслом у Турцыі і папрасіўся ў Палату прадстаўнікоў, а таксама Паўла Латушку — той быў голасам МЗС у пачатку 2000-х.
Чым жа Варанкоў абавязаны сваёй кар'еры? А ён паспеў папрацаваць больш за шэсць гадоў у ЗША, куды прагнуць трапіць многія дыпламаты.
Стрыечны дзядзька
У 2010-х Расія была ініцыятарам, рухавіком і галоўным спонсарам стварэння гэтак званага контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН. Начальнік упраўлення стаў бы намеснікам генеральнага сакратара. А гэта значная пасада, ды яшчэ і паўсілавая.
У выніку летам 2017-га гэтае ўпраўленне было створана, і ягоным начальнікам і намеснікам Антоніу Гутэрыша стаў расійскі дыпламат Уладзімір Варанкоў.
Незадоўга да яго прызначэння, калі ўжо стала ясна, што ўпраўленню — быць, у беларускае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Ёрку быў закінуты ціхі дарадца па прававых пытаннях Руслан Варанкоў, яго ўладкавалі трэцім сакратаром.

Выглядае імаверным, або, прынамсі, магчымым, што Руслан атрымаў павышэнне ў выніку тонкага разліку начальства.
Рэч у тым, што беларускі юрыст Руслан Варанкоў — гэта сваяк расійскага Уладзіміра Варанкова. Прадзед Руслана і дзед Уладзіміра — адзін чалавек.
Ім быў беларускі селянін, ураджэнец вёскі Ржаўцы Шклоўскай воласці Магілёўскага павета Гомельскай губерніі Аляксандр Варанкоў.
У гэтага Аляксандра ў тых жа Ржаўцах нарадзілася два сыны: першы Іван у 1921-м, і другі Аляксандр у 1927-м. Па іх генеалогія роду раздзялілася на дзве краіны.
Старэйшы, Іван, пайшоў вучыцца, трапіў у Маскву, стаў гісторыкам прарасійскіх поглядаў, прафесарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У яго нарадзіўся сын Уладзімір — гэта той самы, які цяпер намеснік Гутэрыша.
Імаверна, пры атрыманні расійскіх дакументаў яго і запісалі на расійскі лад — «Воронковым».
У той жа час, родны брат таго Івана Аляксандравіча, Аляксандр, застаўся жыць на малой радзіме. І застаўся — нават па-руску, і ўсе ягоныя дзеці таксама — «Варанковым». У Аляксандра нарадзіўся сын Мікалай, а ўжо ў Мікалая — Руслан. Руслан пайшоў у Міністэрства замежных спраў.

Такім чынам, расійскі дыпламат Уладзімір Варанкоў прыходзіцца беларускаму дыпламату Руслану Варанкову стрыечным дзядзькам.
Ці ўдала спрацаваліся паміж сабой сваякі і ў якіх пытаннях, невядома, але ўжо ў 2018-м Уладзіміра Варанкова ў Мінску прымаў Лукашэнка, просячы перадаваць прывітанне Гутэрышу і рассыпаючыся ў падзяках за «актыўны ўдзел у арганізацыі ў Мінску міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню на тэму прадухілення і барацьбы з тэрарызмам у лічбавую эпоху».
Паводле Лукашэнкі, без Варанкова гэтая канферэнцыя не адбылася б.

«Дзівосна было даведацца, што ваш бацька родам з вёскі Ржаўцы Шклоўскага раёна. […] Перадавайце прывітанне нашай малай радзіме. Не забывайцеся, прыязджайце», — ціснуў Лукашэнка на настальгічны момант.
Хросная маці першай жонкі
Не ў кожнага нават адоранага выпускніка юрыдычнага факультэта БДУ ў прынцыпе кар'ера развіваецца так імкліва і хутка, як у Руслана.
Ягонае прызначэнне ў Нью-Ёрк было ўжо не першым. І да таго сціплы ўчорашні студэнт ездзіў на пару год на работу ў Вашынгтон.
Вядома, бывае рознае. Але можна дапусціць, што ў вялікай ступені кар'ера сціплага выпускніка юрфака пайшла ў гару праз удалы студэнцкі шлюб.
Першую, ужо былую жонку Руслана, зваць Вольга Маліноўская.

Яна ўраджэнка знакамітага горада Шклова. Сёння працуе начальніцай упраўлення малога і сярэдняга бізнэсу Белінвестбанка.
У банкірскіх асяродках вядома, што Вольга Маліноўская — гэта хросная дачка Надзеі Ермаковай, былой начальніцы Нацбанка і моцна набліжанай да Лукашэнкі асобы.
«Белпол» пацвердзіў «Нашай Ніве», што Маліноўская — сапраўды першая жонка Варанкова.
Цяпер Варанкоў паказваецца на людзях з іншай жанчынай.
Сам факт хроснага царкоўнага сваяцтва складана пацвердзіць дакументальна. Таму тут мы таксама звярнуліся да баз «Белпола», каб праверыць імавернасці.
Атрымліваецца, што на момант нараджэння Вольгі — 1986 год, — яе маці працавала ў шклоўскім лясгасе, а бацька — у шклоўскім філіяле «Магілёўэнэрга». У той жа самы час Надзея Ермакова жыла і працавала таксама ў шклоўскай ашчадкасе.
Вольга Маліноўская ўсю кар'еру зрабіла ў банках, пачынала ў Белгазпрамбанку, потым быў Беларускі народны банк, потым — «СмартКансалтСаюз», потым — Белінвестбанк.
Каментары
"Рэч у тым, што беларускі юрыст Руслан Варанкоў — гэта наўпроставы сваяк расійскага Уладзіміра Варанкова. Прадзед Руслана і дзед Уладзіміра — адзін чалавек.
Ім быў беларускі селянін, ураджэнец вёскі Ржаўцы Шклоўскай воласці Магілёўскага ўезду Гомельскай губерніі Аляксандр Варанкоў".