«Вось зараз замірымся. Ніводнага стрэлу. І? Вось гэта катастрофа. Таму што да гэтага не гатовыя» — Венядзіктаў
Былы галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў расказаў, як яму жывецца, чаму не кантактуе з Маргарытай Сіманьян, але падтрымлівае сувязь з Пясковым, і выказаўся пра тое, што будзе з Расіяй у найбліжэйшыя пяць гадоў.

«Я жыву як замежны агент у Расіі, у Маскве разам са сваёй сям'ёй, і з часткай сваіх сяброў. Частка з'ехала. І жыву я дрэнна, бо законы рэпрэсіўныя, я з'яўляюся недаграмадзянінам, я з'яўляюся (…) па законе ворагам. Я пазбаўлены такіх, такіх, такіх, такіх магчымасцяў. Таму кажу — жыву я дрэнна», — адзначае Венядзіктаў у інтэрв'ю Юрыю Дудзю.
Пры гэтым, як заўважае былы галоўны рэдактар «Эха Масквы», ягоная тэлефонная кніжка дазваляе яму яшчэ камусьці дапамагаць.
«Гэтым я кампенсую тое, што я беспрацоўны, тое, што я пенсіянер, тое, што я замежны агент», — адзначае Венядзіктаў і дадае:
«Не хаваю, большую частку часу ляжу на канапе, гляджу серыялы, чытаю кнігі, што мне не ўласціва».
Венядзіктаў паскардзіўся, што частка ягоных сяброў з'ехала, а частка знаёмых, у першую чаргу чыноўнікаў, заблакавалі ягоны нумар тэлефона.
«Гэта значыць, у мяне рэзка скараціліся зносіны. І гэта вельмі дрэнна, таму што я, як вампір, сілкуюся размовамі з рознымі цікавымі людзьмі, розных палітычных поглядаў, і таму, калі (…) я магу выехаць (не проста так, таму што грошай мала, праўду скажу, паскарджуся), я спрабую сустракацца з людзьмі, у якіх я магу як вампір, папіць крыві. Я проста жыву гэтым, я заўсёды жыву, сілкуюся чужымі гісторыямі».
Венядзіктаў адзначае, што яму даводзіцца ісці на кампрамісы: «Я павінен выконваць расійскія законы. Нават калі я закон лічу няправільным, няслушным, несправядлівым, несумленным, я яго павінен выконваць. Я працую ў Расіі, я жыву ў Расіі».
Па словах журналіста, ён не згодны з тым, што мае статус замежнага агента, але пазначае свае матэрыялы, як тое патрабуе закон, бо ўжо быў некалькі разоў аштрафаваны.
Венядзіктаў згадвае, што яму давялося пайсці на кампраміс і выкарыстоўваць тэрмін «спецыяльная ваенная аперацыя», але «як толькі Уладзімір Уладзіміравіч сказаў слова «вайна», ну, як прэзідэнт сказаў «вайна», што я буду з ім спрачацца? Я таксама стаў гаварыць «вайна».
Чаму Венядзіктаў разарваў зносіны з Маргарытай Сіманьян
У далейшай размове Венядзіктаў называе агрэсію Расіі — то вайной, то «спецыяльнай ваеннай аперацыяй». Так, ён заўважае, што свае адносіны з Сіманьян ён разарваў «пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі». Але ў яго «засталіся сябры, якія яе падтрымліваюць». З імі ён сустракаецца і спрачаецца.
Як тлумачыць Венядзіктаў, на разрыў адносін з галоўным рэдактарам агенцтва «Россия сегодня» паўплывалі дзве прычыны.
«Па-першае, яна нешта там пачала казаць, я нават баюся гэта цытаваць, было б недакладным, пра ўкраінскіх дзяцей. Яна ж сама маці, у яе маленькія дзеці. Ну нельга так. Гэта не палітычная гісторыя.
Ну і другое, як вядома, яна перахапіла адабранае «Эхо Москвы». Гэта марадзёрства. Ну пра што мне з ёю гаварыць, (…) з марадзёрам, які падабраў маё і пайшоў з ім».
Венядзіктаў згадвае: «Яна мне патэлефанавала пасля пачатку вайны і сказала: «Мне прапануюць забраць тваю частату». Я кажу: «Што ты ад мяне хочаш?» Яна кажа: «Я не ведаю, мне прапануюць забраць тваю частату». Я кажу: «Добра, можа, ты туды і журналістаў прыбярэш?» Кажа: «А ты мне дай спіс, каго можна ўзяць». Я кажу: «Я зразумеў, я падумаю». І гэта былі апошнія словы. Усё, і больш не сазвоньваліся».
Венядзіктаў згадвае, што апошні раз з Сіманьян бачыўся «да вайны за тры дні, да пачатку ваенных дзеянняў».
«Была такая кампанія, сядзелі, размаўлялі. Захарава была, яна была, Якубовіч быў, Алена Малышава была. Ну, проста сядзелі ўвечары. І ўсе адчувалі гэта. І мы якраз пра гэта гаварылі. І Захарава казала: «Гэтага не можа быць, ды не, спыніцеся, ды што вы, якая вайна», і гэтак далей. (…) У яе (Сіманьян. — НН) нават слёзы цяклі. «Якая вайна, што ты прыдумаў, што ты прыдумаў», — яна мне казала».
Па словах Венядзіктава, у першы тыдзень вайны ён сам не званіў Сіманьян. А потым яна з ім звязалася і расказала, што ёй прапануюць забраць частату «Эха Москвы».
Хоць яны цяпер не кантактуюць, як запэўнівае Венядзіктаў, «калі яна пазвоніць, я здыму трубку».
Навошта ён падтрымлівае зносіны з «людажэрамі»?
На пытанне, чаму журналіст працягваў кантактаваць з Сіманьян, хоць было відавочна, як яна сябе павядзе, Венядзіктаў адказаў: «Я лічу, што яе медыйная і палітычная дзейнасць шкодныя. Я заўсёды ёй гэта казаў. І мы заўжды гэта абмяркоўвалі. (…) І мая задача была размаўляць з ёй і з іншымі людзьмі, з Канстанцінам Эрнстам такім чынам, з Познерам, напрыклад. Гэта мая праца — гаварыць тое, што я лічу».
А разрывае ён адносіны тады, калі «выступаюць людажэрскія рэчы, калі чалавек з майго пункту гледжання пераходзіць лінію, якую я накрэсліў».
«Я магу быць незадаволеным, але працягваю мець зносіны, таму што мець зносіны толькі з задаволенымі людзьмі мне не хочацца», — даводзіць Венядзіктаў і пагаджаецца, што раней, да таго, як частату «Эха Москвы» перадалі Сіманьян, ён прыводзіў факты аб тым, што яна дапамагала іншым людзям.
«Гэта я гаварыў людзям, якія прыводзілі мне адны факты, але ёсць і іншыя факты. Мы маем зносіны з людзьмі па-іншаму. Гэта не арыфметыка, плюс-мінус. Там яшчэ здабыванне каранёў, узвядзенне ў ступень. Гэта матэматыка — зносіны з людзьмі».
«Але ва ўсіх ёсць свая рыса. А некаторыя да гэтага часу кажуць: «Ну падумаеш, што яна… Але затое яна вось таксама». «Ну падумаеш, што яна там дурасць нагаварыла пра ўкраінскіх дзяцей, але затое яна вось гэта». І такія людзі, мусіць, ёсць, і такіх шмат. У кожнага свая лінія. Мая задача, як я сабе яе бачу, спрабаваць паўплываць і пераконваць. На маіх сяброў, натуральна, на тых людзей, з якімі я маю зносіны.
Вось гэта мая задача. І да гэтага часу, пакуль я разумеў, што гэтая лінія не адсоўваецца, чырвоная, я працягваў гэта рабіць. Але надыходзіць момант, калі ты бачыш, што вось гэта немагчыма».
У далейшай размове Венядзіктаў адзначае, што не кожны, хто выглядае добрым чалавекам, з’яўляецца такім насамрэч — і не кожны зладзей сапраўды злачынец.
«Калі б я пачаў пісаць кнігу мемуараў (я не буду яе пісаць), вы б так здзівіліся. Калі вы глядзіце на людзей як на дабракоў, тых, хто хацеў добрага ці рабіў добрае, а насамрэч не, ці на зладзеяў, якія насамрэч так».
І ў якасці прыкладу ён прывёў Барыса Беразоўскага, які, па яго словах, «для краіны зрабіў шмат добрага», хаця для «Эха Москвы» «рабіў шмат паскудстваў».
«У цэлым, мы разумеем, грамадская думка пра Беразоўскага такая. Але калі мы возьмем асобныя кавалкі, мы ўбачым, што насамрэч ён не толькі імкнуўся, ён рабіў добрае. З майго пункту гледжання. Рабіў правільнае і рабіў добрае».
Пра пагрозы з Крамля і сяброўства з Пясковым
Венядзіктаў раней расказваў, што 24 лютага а 7-й гадзіне раніцы ў эфіры «Эха Москвы» ён сказаў, што агрэсія супраць Украіны — фатальная памылка Пуціна і што Расія ўжо прайграла вайну.
«Мне патэлефанавалі з Крамля днём і сказалі: «Ён чуў, вам канец», — згадвае былы галоўны рэдактар радыёстанцыі і дадае, што гэты званок ён пракаментаваў як зачыстку інфармацыйнага поля — «падчас вайны прапаганда павінна быць татальнай».
Па яго словах, званкоў у той дзень было два. Але ён не захацеў называць, ад каго яны былі.
«Адзін з тых, хто званіў, быў Дзмітрый Пяскоў?» — спытаў Дудзь.
«Гэта вы сказалі», — адказаў Венядзіктаў.
На пытанне, ці працягвае ён сябраваць з Пясковым, журналіст адказаў: «Натуральна, адносіны замарозіліся, але прафесійная частка захавалася. Напрыклад, калі мне трэба нешта ўдакладніць, калі што ў публічным полі, ён жа прэс-сакратар прэзідэнта, я яму пішу. Ён мне, як правіла, адказвае. Часам ён хоча нешта ўдакладніць, я яму адказваю. Але мы не сустракаемся».
На ўдакладняючае пытанне, ці застаецца сяброўства з Пясковым, Венядзіктаў адказаў: «Я думаю, што так. Але з майго боку так. З майго боку вайна ўвогуле не моцна пашкодзіла. То-бок пашкодзіла з нейкімі людзьмі, але не так моцна, як я сам ад сябе чакаў».
На пытанне, чаму ён спыніў зносіны з Сіманьян, але працягвае з Пясковым, былы галоўны рэдактар «Эха Масквы», паўтарыўшы ранейшыя прычыны разрыву адносін с жанчынай, адзначыў, што з Пясковым ён будзе працягваць размаўляць, бо «ён прэс-сакратар прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, а я працягваю заставацца журналістам, хоць і беспрацоўны».
Дудзь выказаў свой погляд: «Бачу тут розніцу ў тым, што там ёсць асабістая крыўда з-за таго, што яна ў вас спёрла радыёстанцыю, а тут гэтага няма, хаця чалавек, як мне здаецца, робіць не менш злавесныя рэчы».
«Ну, радыёстанцыю спёрла не Сіманьян. Усё ж такі ёй яе падарылі. Давайце ўжо так гаварыць. Няма ў яе такой магчымасці сабе сперці». — «У чым розніца?» — «Гэта пазіцыя, якая не счытваецца. (…) На ўзроўні пачуццяў толькі».
Ці працягвае сябраваць з прэс-сакратаркай МЗС Марыяй Захаравай
Вяртаючыся да сяброўскай вячэры за некалькі дзён да пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны, Венядзіктаў згадаў, што яго сцвярджэнне аб тым, што вайна непазбежная, прывяло да гнеўнай рэакцыі прысутных: «На мяне нават крычалі дзяўчаты. Што гэта немагчыма — вось сказаў жа Лаўроў, сказаў яшчэ нехта. «Ты вечна… псуеш нам вячэру» і гэтак далей. І ў іх слёзы пырснулі з вачэй. У Марыі Уладзіміраўны аж пацякла туш».
Цяпер жа, па словах журналіста, ён не глядзіць выступленні Захаравай па тэлебачанні, не слухае іх і не чытае.
«Я пераканаўся ў тым, што яна не ведае інфармацыі, не атрымлівае той інфармацыю цалкам, якая мне неабходная для разумення таго, што адбываецца, і што сачыць трэба ўзроўнем вышэй там. Гэта Лаўроў, калі гаварыць пра МЗС, гэта Рабкоў, калі гаварыць пра МЗС. Гэта людзі, якія сапраўды ведаюць гісторыю, а вось проста шуму я ўжо не ўспрымаю.
То-бок цяпер я сачу за людзьмі, якія бяруць удзел у выпрацоўцы рашэнняў або паводле сваёй пасады прысутнічаюць пры прыняцці рашэнняў. На мой погляд, Марыя Уладзіміраўна адсутнічае ў гэтых працэсах, і таму яна мне нецікавая».
Што будзе з Расіяй у найбліжэйшыя пяць гадоў?
Па меркаванні Венядзіктава, з Расіяй у найбліжэйшыя пяць гадоў «нічога добрага не будзе. Нават калі заўтра будзе заключаны мір».
«Калі заўтра будзе заключаны мір, то ўсе таксічныя наступствы таго, што адбываецца, памножаныя, натуральна, на тое, пра што мы ўжо казалі, — штучны інтэлект, развіццё тэхналогій і гэтак далей, — абрынуцца на Расію непадрыхтаваную», —
даводзіць журналіст і пералічвае наступствы вайны для Расіі: гібель вялікай колькасці людзей, выезд насельніцтва за мяжу, вялікая колькасць параненых і скалечаных, разрыў блізкіх, у тым ліку сямейных сувязяў паміж краінамі. І апошняе працягне існаваць нават, калі «спыняць страляць».
«Гэта гніючая рана», — лічыць Венядзіктаў.
Не лепшай будзе і эканамічная сітуацыя: «Жыццё ў людзей лепшаць у найбліжэйшыя пяць гадоў дакладна не будзе. Лічыце, што мы вярнуліся назад».
Не вырашыцца ў найбліжэйшыя пяць гадоў і праблема з рэпутацыяй Расіі і расіян «сярод заходняй часткі свету».
«Рэпутацыя не толькі ўлады, але і людзей, краіны, яна абвалілася. Мы бачым, як да эмігрантаў, якія супраць Пуціна, супраць вайны, ставяцца. Не прымаюць з абдымкамі. Белую эміграцыю прымалі, а тут — не».
«І, вядома, тэхналагічнае адставанне. Ва ўмовах, калі Big Tech робіць прарывы, Расія адступае», — даводзіць журналіст.
«Што давядзецца рабіць? Лекаваць і вучыць — усіх. Таму што цяпер такая псіхалогія нянавісці адно да аднаго. Гэта атрута. Арганізм пачынае выпрацоўваць ферменты нянавісці ўжо сам сабою. (…)
Нічога добрага не будзе. Потым давядзецца ўсё гэта загойваць, перавязваць, вучыць, разумець. Я нават не кажу — каяцца, прасіць прабачэння. (…) Нічога добрага не чакаю. Гэта значыць, што трэба будзе толькі адно — закасаць рукавы тым, хто разумее, што гэта трэба рабіць», — працягвае Венядзіктаў.
Журналіст лічыць, што пасля вайны «народ пойдзе ў царкву», як гэта было пасля «Вялікай Айчыннай вайны», таму што «народу трэба было суцяшэнне».
«А мы ўмеем суцяшаць? Суцяшаць людзей, якія цяпер падтрымліваюць СВА ці выступаюць супраць СВА? Яны прыйдуць па суцяшэнне. Хто іх будзе суцяшаць? Прафесія знікла суцяшэння. А зараз пра гэта трэба думаць. І вельмі добра, што некаторыя пра гэта думаюць. Не я, зразумела», — даводзіць былы галоўны рэдактар «Эха Москвы».
«Розныя людзі гавораць: а што потым? Вось зараз замірымся. Ніводнага стрэлу. І? Вось гэта катастрофа. Таму што да гэтага не гатовыя. Усе думаюць — выключальнік, і ўсё будзе як 23 лютага 2022 года. Не будзе!» — запэўнівае Венядзіктаў.
Каментары