Грамадства11

Беларуска: У мяне ваюе каханы, і я жыву з тым, што ўяўляю ягоную смерць

Беларуска Арына Коршунава валанцёрыць ва Украіне ад самага пачатку вайны. Дзяўчына кажа, што гэта патрэбна ў першую чаргу ёй самой — каб змагацца са стрэсам і адчуваць, што робіш нешта карыснае. У размове з «Салідарнасцю» суразмоўніца расказала, чаму не хоча з’язджаць з Украіны, што дапамагае «вывозіць» эміграцыю і вайну і як жыць з адчуваннем, што кожны дзень хтосьці з блізкіх можа загінуць.

Арына з’ехала з Беларусі ва Украіну ўлетку 2021 года. Гэта адбылося праз пераслед КДБ. Падчас пратэстаў дзяўчына хадзіла на маршы, пісала лісты палітвязням, удзельнічала ў розных актыўнасцях. Таксама яна — у знак падтрымкі з рэпрэсаванымі студэнтамі і выкладчыкамі — на ўласнае жаданне адлічылася з 4 курса БДУ.

Ва Украіне Арына тры гады адпрацавала ў незалежным медыя, дзе навучылася ствараць відэакантэнт. Гэтыя кампетэнцыі дапамагаюць ёй і ў валанцёрскай працы. Беларуска робіць сацыяльныя ролікі для ўкраінскіх фондаў, каб збіраць грошы ў падтрымку арміі.

Арына тлумачыць, што зараз склалася такая сітуацыя, калі дзяржава не можа забяспечыць усе патрэбы вайскоўцаў. Таму данаты сталі ва Украіне амаль побытавай справай:

— Гэта абсалютна нармальна — прачнуцца, выпіць каву і закінуць данат. І трэба заахвоціць чалавека на гэта [адмысловым кантэнтам]. Часам для стварэння кантэнту патрэбны толькі ноўтбук, а бывае — трэба кудысьці з’ездзіць, з кімсьці пазнаёміцца. Часам гэта паездкі на фронт.

Дзяўчына дапамагае не толькі фондам, але і непасрэдна вайсковым падраздзяленням, калі трэба стварыць відэа з адзнятага ў баі ці з дронаў матэрыяла. Таксама разам з сябрамі арганізуе асобныя зборы для беларускіх ваяроў — напрыклад, калі ёсць патрэба ў тэхніцы ці ў рамонце. 

«Не было іншага шляху»

Пачатак вайны Арына сустрэла ў Івана-Франкоўску — тады яна жыла ў гэтым горадзе. Адразу ж пачала дапамагаць як валанцёрка. Тры месяцы гатавала ежу для ўцекачоў. Пасля, у 2023 годзе, ездзіла на разборы завалаў у Чарнігаўскай вобласці, якую атакавалі ракетамі з Беларусі.

— Гэта было нават не пытанне маралі, а жаданне прыкласці куды-небудзь энергію, якая стваралася праз стрэс, — тлумачыць суразмоўніца «Салідарнасці». — Не было іншага шляху. Хацелася штосьці рабіць, адчуваць сябе прынамсі небескарысна. Не было нават думак — дапамагаць ці не дапамагаць. Ну чым яшчэ займацца?

Праз валанцёрства Арына пашырыла кола знаёмых і шмат каму распавядала пра Беларусь:

— Тады мяне гэта вельмі падтрымала. Бо беларусаў ненавідзелі за страшэнны дазвол атакаваць з тэрыторыі нашай краіны. І ў мяне была неабходнасць расказваць, што ёсць яшчэ іншыя беларусы. Шмат хто з украінцаў разумеў розніцу яшчэ з 2020 года, але шмат хто не ведаў, і новая інфармацыя стала сапраўды шакуючай.

Цяпер, адзначае Арына, стаўленне ўкраінцаў да беларусаў змяняецца. Дзяўчына кажа, што бачыць акно магчымасцяў, якое адчынілася:

— Невялікае акенца — такая фортка. Бо нарэшце можна пра сябе часцей заяўляць. Канешне, у публічнай прасторы мала хто [з украінцаў] скажа, што ён добра ставіцца да беларусаў — гэта ўсё яшчэ даволі табуяваная тэма.

Але ёсць і такія людзі, якія адкрыта расказваюць, што яны супрацоўнічаюць з беларусамі, з дэмакратычнымі сіламі, актывістамі, ваярамі. Дзякуючы гэтаму наша рэпутацыя не ўпала зусім у нішто. 

Цяпер Арына жыве ў Кіеве і, акрамя стварэння кантэнту, валанцёрыць ў рэабілітацыйным цэнтры «Ланка». Яго заснавала беларуская праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская. У цэнтры праходзяць рэабілітацыю пасля раненняў замежныя ваяры, у тым ліку і беларусы. Падтрымка валанцёраў патрэбная, каб камунікаваць з вайскоўцамі, дапамагаць ім у побытавых пытаннях.

Паўтара года ў псіхатэрапіі

Суразмоўніца «Салідарнасці» прызнаецца, што жыццё на мяжы з вайной адбіваецца на псіхалагічным стане. Яна апісвае свае адчуванні як размыты, фонавы страх. Часам здараюцца панічныя атакі. Праз гэта Арына апошнія паўтара года бесперарыўна ў псіхатэрапіі:

— Я не магу сказаць, што бачыла нешта страшнае. Бо ёсць вялікая колькасць людзей, якія на фронце правялі значна часу, і там сапраўды жудасныя рэчы.

Я проста пражываю, як і ўсе, такое ж гора. У мяне таксама гінуць сябры — і знаёмыя, і блізкія. Я таксама чую выбухі і трывогі. Я таксама адсочваю па навінах гора людзей.

Я бываю на могілках, бачу сцягі — а на кожным пахаванні ваяроў стаіць сцяг. І бываюць могілкі, дзе ад гэтых сцягоў не бачна неба наўпрост. 

За сваю бяспеку не баішся — баішся, што нешта здарыцца з іншымі. У мяне ваюе каханы чалавек, і я жыву з тым, што ўяўляю ягоную смерць. Бо думкі лезуць і лезуць. І мае дарагія сябры служаць — я баюся за іх жыццё і лёс. Правяраеш, ці ўсе на сувязі, пішуць — не пішуць. (Літаральна праз тры гадзіны пасля інтэрв’ю «Салідарнасці» Арына дазналася пра смерць сябра, — С.).

Дзяўчына ўзгадвае, што напачатку вайны не было страху. Была максімальная кансалідацыя, узаемападтрымка, паразуменне. Зараз нашмат больш страшна — бо не бачна перспектываў, кажа яна.

— І ёсць яшчэ не страх, а проста такі адчай. Ён паўзе вось з гэтага — з адсутнасці нейкай нармальнай будучыні. Нармалізаванай. Дзе ў мяне сям’я, дом — вось гэтага я зусім не бачу для сябе пакуль што. І сябры таксама не могуць сябе такое ўявіць. Мне хацелася б для нас лепшага жыцця, і мне вельмі шкада, што такое адбываецца. 

Я ўвесь час сабе нагадваю, што гэта ненармальныя ўмовы і мы ў іх яшчэ нармальна даем рады насамрэч. Але вось гэтае перажыванне за будучыню — за сваю, за агульную, за нашы краіны, — яно прысутнічае.

Што нас чакае? Няма ўпэўненасці, няма планаў. Ёсць кароткатэрміновы імпакт, які мы ствараем закрыццём валацерскіх задач. Мы задаволеныя з таго, што робім з дня на дзень, але абсалютна няма ніякай веры ў тое, што праз два, праз тры гады мы ўсё яшчэ будзем хаця б жыць. 

«Ёсць 140 мільёнаў людзей, якія займаюцца кепскім. Таму мне трэба старацца»

— Але я, шчыра кажучы, калі прыязджаю да знаёмых кудысьці ў Польшчу, заўжды расказваю, што ў цэлым, у балансе эмоцый, мы жывем не горш, чым яны. Проста ў нас нашмат больш жаху, і таму самыя звычайныя рэчы выклікаюць у мяне нашмат больш шчасця, чым гэта выклікае ў іх. Такія эмацыйныя арэлі атрымліваюцца.

Напрыклад, сустрэчы з сябрамі з харошай нагоды, нейкая файная падзея, падарожжа, сустрэча з каханым — вось звычайныя, здавалася б, рэчы выклікаюць такое захапленне, што яно балансуе гэтыя страх і апатыю.

Арына кажа, што падобныя адчуванні дае ёй і валанцёрская дзяйнасць:

— Напэўна, мая матывацыя ўвогуле ў гэтых гармонах шчасця, якія выплёсківаюцца ад таго, што ты штосьці зрабіў. Я не тое каб эгаістка, але разумею, што гэта менавіта мне трэба. Мне трэба штосьці зрабіць, каб адчуваць сябе нармальна. Каб укласціся ў баланс.

Ёсць кепскае ў свеце, ёсць добрае. Мне трэба падтрымаць баланс добрага. Бо кепскага і так дахалеры. І ёсць 140 мільёнаў людзей, якія займаюцца кепскім. Таму мне трэба старацца.

Без Беларусі не справілася б

Хіба не самае галоўнае, што дапамагае «вывозіць» эміграцыю і вайну — гэта сувязі з Беларуссю, са сваімі традыцыямі і культурай, кажа Арына. У эміграцыі яна намагаецца іх захоўваць і паглыбляць.

— Я нясу беларушчыну, стараюся ўсім расказваць і быць файным прыкладам. На жаль, я не зусім паспела атрымаць той культурніцкі пласт, які магла, у Беларусі. Я ўжо там пачала размаўляць па-беларуску, цікавіцца гісторыяй і культурай, ездзіць па краіне, але мне не хапіла.

Тут, ва Украіне, людзі нашмат больш занураныя ў традыцыі, асабліва пасля пачатку вайны. Нейкія з’явы нават пераўтварыліся ў поп-культуру — упрыгожванне, адзенне, традыцыйная музыка, святы. І на фоне таго, як яны моцна стаяць на ўласнай культурнай глебе, я сябе даволі бедна адчуваю. У мяне ёсць патрэба шукаць беларускае.

Дзяўчына расказвае, што слухае беларускія спевы, пляце павукоў, разам з сябрамі ладзіць святы ў народных традыцыях:

— Мы нібыта бавімся — але гэта такая патрэба: стварыць у гэтым усім украінскім сваё беларускае культурнае асяроддзе. Да нас прыходзяць сябры-украінцы, ім таксама цікава. Да таго ж у іх даволі часта не было магчымасці сустрэць носьбіта беларускай культуры. Былі русіфікаваныя беларусы ў іхнім жыцці, і таму калі ты хаця б па-беларуску пачынаеш размаўляць, то для іх гэта шок.

Насамрэч я думаю, што без гэтай сувязі з Беларуссю я б не справілася. Тут адбываюцца страшныя рэчы. Але самаідэнтыфікацыя сябе як беларускі дапамагае часам уключаць стан назіральніка. Я ёсць беларускай і ўсё ж не ёсць украінкай. Я хоць і пражываю увесь гэты жах, але ў мяне ёсць яшчэ мая краіна, ёсць аб чым падумаць. 

«Калі ехаць кудысьці чыліць — так там няма чаго рабіць»

Нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з вайной, Арына кажа, што не ўяляе, што з’едзе ў іншую, больш спакойную краіну.

— Я не бачу сябе яшчэ дзесьці. Я, напэўна, ужо не змагу. Дзякуй лёсу, я шмат падарожнічала — часта бываю ў Польшчы, бачыла поўдзень Еўропы, Амерыку. Але ў мяне зараз такі стан — усё роўна трэба дзейнічаць. Трэба хоць куды сябе прыкласці, пакуль гэты жах адбывацца. Калі ехаць кудысьці чыліць — так там няма чаго рабіць. Я выбіраю быць тут абсалютна асэнсавана. 

Я заўсёды вяртаюся ва Украіну з прыемным адчуваннем, што мне тут усё блізка. Гэта для мяне яшчэ не дом. Усё яшчэ сакральнае адчуванне дома — у Беларусі. Але мне тут добра. Я сама будую вакол сябе такую прастору — матэрыяльную, атачэнне, працу, — каб тут было прыемна знаходзіцца.

Чалавек прывыкае. Я ўпэненая, што звонку гэта ўсё выглядае нашмат горш, чым яно ёсць насамрэч. Тое самае і на пратэстах было. Я ўсім кажу, што можна прыехаць, паваланцёрыць, паглядзець, як мы тут жывем. Тут не Асвенцым — працуюць кавярні, усё яшчэ найлепшая кухня ў свеце, вельмі шмат чаго вясёлага, класнага, падарожжы, канцэрты. Карпаты ўсё яшчэ стаяць, Адэса пляскаецца. Проста нейкая такая нітка гумара праз ўсё гэта — і журбы, незразумеласці.

І яшчэ я заўважыла такую рэч: калі ўкраінцам зараз задаць пытанне «Як ты?», то яны адкажуць больш стабільна, чым людзі з Еўропы. Таму што людзям з Еўропы больш стромна зараз, у іх яшчэ гэта не пачалося.

Каментары1

  • .
    22.05.2025
    Не согласна, что людям из Европы сейчас труднее, потому что у них это пока не началось. Люди в Европе живут своей жизнью и война в Украине уже не на первом плане информационном у них. У них свои страны, свои выборы и свои проблемы, вот ими они и заняты, а на Украиной. Это в Украине кажется, что она центр внимания как минимум в Европе, а это уже далеко не так.

Цяпер чытаюць

Наталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук10

Наталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук

Усе навіны →
Усе навіны

Кіраўнік раёна Курскай вобласці папрасіў Пуціна захапіць украінскія Сумы1

Дарадца Пуціна лічыць, што СССР «юрыдычна недзе існуе». Але што тады ў Крамлі робіць Пуцін?6

Расію асабліва раздражняе Кая Калас5

«Мамкін пястун». У Мінску адкрылася скандальная расійская дастаўка сушы — назвы страў эпатуюць7

Мінадукацыі рэкамендуе круціць на школьных выпускных песні нявесткі Лукашэнкі6

Эрдаган запусціў праграму па масавай праверцы вагі грамадзян на вуліцах5

Працягваецца збор грошай на вакацыі для дзяцей палітвязняў. Але сабрана толькі палова сумы4

Беларуска стамілася чакаць вяртання грошай за тур і пайшла ў суд. Турфірма: Усё навалілася, як снежны ком

Лукашэнка абавязаў наймальнікаў цалкам кантраляваць жыццё работнікаў-замежнікаў — аж да таго, ці парадак у кватэры8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук10

Наталля Пяткевіч стала віцэ-прэм'ерам, а Каранік узначаліў Акадэмію навук

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць