Пра гэта кажуць людзі, якія сцвярджаюць, што чулі іх над Барысавам, Беразіном і Клімавічамі.

Новыя сведчанні відавочцаў не толькі дадаюць больш дэталяў адносна маршруту пралёту над Беларуссю беспілотніка, які ноччу 29 ліпеня разбіўся ў мінскім мікрараёне Дамброўка, але і нараджаюць версію пра тое, што ляцеў ён не адзін.
Мы ўжо пісалі, што адпаведна сведчанням людзей дрон ляцеў да сталіцы Беларусі з паўночнага ўсходу. Яго палёт назіралі над Барысавам і Магілёўскай вобласцю. Цяпер жа з'явіліся новыя сведчанні.

Каментатары сцвярджаюць, што беспілотнік пралятаў над старым горадам і Залінейным раёнам, прыватным сектарам у раёне вуліцы Працы, а таксама вуліцай Арджанікідзэ.
Пры гэтым, як вынікае са слоў відавочцаў, беспілотнікаў магло быць два.
Так, адна з жанчына, якая ў момант пралёту знаходзілася ў бальніцы горада Барысава, звяртае ўвагу на два характэрныя гукі, які яна чула з інтэрвалам прыкладна ў сем хвілін:

«Сёння ноччу было два такія гукі перад самай навальніцай. Прыблізна ў гадзіну сорак. Наша бальніца ў Барысаве каля лесу, і дакладна пад вокнамі не можа ехаць мапед. Гук быў адзін раз вельмі моцны хуткасны, другі праз хвілін з 7 і менш быў чуваць. У нашай палаце чула не адна я. «Крылаты мапед, ці што?» — так мы падумалі».
Іншы жыхар Барысава запэўнівае, што сам бачыў над сваім домам па вуліцы Герцэна ў Барысаве «дзве штукі».

Калі верыць каментатарам, то два беспілотнікі бачылі і над Беразіном прыкладна ў 1.20 і 1.27.

Факт пралёту над гэтым горадам пацвярджае яшчэ адзін каментатар, які ў гэты час знаходзіўся на стаянцы каля трасы М4. «Думалі, мапед, але святла фар не было», — дзеліцца відавочца.

Пацвярджаецца і тое, што беспілотнік ляцеў спачатку праз Магілёўскую вобласць.
Сведка піша, што «гук мапеда» быў чуваць у Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці каля 12 гадзін ночы. «Не факт, што ляцеў адзін. Ляцеў у бок Касцюковіч».
Інфармацыю пра пралёт каля 12 ночы над Клімавіцкім раёнам пацвярджае іншы каментатар.

Нагадаем, што СК апублікаваў відэазапіс моманту падзення беспілотніка ў Мінску. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы.
СК сцвярджае, што ў беспілотніка была баявая частка, запоўненая трацілам і вялікай колькасцю паражальных элементаў.
У паведамленні СК гаворыцца: «На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Следчымі з прыцягненнем спецыялістаў ДКСЭ і сапёраў праведзены агляд, зафіксавана следчая карціна. Вынятыя фрагменты корпуса і крылаў БПЛА, рухавік, прыборы навігацыі і баявая частка, аснашчаная тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў у выглядзе металічных шарыкаў», — гаворыцца ў паведамленні СК.
«У выніку здарэння пацярпелых няма, эвакуацыя жыхароў не праводзілася».
На відэа СК бачныя ўкраінскія надпісы, у прыватнасці, лагатып завода Uavionix.

Інцыдэнт адбыўся 29 ліпеня каля 2:00. Беспілотнік, як сцвярджаюць відавочцы, урэзаўся ў дом, пасля чаго ўпаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў.
На відэа, якое ёсць у рэдакцыі «Люстэрка», можна заўважыць начны двор дома № 72 па вуліцы Матусевіча. У роліку чуваць шум, падобны да гуку мапеда, пасля чаго чуваць моцны выбух. Пасля гэтага на зямлю падаюць абломкі, а побач з прыпаркаванымі аўто ззяюць іскры пад серыю гукаў удараў і выбухаў.
«Міліцыя прыехала толькі праз 25 хвілін, пасля чаго ўсіх разагналі, — распавялі відавочцы. — Усе прачнуліся ад гэтага пранізлівага гуку, ноч атрымалася жахлівай».
У двары гэтага дома знаходзіцца дзіцячы сад № 12.
Пасля публікацый у незалежных медыя адрэагавала і Міністэрства абароны. Яно заявіла, што беспілотнік быў падаўлены сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.
«Дзяжурнымі сіламі СПА каля 2 гадзін ночы 29 ліпеня ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь быў знойдзены і спынены палёт неапазнанай паветранай цэлі — парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванай як БЛА. У выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы 02.33 БЛА ўпаў у раёне дома 72 па вул. Матусевіча г. Мінска».
Пацярпелых няма.
Тэарэтычна ўкраінскія беспілотнікі, як і расійскія, могуць збівацца з курсу і залятаць у Беларусь. Але на практыцы раней гэта здаралася пераважна з расійскімі БПЛА пад уздзеяннем украінскіх сістэм радыёэлектроннай барацьбы.
Магчымыя і спланаваныя правакацыі, калі адзін з бакоў выкарыстоўвае беспілотнікі, падробленыя пад чужыя вырабы.
Сапраўднасць абломкаў беспілотніка, відэа якіх апублікаваў Следчы камітэт Беларусі, незалежна праверыць немагчыма, бо на гэты момант няма іншых відэа ці фота з месца падзеі. Магчыма, іх і не будзе. «Люстэрка» паведамляла, што міліцыя ноччу ачапіла месца падзення. А праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што АМАП праводзіць затрыманні каля дома, дзе беспілотнік упаў.
Каментары
Поэтому, красауцы всех мастей могут выдохнуть и продолжать заниматься прибыльным делом - репрессиями беларусов.