Культура2424

Ад жыхаркі Полацкага княства да шляхцянкі часоў паўстання Каліноўскага — паглядзіце, якія строі шые Кацярына Ваданосава ФОТЫ

Кацярына Ваданосава пачала вышываць яшчэ ў раннім дзяцінстве. У чатыры гады бавіла час, расшываючы кветкі, намаляваныя маці на тканіне. А ў школе перакройвала адзенне з гуманітарнай дапамогі пад сябе — на двары былі 90-я, грошай не хапала, а моднічаць хацелася. Ужо пазней яе захапленне набыло гістарычнае адценне — гісторык па адукацыі, Кацярына заглыбілася ў свет рэканструкцый. Гэтае хобі прывяло яе да адкрыцця ў Беластоку ўласнай школы традыцыйнага строю, а цяпер і да персанальнай выставы з 14 камплектаў адзення, максімальна набліжанага да таго, што насілі нашы продкі ў мінулым.

Папрасілі Кацярыну расказаць пра працэс стварэння трох з іх. Гэтыя і іншыя строі кожны ахвотны зможа пабачыць на выставе ў горадзе Цеханоўцы на Падляшшы, якая адкрыецца 5 верасня.

Строй раннесярэднявечны

— Каб яго пашыць, было пералапачана вельмі шмат крыніц. Агулам стварэнне любога строю — гэта ў першую чаргу падрыхтоўка, гадзіны вывучэння дакументальных гістарычных крыніц (пісьмовых, археалагічных, мастацкіх). І потым усё гэта трэба скампіляваць ды абгрунтаваць пашпарт касцюма (кожны мой строй мае свой пашпарт, і я магу сказаць, адкуль узяла тое ці іншае рашэнне).

Фота перададзена гераіняй

Канкрэтна гэты строй прадстаўляе заможную крывічанку, жыхарку Полацкага княства канца XI стагоддзя. Ён самы ранні па храналогіі з таго, што я рабіла. Я, канечне, не магу ў поўнай ступені сцвярджаць, што менавіта так выглядала жанчына ў Полацку ў той час: у нас няма ніводнага поўнага захаванага камплекта. Але ёсць металічныя артэфакты, некалькі кавалкаў тканіны, якая прыкарэлі да іх, нейкія абрыўкі залотнай тасьмы, комплексы ўпрыгожванняў — на аснове гэтага і мастацкіх крыніц можна рэканструяваць пэўны строй.

Я чаплялася за любы абрывак інфармацыі, за кожную малюпасенькую рэч, якую нехта з археолагаў калісьці проста мімаходзь апісаў.

Строй складаецца з наступных элементаў: ніжняя кашуля, верхняя сукенка па візантыйскім узоры, галаўны ўбор, накідка-плашч — спадчына балтаў, а таксама аксэсуары.

Гнёздаўская лунніца і шкляныя пацеркі — копіі тых археалагічных скарбаў, якія былі знойдзеныя на тэрыторыі рассялення крывічоў. У іх гэтыя аксэсуары — простыя круглыя замкнутыя кольцы, падвешаныя альбо паасобку, альбо ў некалькі шэрагаў на залотную стужку. 

Залотная стужка тут — мой гонар: я саткала яе на дошчачках з шаўковых нітак, фарбаваных уручную індыга. Такія стужачкі везліся з Візантыі і былі вельмі папулярным таварам. Вырабляць іх у нас пачалі, хутчэй за ўсё, ужо ў часы Еўфрасінні Полацкай, унучкі Усяслава Чарадзея, якая, як сведчаць крыніцы, не толькі адкрыла скрыпторый і вучыла людзей, але таксама мела ткацкую школу. Менавіта тады на Беларусі сталі рабіць залотныя стужкі.

Сукенка, накідка і ніжні ўбрус (хустка) таксама фарбаваліся мной уручную. Замаўляла тут толькі шкляныя пацеркі, бо не ўмею дуць шкло сама (пасміхаецца).

Усе матэрыялы для свайго хобі Кацярына набывае з уласных сродкаў. На тканіны палюе на барахолках і блашыных кірмашах. Часам шанцуе — напрыклад, дзве світы былі пашытыя з тканіны, якую майстрыха знайшла на сметніку. «Нехта проста выкінуў цэлы стос розных тканін». 

Строй шляхцянкі часоў паўстання Кастуся Каліноўскага

— Гэта чорны, жалобны строй, рэканструкцыя вобразу шляхцянкі XIX стагоддзя. Я пачала з самай паднаготнай, з бялізны, так што ў мяне тут маецца і ніжняя кашуля, і панталоны, і гарсэт, і крыналін. Зверху на апошні — спадніца з васьмі метраў бавоўны, якая апраналася, каб было яшчэ больш пышна.

Фота перададзена гераіняй

Самы верхні слой — чорная сукенка. З аздобы тут толькі каўнер, плецены на каклюшках, і белы каптур з вуаллю. Тады было не прынята насіць ні срэбра, ні золата. Часцей — жалеза, дрэва, буйныя ўпрыгожванні, якія паўтаралі форму кайданоў — рэальны жалезны ланцуг, які жанчыны насілі на руках у знак салідарнасці з тымі, хто быў закатаваны, арыштаваны ці ў высылцы. Яшчэ былі магчымыя брошкі і кулоны з сімвалам паўстання — з арханёлам Міхаілам, Пагоняй і Арлом. Альбо крыжы і пацеркі з чорнага, пафарбаванага дрэва, шкла і жалеза. Якар, сэрца і крыж — сімвал веры, надзеі і кахання.

Усё рабілася з некаштоўных матэрыялаў, бо ўсе дарагія ўпрыгожванні мусілі здацца ў касу ўзаемадапамогі на паўстанне. Толькі сціпласць, толькі салідарнасць і жалоба.

Агулам распаўсюд чорных сукенак пачаўся з таго, што ў Варшаве была расстраляная група студэнтаў, і тады грамадскасць анансавала жалобу. Людзі сталі хадзіць у чорным, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў за свабоду. З цягам часу гэтая мода распаўсюдзілася па тэрыторыі ўсёй былой Рэчы Паспалітай і былога Вялікага Княства Літоўскага. І трывала даволі доўга, падчас паўстання ў тым ліку. Але была задушаная пасля таго, як задушылі само паўстанне.

Жанчын, якія хадзілі ў жалобе, маглі спыніць на вуліцах царскія жандары і запатрабаваць даведку, што ў іх сапраўды хтосьці памёр. Калі ў тых яе не было, жанчын везлі ў пастарунак, афармлялі штраф. Усё магло скончыцца канфіскацыяй маёмасці і нават высылкай. Я ўжо не кажу пра тое, што мы цяпер называем «суткамі».

Вельмі дзіўным чынам гісторыя моды перагукаецца з тым, што мы, напрыклад, назіралі ў 2020 годзе, калі стала небяспечна хадзіць у белых і чырвоных колерах. Тады небяспечным быў чорны. Але ўсе насілі яго, нават маленькія дзяўчынкі. Нават лялькі выпускаліся ў сукенках чорнага колеру. 

Дарэчы, крыналін тут таксама не толькі пра даніну модзе. Жанчыны былі паўнавартаснымі ўдзельніцамі паўстання: яны маглі быць сувязісткамі, пастаўшчыцамі зброі, прадуктаў і гэтак далей. І ўсё гэта зручна было хаваць пад спадніцай.

У працы Кацярына выкарыстоўвае швейную машынку з ручным прывадам, якая дасталася ёй ад бабулі (але толькі тады, калі гэта можна навукова ці дакументальна абгрунтаваць). А такія задачы з зорачкай, як сцяжка васьмімятровай спадніцы ці ювелірная вышыўка, робяцца ўручную.

Традыцыйны маладзечанскі строй

— Маладзечанскі — гэта мой улюбёны традыцыйны строй на сённяшні момант. Я нарадзілася ў Мінску і большую частку жыцця пражыла там, але мая бабуля паходзіць з-пад Маладзечна. Яна нарадзілася яшчэ падчас Першай сусветнай вайны.

Фота перададзена гераіняй

Ад бабулі мне застаўся толькі кавалак яе кашулі — пярэдняя частка. Захаваўшы памеры і форму вышыўкі, я зрабіла яе рэканструкцыю.

І потым дапасавала ўсе іншыя элементы: каптур (такі галаўны ўбор з вушкамі), багата аздоблены гарсэт, пашыты па тагачаснай модзе, спадніцу і фартух. 

Звычайна, калі людзі кажуць пра беларускі традыцыйны строй, то ўяўляюць нешта ў бела-чырвона-чорных колерах. Нешта, як пашыты мной калінкавіцкі строй — там усё багатае, у мяне на яго пайшоў год працы. Такое адзенне робіць з жанчыны нешта статуарнае, маштабнае.

Тут жа — Панямонне. Больш стрыманыя, шляхетныя колеры: белы, сіні, пясчаны, тэракотавы, блакітны.

Калінкавіцкі строй. Фота перададзена гераіняй

Каментары24

  • Я Менск!
    31.08.2024
    Крывічанка з Полацку? Мо ёсць гістарычныя крыніцы аб тым, каб хто небудзь, калі небудзь у Полацку, зваў бы сябя "крывічам"? Га? А вось чаму, тыя, хто крывіць праўду, маўчыць, што наш народ зваўся літвінамі ды русінамі?
  • 31.08.2024
    " Вельмі дзіўным чынам гісторыя моды перагукаецца з тым, што мы, напрыклад, назіралі ў 2020 годзе, калі стала небяспечна хадзіць у белых і чырвоных колерах. Тады небяспечным быў чорны. Але ўсе насілі яго, нават маленькія дзяўчынкі. Нават лялькі выпускаліся ў сукенках чорнага колеру. "
    Нічога дзіўнага .
    Хутка за гук " гэ " будзем атрымоўваць
    " суткі " за суткамі .
  • Захопленая
    31.08.2024
    Якая прыгажосьць! Проста шыкоўныя строі ды гісторыі. Дзякуй за матэрыял!

Цяпер чытаюць

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі58

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

У Маскве актывіст спусціў у Маскву-раку плакат са словамі «Пуцін — Гітлер» і прыкінуўся трупам1

Арыштаваны каліновец Грачыха пакінуў полк праз месяц пасля далучэння7

Улады адправяць у крамы насенную бульбу, каб справіцца з дэфіцытам2

Стала вядома, хто будзе хэдлайнерам канцэрта ў Мінску 9 Мая4

Як цяпер праходзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС і каго на іх выклікаюць4

Польшча абвінаваціла Расію ў беспрэцэдэнтным ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары3

Ва Украіне загінуў камандзір Пскоўскай дывізіі, прызначаны Пуціным менш чым два месяцы таму6

«Добры дзень для Германіі». Рэакцыі нямецкіх партый на правал Фрыдрыха Мерца на выбарах канцлера1

Вайсковы парад 9 мая ў Мінску пройдзе позна вечарам11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі58

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць