Грамадства

Гомельскаму журналісту Андрэю Толчыну ставяць у віну ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні

Крымінальную справу супраць былога відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына следчыя перадалі ў пракуратуру для вывучэння і накіравання ў суд.

Гомельскага журналіста вінавацяць не ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы, як меркавалася раней, а ў экстрэмізме паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса РБ. Гэта — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім», піша БАЖ.

Якія канкрэтна факты ставяцца ў віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, паколькі абвінавачанне трымаецца ў таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень не можа.

У Толчына з'явілася адвакатка, але яна таксама абмежаваная падпіскай пра неразгалошванне таямніцы следства.

Сябры і сваякі ўжо перадалі яму ў следчы ізалятар харчовыя перадачы, сродкі гігіены і цёплыя рэчы.

64-гадовы журналіст пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з нагамі.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала відэааператара Андрэя Толчына палітычным вязнем.

Толчына затрымалі сілавікі сёлета 23 верасня. На наступны дзень пасля затрымання ў кватэры, дзе ён жыў з жонкай, правялі ператрус. Следчыя забралі камп’ютарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты.

Андрэй Толчын у дэмакратычным асяродку Гомеля стаў заўважнай асобай яшчэ ў 90-х гадах, калі Беларусь здабывала сваю незалежнасць. Працаваў тады наладчыкам апаратуры на радыёзаводзе «Прамень». Удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, які выступаў за абарону правоў рабочых. На дэмакратычнай аснове абіраўся дэпутатам Гомельскага гарадскога савета 21-га склікання — гэта акурат той савет, адзін з двух у Беларусі, які ў жніўні 1991 года адкрыта выступіў супраць камуністычнага дзяржаўнага перавароту ў Маскве і вітаў абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У гарсавеце Андрэй уваходзіў у камісію па сувязях з грамадскасцю і СМІ. Быў сябрам зліквідаванай цяпер уладамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час ачольваў гарадскую арганізацыю гэтай партыі. Апекаваўся дзейнасцю дэмакратычных дабрачынных фондаў. Зведаў таксама і беспрацоўе.

Пасля выбараў 2010 года Толчын у якасці відэааператара-фрылансера супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі. За журналісцкую працу Андрэя Толчына шмат разоў штрафавалі і нават адпраўлялі «на суткі» за краты на падставе адміністрацыйных пратаколаў, якія складала міліцыя, бо ў відэааператара-фрылансера не было акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне пратэстаў, афіцыйна — нібыта за ўдзел у масавых беспарадках. Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА-3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам з іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканні ізалятара. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні варажнечы і перашкодзе дзейнасці ЦВК. Тады спадар Толчын запісваў і каментар аднаго з дыпламатаў Еўрасаюза, якія прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылансера забрала міліцыя.

***

Падтрымайце зняволенага журналіста лістамі, паштоўкамі ці тэлеграмай. Таксама можна зрабіць грашовы перавод.

Пішыце на адрас: СІЗА № 3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1. Толчын Андрэй Мікалаевіч.

Каментары

Цяпер чытаюць

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў3

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп абяцае падтрымку пратэстоўцам у Іране. Але ці ёсць у яго дастатковыя сілы?3

Беларуска гуляла па лесе і сустрэла статак зуброў ВІДЭА1

Прыгажуні ў інстаграме выхваляюцца дарагімі сукенкамі, якія ім падарыў Лукашэнка14

Памёр віцебскі мастак Юрый Зуеў. Ягоная спадчына можа загінуць5

«Шкада будзе, калі загіне». Пад Магілёвам ужо некалькі тыдняў спрабуюць уратаваць бусла, які застаўся зімаваць

Пошукі турысткі з Беларусі ў Мурманскай вобласці прыпынілі

У Кіеве затрымалі мужчыну, якога падазраюць у каардынаванні цэляў для расіян праз беларускіх сілавікоў3

«Расіяне спрабуюць адключыць Кіеў». Як горад выжывае пры −19°С і абстрэлах6

«Беларусь 1» падманула Аляксандра Кныровіча, каб узяць каментар для прапагандысцкага фільма11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў3

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць