Звычка разувацца, традыцыя хадзіць у госці з ласункамі — што яшчэ здзіўляе дзяўчыну з Венесуэлы, якая жыве ў Беларусі?
Кайла Пінеда — гэта дзяўчына з Венесуэлы, якая жыве ў Мінску і дзеліцца ўражаннямі ад Беларусі ў сваім тыктоку. Што падаецца блогерцы незвычайным?

Кайла распавяла падпісчыкам аб тым, што яе вельмі здзівіла ў нашай краіне. І першае — гэта тое, што беларусы лічаць залу спальным пакоем. У Венесуэле (як, дарэчы, і ў Еўропе), калі кажуць пра кватэру, лічаць толькі спальні, бо зала — гэта прастора для прыёму гасцей.
— Таму калі мне сказалі, што мы будзем здымаць у Мінску трохпакаёвую кватэру, я хадзіла па ёй і не магла зразумець, дзе ж трэці пакой, калі спальні ўсяго дзве? Але потым мне ўсё патлумачылі.
Таксама дзіўнай падалася дзяўчыне традыцыя «пасядзець на дарожку».
— Я нават не ведала што сказаць, калі ўбачыць гэта ўпершыню — настолькі дзіўна гэта для мяне выглядала.

Але потым блогерка згадала, што ў Венесуэле ёсць традыцыя ставіць побач з уваходнымі дзвярыма перавернуты венік — лічыцца, што гэта адпужвае няпрошаных гасцей. І вырашыла, што ўсе народы маюць права на свае дзівацтвы.
Ёсць беларускія звычаі, якія Кайле вельмі спадабаліся. Адзін з іх — мода здымаць абутак пры ўваходзе ў кватэру. Дзяўчына лічыць, што гэту ідэю трэба распаўсюдзіць ва ўсім свеце, улічваючы бруд і колькасць бактэрый на вуліцы. Але папярэджвае: калі прыйдзеце ў госці да кагосьці ў Венесуэле, смела ідзіце ў абутку па кватэры — так усе робяць.
Таксама да спадобы блогерцы прыйшлася беларуская традыцыя прыходзіць у госці з чымсьці смачным да гарбаты.
— Люблю, як у Беларусі людзі клапоцяцца аб гаспадарах і, калі ідуць у госці, абавязкова што-небудзь прыносяць з сабой. У Венесуэле такога звычаю няма. Затое мы вельмі любім паесці ў гасцях.

Сярод прычын любіць Беларусь Кайла называе адсутнасць вялікіх затораў. Яна кажа, што для сталіцы Венесуэлы Каракаса гэта сапраўды праблема: трэба прачынацца ў 4-5 гадзін ранку (у залежнасці ад таго, як далёка ты жывеш), каб паспець прыехаць на працу да 9 гадзін.
— Прыемна, што ў Мінску мне як замежніцы было лёгка адкрыць рахунак у банку — патрэбен быў мінімальны набор дакументаў: пашпарт і дазвол на жыхарства.
У Венесуэле ж, па словах блогеркі, для замежніка такая працэдура становіцца сапраўдным квэстам: неабходна прынесці шмат розных дакументаў, у тым ліку і два лісты з рэкамендацыямі ад мясцовых жыхароў — гэта значыць, калі ты толькі прыехаў у краіну і нікога яшчэ не ведаеш, то рахунак адкрыць наўрад ці атрымаецца.
Беларусы могуць здзівіцца, але праца ДАІ на дарогах Кайле таксама спадабалася:
— Можа падацца, што гэта спрэчны момант. Але каб вы разумелі: Венесуэла — гэта краіна, дзе вельмі шмат смерцяў у выніку ДТЗ. А адбываецца гэта з-за таго, што хуткасць кіроўцаў ніяк не кантралюецца, а п'яныя спакойна садзяцца за стырно. Яшчэ кіроўца можа ехаць і адначасова піць піва ці нават віскі. Штрафу за такое не прадугледжана.
Грамадскі транспарт, які рухаецца па раскладзе, спачатку здзіўляў блогерку:
− Мне было цяжка разумець звычайныя таблічкі на прыпынках, якія нагадвалі аб уроках хіміі. Рэальна, столькі лічбаў, што проста галава кружыцца. Але потым я змірылася і ўсвядоміла, што расклад значна спрашчае жыццё.
У беларускіх крамах блогерку вельмі здзівіла тое, што прадаецца жывая рыба. Спачатку яна падумала, што акварыумы ў гіпермаркеце — гэта элемент дэкору. Але потым, калі ўбачыла, што людзі купляюць жывую рыбу, то вырашыла, што гэта добрая ідэя і задалася пытаннем, чаму ў Венесуэле так не робяць. Там у крамах прадаюць толькі замарожаную рыбу, а па свежую ездзяць на рынкі на марскім узбярэжжы.

— А яшчэ ў Венесуэле побач з касай заўсёды стаіць спецыяльны чалавек, які дапамагае пакупнікам складаць пакупкі ў пакет. Ён, вядома, атрымлівае афіцыйны заробак, але ўсё роўна прынята пакідаць чаявыя.
Блогерка распавяла, па якіх прадуктам з Лацінскай Амерыкі яна сумуе. Па-першае, гэта авакада. Так, яго можна набыць і ў Мінску, але ёсць нюансы.
— У Венесуэле авакада вельмі сакавітыя, духмяныя і нерэальна смачныя. А яшчэ яны проста велізарныя — памерам з ананас. Там столькі мякаці. У Беларусі ж авакада маленькія, нясмачныя і вельмі дарагія.
Сумуе дзяўчына таксама па плантанах — гэта вялікія агароднінныя бананы. У Венесуэле няспелыя плантаны смажаць і соляць — атрымліваюцца чыпсы. А каб атрымаць асалоду ад салодкага дэсерту, смажаць спелыя плады без усялякіх дабавак.
Жывучы ў Мінску, Кайла палюбіла тварог (дзяўчына кажа, з мёдам ці варэннем ніколі не стане яго есці, а вось запяканку ці сырнікі гатуе з здавальненнем), хрэн, топленае малако, селядзец, ражанку, пярлоўку (па тэкстуры блогерка параўнала яе з прапараным зернем кукурузы, з якога робяць арэпу — нацыянальны венесуэльскі сняданак), квас (ён трохі падобны на венесуэльскі напой мальта), цукеркі «Птушынае малако» і, вядома, сыркі.
— І грэчка — ну куды ж без яе. Спачатку мы не сябравалі, але потым я навучылася гатаваць яе правільна. Насамрэч я была здзіўленая, калі даведалася, што грэчка зніжае ўзровень цукру ў крыві. А гэта так важна ў сучасным свеце, дзе ў большасць прадуктаў дабаўляюць цукар.
А вось сярод таго, што дзяўчыне не спадабалася, аказаліся пельмені, паштэт, бярозавы сок, «Тархун» і семачкі.
— Калі я першы раз іх ела, то ледзь не задушылася. Я не ведала, што семачкі трэба чысціць і проста закінула ў рот цэлую жменю. Можа быць, для беларусаў семачкі — гэта антыстрэс, але асабіста мне цярпення не хапае. Гэта зусім непрактычны перакус! Потым яшчэ смецце ўсюды.
Блогер ператварыў звычайны камень у сваім двары ў славутасць і дадаў на «Яндэкс Карты». Што з гэтага атрымалася?
Ірландзец тэсціруе беларускія сталоўкі. Вось якой з іх прапаноўвае даць мішленаўскую зорку
«У Беларусі абышлося б даражэй». Блогерка адсвяткавала вяселле на Паўночным Кіпры і распавяла, колькі гэта каштуе
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
дык ык гэта ж добра - з цэлай пляшкай віскі. пляшка не пастрадала)