Усяго патроху

Фермер у ЗША ўстанавіў новы рэкорд пякучасці перцу чылі. Ён фантастычна востры

Новы рэкардсмен валодае пякучасцю ў 2,69 мільёна адзінак шкалы Скавіла. Пякучасць перцу хабанера, які можна купіць у крамах, складае каля 100 тысяч адзінак шкалы Скавіла.

Фермер Эд Кары трымае свой Pepper X. Фота: Jeffrey Collins / AP

Кніга рэкордаў Гінеса пацвердзіла, што амерыканскі фермер са штата Паўднёвая Караліна Эд Кары здолеў стварыць новы гатунак перцу чылі, які стаў самым пякучым у свеце. Гатунак пад назвай Pepper X («Перац Х») прыкладна на мільён адзінак вастрэйшы, чым уладальнік папярэдняга рэкорду, піша Бі-бі-сі.

Новы рэкардсмен валодае пякучасцю ў 2,69 млн адзінак шкалы Скавіла, а вастрыня гатунку «Каралінскі жнец» (Carolina Reaper), які ўтрымліваў папярэдні рэкорд на працягу 10 гадоў, ацэньвалася ў 1,6 млн адзінак.

Каб зразумець, пра якую менавіта вастрыню ідзе гаворка, дастаткова сказаць, што пякучасць перцу чылі гатунку хабанера, які можна купіць у крамах, складае каля 100 тыс. адзінак шкалы Скавіла.

А пераважная большасць відаў перцу, якія спажываюцца ў ежу ў Беларусі і краінах Еўропы, не перавышае пякучасцю 50 тысяч адзінак.

Прычым Эд Кары вырасціў як новага рэкардсмена, Pepper X, так і гатунак, які заваяваў папярэдні рэкорд.

Як гэта было?

Эд — адзін з усяго пяці чалавек у свеце, якія здолелі з'есці Pepper X цалкам. Вынікі гэтага харчовага эксперымента аказаліся даволі сумнымі.

«У мяне пякло ўнутры тры з паловай гадзіны. А потым пачаліся колікі, — распавёў Кары агенцтву Associated Press. — Колікі былі проста жудасныя. Я прыкладна гадзіну стаяў пад дажджом, распластаўшыся па мармуровай сцяне, і равеў ад болю».

Хоць многія лічаць, што востры смак у перцах чылі ўтрымліваецца ў насенні, насамрэч капсаіцын — хімічнае рэчыва, якое выклікае моцную пякучасць, знаходзіцца ў плацэнце, гэта значыць у валакне, да якога «чапляецца» насенне. Таму адзін з сакрэтаў вастрыні Pepper Х — у яго форме і вялікай колькасці складак, дзе можа расці плацэнта.

Кары кажа, што Pepper X быў выведзены пры дапамозе скрыжавання гатунку «Каралінскі жнец» з іншым перцам, які даслаў яму прыяцель са штата Мічыган і які фермер апісвае як «зверскі востры».

Аўтар новага гатунку кажа, што да апошняга моманту трымаў сваё дасягненне ў сакрэце, каб абараніць аўтарскія правы. «Мы зрабілі гэта ўсёй камандай. Мы разумелі, што дамагліся чагосьці асаблівага, таму пра гэта ведалі толькі мае найбліжэйшыя сваякі і сябры», — распавядае Кары.

А раз папярэднюю распрацоўку фермера, гатунак «Каралінскі жнец», без дазволу выкарыстоўвалі вытворцы каля 10 тыс. розных прадуктаў, то ні насенне, ні расліны новага перцу прадавацца не будуць.

Ахвотныя пакаштаваць самы востры перац у свеце змогуць зрабіць гэта, толькі купіўшы фірмовыя вострыя соусы.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі13

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі зноў заявіў пра сістэмныя абмежаванні хуткасці Starshield над Украінай — да 161 км/г8

У Рыме ідзе «дождж» з памёту: людзі ходзяць з парасонамі ВІДЭА5

У выніку выбуху ў Санкт-Пецярбургу мог загінуць галоўны штурман 6‑й арміі ВПС і СПА5

Пакаралі літоўскіх памежнікаў, якія стаялі на шухеры пры перакідванні цыгарэт праз мяжу5

Гродзенскі доктар паказаў прадметы, якія выпадкова глыталі дзеці1

У Астане з акна выкінулі чамадан з далярамі3

Ці затопіць Кіеў нечыстотамі? Што будзе з вадой і каналізацыяй з-за расійскіх удараў11

У Парыжы член ганаровай варты знепрытомнеў падчас сустрэчы Макрона з прэзідэнтам Славакіі

Экс-падпалкоўніку КДБ, які «зліў» тэлефонныя размовы Эйсмант пра гібель Рамана Бандарэнкі, дадалі год зняволення16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі13

«Сыночак, ты ў мяне адзін». Маці з Дуброўна просіць 18‑гадовага сына вярнуцца з расійскай арміі і звяртаецца да Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць