Культура55

Знойдзеная метрыка нараджэння і хрышчэння Янкі Маўра

Яе адшукалі ў Латвіі. Беларус, які там жыве, расказаў пра гэтыя пошукі.

Метрычная кніга лібаўскага Свята-Троіцкага сабора за 1883 год

Іван Міхайлавіч Фёдараў, так гучыць сапраўднае імя Янкі Маўра, нарадзіўся 28 красавіка (па новым стылі 10 мая) 1883 года ў Лібаве (цяпер Ліепая, Латвія) у сям’і беларускіх сялян, якія апынуліся там у пошуках працы. Сапраўднае прозвішча бацькі было Ільін, але армейскі пісар, які паблытаў імя па бацьку з прозвішчам, запісаў яго Фёдаравым. Пасля адстаўкі бацька працаваў сталяром, але рана памёр, і Іван разам з маці пераехаў да яе на радзіму, у вёску Лебянішкі (цяпер у Біржайскім раёне Літвы). Янка Маўр як пісьменнік вядомы ў першую чаргу кнігамі для дзяцей і прыгодніцкімі творамі «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Амок», «Палескія рабінзоны».

Янка Маўр і піянеры сярэдняй школы №44 Мінска на сустрэчы, прысвечанай 25-годдзю яго літаратурнай дзейнасці

Метрыку хрышчэння пісьменніка адшукаў беларускі эмігрант Алег. У Латвіі ён апынуўся разам з сынам пасля таго, як быў вымушаны пакінуць Беларусь у святле падзей 2020 года. Тут ён цяпер пражывае ў статусе ўцекача, працуючы праграмістам.

«Я не гісторык і не настаўнік, проста бачу, што ніхто наогул нават і не спрабуе змагацца за беларускае ў Латвіі. У Рызе і агулам у Латвіі вельмі мала згадак пра беларусаў, якія тут жылі і дзейнічалі. Дык вось я вырашыў паспрабаваць знайсці тут хоць нейкую інфармацыю пра беларускую спадчыну», — расказвае ён.

Спачатку ён узяўся знайсці месца, дзе ў Рызе размяшчалася Вайскова-дыпламатычная місія БНР (нагадаем, што на будынку місіі ў Таліне нядаўна павесілі памятную шыльду), для чаго напісаў у Латвійскі дзяржаўны архіў. Латвійскія архівісты адгукнуліся на яго запыт і паведамілі ў сваім адказе дакладны адрас будынка, у якім знаходзілася беларуская місія. Але на месцы выявілася праблема: нумарацыя дамоў не адзін раз змянялася, і дакладна вызначыць будынак не атрымалася. Ідэя з памятнай шыльдай пакуль была адкладзеная.

Далейшыя пошукі Алега прадвызначыла знаёмства з унучкай Сяргея Сахарава, беларускага фалькларыста, этнографа і дзеяча беларускай меншасці ў Латвіі на пачатку XX стагоддзя, і людзьмі з Латвійскага таварыства беларускай культуры «Світанак», якія завіталі на заняткі беларускай мовы «Мова Нанова» ў Рызе. Яны паабяцалі Алегу дапамогу ў яго пошуках.

У мясцовым музеі паэта Яна Райніса, вялікага сябра і абаронцы беларусаў, ён адшукаў арыгінальныя беларускія кнігі. Райніс быў добра знаёмы з беларускай літаратурай, падтрымліваў цесныя сувязі з беларускімі пісьменнікамі, неаднаразова наведваў савецкую Беларусь, таму наяўнасць беларускіх кніг у яго музеі зусім не выпадковасць.

Пасля Алег узяўся за вядомых беларусаў, жыццё якіх было звязанае з цяперашняй Латвіяй. У пошуку і перакладзе з латышскай яму дапамагае Ілва з арганізацыі FreeBelarus, што падтрымлівае і дапамагае беларусам у Латвіі. 

Першым чынам яны ўзяліся за ўраджэнца Латвіі, пісьменніка Янку Маўра. Спачатку вывучылі інфармацыю ў даступных інтэрнэт-крыніцах, пасля звярнуліся да архіваў. Тут варта адзначыць, што амаль усе метрычныя кнігі і перапісы насельніцтва па Латвіі адсканаваныя і выкладзеныя ў свабодны доступ на сайце архіва, што значна палягчае пошук генеалагічнай інфармацыі.

На канец XIX стагоддзя ў Лібаве, дзе нарадзіўся Маўр, былі тры праваслаўныя цэрквы, дзе маглі хрысціць беларуса. Пачалі пошук з метрычнай кнігі Свята-Троіцкага сабора — і там адшукалі запіс пра нараджэнне і хрышчэнне беларускага пісьменніка:

«Родился 28 апреля [па старым стылі], крещён 1 мая. 

Родители: уволенный по билету в запас армии рядовой Михаил Феодоров Феодоров и законная жена его Наталия Ивановна, оба православного вероисповедания.

Восприемники [хросныя бацькі]: Минской губернии Бобруйского уезда крестьянин Иван Николаев Белявский и Ковенской губ. Поневежского уезда крестьянина Ивана Минина Назарова дочь девица Агрипина.

Таинство совершал местный священник Петр Карелин, с и. д. псаломщика Симеоном Смолинским.

Священник Петр Иоаннов Карелин.

Исполняющий должность псаломщика Симеон Петров Смолинский».

Запіс пра хрышчэнне Івана Фёдарава (Янкі Маўра) з метрычнай кнігі лібаўскага Свята-Троіцкага сабора за 1883 год

Свята-Троіцкі праваслаўны сабор, найстарэйшы праваслаўны храм горада, пабудаваны ў 1866-1867 гг., захаваўся да нашага часу. Ён знаходзіцца ў самым цэнтры Ліепаі, па вуліцы Барыню, 9 (Bāriņu iela, 9). Можна сказаць, што ў беларусаў з’явілася яшчэ адна адметная кропка на мапе беларускай Латвіі.

Свята-Троіцкі праваслаўны сабор у Ліепаі. Фота: LiepajaFoto1990

Цяпер спрабуюць адшукаць дом, у якім нарадзіўся будучы беларускі пісьменнік. Алег спадзяецца, што калі ў іх атрымаецца яго знайсці, то яны змогуць усталяваць на доме мемарыяльную шыльду.

Беларус заклікае іншых людзей, якія цяпер пражываюць у Латвіі, далучацца да пошуку слядоў беларускай прысутнасці. Звязацца з ім вы можаце праз электронную пошту [email protected] ці асабісты тэлеграм @aleh_inf, або пісаць у інстаграм-профіль курсаў «Мова Нанова» ў Рызе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Знічка
    11.05.2023
    Кіраўгнік Центра беларускай культуры г. Даўгаўпілс Жанна Раманоўская правяла пошук гэтых дакументаў у архіве, у сакавіку. Звязалася з унучкай пісьменніка і таксама перадала завераныя дакументы ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. Поспехаў Алегу!
  • Знічка
    11.05.2023
    Кіраўнік Цэнтра беларускай культуры г.Даўгаўпілс ужо месяц як перадала завераныя дакументы з архіва ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры! Поспехаў Алегу!
  • Макей памыліўся
    12.05.2023
    А прадстаўнікі так званых "афіцыйных" беларускіх дыпламатычных структур, што кормяцца за нашы падаткі, чым за мяжой займаюцца? Усе гэтыя шыльды і мерапрыемствы, звязаныя з іх урачыстым адкрыццём, мусілі б адбывацца з іхным удзелам і актыўнай падтрымкай. Але пра што я, калі яны цураюцца ўсяго беларускага...

Цяпер чытаюць

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць