«Адменім роўмінг, казалі яны. У выніку адмянілі інтэрнэт». Беларусы расказалі, што ў Расіі не працуе роўмінг ні А1, ні МТС
Меркавалася, што беларусы не змогуць карыстацца інтэрнэтам пры паездках у Расію першыя суткі. Аднак, як вынікае з каментарыяў, на практыцы ўсё выйшла як па чарнамырдзінскім заўсёды.

Беларусы пацвярджаюць, што ў Расіі турыстам ці камандзіровачным цяпер даводзіцца жыць без інтэрнэту. Некаторым шанцуе, але гэта хутчэй выключэнне з правілаў. Адзін з карыстальнікаў аператара А1 дзеліцца сваім неадназначным досведам:
«У гэтыя выхадныя быў у Піцеры і пасля сутак запрацаваў інтэрнэт. А ў сябра — не, хоць у абодвух А1».

Іншыя абаненты таго ж аператара таксама былі вымушаныя абмяжоўвацца званкамі:
«На мінулым тыдні інтэрнэт А1 не працаваў, толькі званкі (была ў Піцеры)».

У абанента МТС сітуацыя таксама была складанай.
«Была 5 дзён у Расіі, у аўторак вярнулася. Інтэрнэт там так і не з'явіўся, толькі званкі. У мяне МТС», — піша адна з чытачак.
Яе словы пацвярджаюць і іншыя карыстальнікі:
«МТС не працаваў 1,5 сутак».
«МТС не працуе нават праз суткі… Толькі з Піцера прыехаў».

Не лепшыя справы і ў абанентаў life:). Каментар аднаго з беларусаў лаканічны і адназначны:
«Лайф не працуе ў Расіі, праверана асабіста».

Праблема закранае ўсіх беларускіх аператараў без выключэння:
«Усе аператары не працуюць, нядаўна сама сутыкнулася з гэтай праблемай, на дзень прыехала ў Маскву па справах!»

Сутыкнуўшыся з такой ненадзейнасцю, беларусы пачалі шукаць альтэрнатыўныя рашэнні. Самае папулярнае — набыць расійскую SIM-карту. Сцвярджаюць, што зрабіць гэта не так ужо і складана: «Біяметрыю зрабіць, і купіў расійскую сімку — усё».
Іншы каментатар нават прапануе пакрокавую інструкцыю, як спрасціць працэс і пазбегнуць паходаў у Шматфункцыянальны цэнтр надання дзяржаўных і муніцыпальны паслуг (МФЦ):
«У банку «Сбербанк» можна зрабіць усё пад ключ) і не трэба ў МФЦ ездзіць і г.д. Я пазаўчора рабіў, у «Сбербанку» і СНIЛС («Страховой номер индивидуального лицевого счёта» — НН) далі, і біяметрыю, усё там, толькі потым паехаў сімку за 5 хвілін зрабіў».
Яшчэ адзін прапануе набыць на «Азоне» сім-карту расійскага МТС і актываваць праз асабісты кабінет беларускага аператара.

На фоне практычных парад чытачы не забываюць і пра іронію, прыгадваючы гучныя абяцанні пра адзіную прастору сувязі. Адзін з каментароў трапна падсумоўвае ўсю сітуацыю:
«Адменім роўмінг, казалі яны з кожнага праса. У выніку адмянілі інтэрнэт))))»

Нагадаем, што на пачатку кастрычніка 2025 года расійскія мабільныя аператары пачалі ўводзіць так званы перыяд астуджэння для ўсіх уладальнікаў замежных сім-картаў.
Меркавалася, што гэта будзе дзейнічаць толькі першыя 24 гадзіны пасля перасячэння мяжы Расіі. Абмежаванне павінна было дапамагчы ў барацьбе з дронамі, якія б'юць па расійскіх заводах і вайсковых базах.
Але да сярэдзіны кастрычніка высветлілася, што сістэма не працуе. Большасці аператараў проста не ўдаецца зняць блакіроўку.
Абмежаванні тычацца не толькі мабільнага інтэрнэту, але і СМС-паведамленняў.
Нямала людзей у каментарах у сацыяльных сетках проста засцерагаюць ад паездак у Расію: «Няма чаго беларусам наогул туды ездзіць цяпер».
Каментары