Навука і тэхналогіі

«Гадоў праз 5-10 усюды будуць сімуляцыі». Беларуска заснавала IT-кампанію, якая стварае аватараў

Аліса Патоцкая нарадзілася і хадзіла ў школу ў Баранавічах, цяпер жыве і працуе ў Лондане. Яна — заснавальніца IT-кампаніі, якая займаецца стварэннем відэа з аватарамі, амаль неадрознымі ад сапраўдных людзей. Оnliner даведаўся ў дзяўчыны, чаму яна пайшла з навукі, кінула высокую пазіцыю ў Facebook і навошта нам віртуальныя асобы.

Аліса Патоцкая

Працавала на калайдары, хацела стаць навукоўцам, расчаравалася і пайшла ў IT

Аліса з Баранавічаў. Пасля школы паступіла ў мінскі Ліцэй БДУ, адвучылася на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, а таксама ў Політэхнічным інстытуце Грэнобля ў Францыі.

Пачынала працаваць распрацоўшчыцай праграмнага забеспячэння ў беларускіх кампаніях, у тым ліку каля года працавала ў Wargaming.

Потым пераехала ў Заходнюю Еўропу. Яна хацела займацца даследчай дзейнасцю, прычым марыла працаваць у лабараторыі з калайдарам. І ў яе гэта атрымалася. Хоць працавала яна над іншым праектам, але доступ да калайдара сапраўды быў.

Аднак у навуковай дзейнасці дзяўчына расчаравалася.

«У бізнэсе ўсё адбываецца больш дынамічна, патрабаванні куды больш зразумелыя», — кажа яна.

Пасля гэтага былі іншыя месцы працы, у тым ліку 4,5 года ў падраздзяленні Facebook у Лондане. Аліса працавала праграмісткай, яе задачы былі звязаныя з machine learning (машыннае навучанне).

«Мяне павысілі, у выніку я стала тэхлідам. Працавала з тэхналогіямі як дапоўненай (AR), так і віртуальнай (VR) рэальнасці, у тым ліку ў камандзе Oculus (падраздзяленне цяперашняй Meta, якое выпускае гарнітуры віртуальнай рэальнасці. — прым. Onlíner). Але зразумела, што мне трэба нешта большае. Урэшце рэшт вырашылася заснаваць кампанію», — кажа яна.

«Можна ўзяць і сімуляваць цэлага чалавека?»

Цяпер у яе кампанія Immersive Fox, дзе з дапамогай алгарытмаў штучнага інтэлекту ствараюцца відэа з генераванымі аватарамі, практычна неадрознымі ад рэальных людзей.

Удзельнікі каманды Immersive Fox

«Ідэю падаў мой сябар, уладальнік відэапрадакшн-студыі. Аднойчы ён спытаў: «Ці можна ўзяць і сімуляваць цэлага чалавека?» Спачатку я падумала: гэта наўрад ці. Але ідэя запала ў галаву», — распавядае Аліса.

У выніку яна сабрала каманду, цяпер у ёй 10 чалавек. 

Для атрымання аватара патрэбны пяціхвілінны запіс параметраў чалавека, прычым высокай якасці.

Immersive Fox працуе з бізнэсам. «Працэс выглядае прыкладна так: кампанія дасылае відэа з акцёрам, алгарытм апрацоўвае яго каля двух з паловай дзён. Пасля гэтага можна ствараць бясконцую колькасць AI-кантэнту (аrtificial intelligence — штучны інтэлект). Таксама можна змяніць голас або ў аўтаматычным рэжыме перакласці тэкст, які гучыць у роліку, на іншую мову (іх падтрымліваецца 25, у тым ліку руская)».

Для чаго бізнэсу патрэбны такі кантэнт?

«Ёсць некалькі сцэнарыяў. Напрыклад, для навучальных відэа. Цяпер мы робім курс лекцый для аднаго ўніверсітэта. Наступны варыянт — карпаратыўны кантэнт накшталт штомесячных справаздач для каманды або прэзентацый. Генераваць такія AI-ролікі, а не здымаць іх у студыі, танней, плюс гэта эканоміць час. Трэці сцэнарый — продажы. Замест адпраўлення «халодных» электронных паведамленняў тэкст канвертуецца ў відэа, атрымліваецца больш персаналізавана, канверсія вышэйшая. Апошні кейс — кліенцкія камунікацыі. Гаворка пра ролікі ў чат-ботах, дэманстрацыях прадукту кампаніі», — кажа Аліса.

Як яна бачыць, у будучыні гэта можа развіцца ў паўнавартасную сімуляцыю, уключаючы не толькі асабовую міміку, але і рухі цела.

«Бярэш чалавека, скануеш і робіш яго поўную віртуальную копію. Але рынак вельмі малады. Большасць кампаній, якія працуюць у гэтай сферы, пачалі з'яўляцца два-тры гады таму. Тэхналогія перадавая, пакуль гэтым мала хто займаецца», — распавядае дзяўчына.

У адрозненне ад метасусвету, каманда нацэленая рабіць аватары рэалістычнымі, а не анімаванымі.

«Я веру, што ўжо гадоў праз 5-10 мы наогул перастанем выкарыстоўваць камеры, а прыйдзем да сімуляцый. З імі можна дамагчыся большага.

Мой генераваны персанаж размаўляе куды выразней, чым я. І без акцэнту», — апісвае перспектывы Аліса.

У тым ліку практыкаванні. Беларусы стварылі мабільную праграму для вырашэння мужчынскіх праблем

Выпіць чарку-другую і гэтым дапамагчы экалогіі. Будзеце смяяцца, але гэта цалкам рэальна

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы80

Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы

Усе навіны →
Усе навіны

«Жыццё зайграла новымі фарбамі». У Гомелі ўзяла шлюб незвычайная пара: жаніху — 91 год, а нявесце — 722

Архітэктар назваў тое, што зрабілі ў Нясвіжы, «карным упарадкаваннем»15

Экс-палітвязень Сяргей Спарыш: Самае складанае — камунікацыя з крымінальнікамі2

Зяленскі: Расія плануе дзве цяжкія наступальныя кампаніі, тры папярэднія — праваліліся2

Колькасць людзей на планеце пачне скарачацца значна раней, чым вы думаеце20

Кот з Ліды рэальна танцуе пад акардэон ВІДЭА2

«У калоніі цанілі праграмы прапагандысткі Скабеевай». Былы палітвязень Яўген Меркіс расказаў, як выжываў за кратамі2

У шатландскім лесе «афрыканскае племя» стварыла ўласнае каралеўства3

Беларуска атрымала польскую візу, але не пачала па ёй ездзіць да закрыцця мяжы. Ці пусцяць яе цяпер у ЕС?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы80

Лукашэнка загадаў прышчапляць нелюбоў да Польшчы пачынаючы са школы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць