Меркаванні66

У паўкроку ад культуры спажывання

Ініцыятыву ўладаў увесці адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне піва і алкагольных напояў у грамадскіх месцах можна толькі вітаць. Піша Сямён Печанко.

Ініцыятыву ўладаў увесці адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне піва і алкагольных напояў у грамадскіх месцах можна толькі вітаць. Але адкрытым застаецца пытанне, ці гатовая нашая інфраструктура адпачынку прыняць у сябе ўсіх тых, хто аддае перавагу адпачынку з півам на вуліцы.

Доўгачаканы канец піўных сезонаў

У хуткім часе, калі ўлады давядуць да лагічнага канца сваю ініцыятыву, смак выпітага ў грамадскім месцы піва ўзбагаціцца горыччу адміністрацыйнай адказнасці. Парламент мае разгледзець унесеныя кіраўніком краіны папраўкі, згодна з якімі ў Беларусі плануецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць і за распіццё піва ў грамадскіх месцах. Сённяшняя рэдакцыя Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за ўжыванне толькі алкагольных напояў на вуліцах, стадыёнах, у скверах, парках, грамадскім транспарце ці другіх грамадскіх месцах, апроч спецыяльна вызначаных для ўжывання алкагольных напояў.

Калі раней ужыванне піва на вуліцы не каралася рублём, то ў выпадку, калі папраўкі прыжывуцца ў законе, задавальненне стане досыць дарагім — прапанаваны памер штрафу сягае да 280 тысяч рублёў (каля $100).

Ініцыятыву ўладаў можна вітаць. Каб зразумець, як шмат у нас п’юць проста на вуліцах, варта хоць аднойчы выбрацца на Захад. І не абавязкова далёка — досыць будзе Літвы ці Польшчы. Вярнуўшыся адтуль, цяжка будзе пазбавіцца ўражання, што ў Беларусі адбываецца перманентнае агульнанацыянальнае свята: ужо на галоўным чыгуначным вакзале краіны на вочы пачнуць трапляцца маладыя і не вельмі людзі з пляшкамі піва, а то і чаго мацнейшага. Тое самае, а мо і ў большай ступені, можна назіраць у спальных раёнах.

«Мне сорамна, а часам і страшна выходзіць з маленькімі дзеткамі на вуліцу, бо там я выглядаю, як з іншай планеты, — не п’ю піва, не лаюся матам, не кідаю пакетаў пад ногі», — наракае маладая мама.

Даўно не дзіва чалавек з півам у грамадскім транспарце, нават у метро. Нічога дзіўнага: у Мінску катастрафічна бракуе кавярняў і бараў. Дый у тых барах піва «каштуе, як у Чэхіі, а на смак, як … у нас», — скардзіцца студэнт.

«У Польшчы мы таксама да гэтага не адразу прывыклі»

Першы крок амаль зроблены, застаецца дачакацца моманту, калі новаўвядзенне запрацуе напоўніцу. Рабіць прагнозы, што з гэтага выйдзе, — справа няўдзячная, але можна звярнуцца да прыкладаў нашых суседзяў.

У Літве і Польшчы забарона на ўжыванне алкаголю ў грамадскіх месцах, у тым ліку піва, замацаваная на заканадаўчым узроўні. Тую забарону далёка не кожны паляк успрыняў з захапленнем. Аўтару гэтых радкоў давялося патрапіць у Кракаў у 2005 годзе. Тады яшчэ можна было пабачыць на беразе Віслы купкі маладзёнаў, якія, азіраючыся, папівалі піва ды скардзіліся на паліцыянтаў, што прымушалі іх ісці ў кавярню. Гучалі і знаёмыя нашаму вуху скаргі на тое, што ў бары піва куды даражэйшае, чым у краме. Але новаўвядзенне справакавала бум у сферы абслугоўвання — кавярні і бары раслі, як грыбы пасля дажджу. Цяпер, наведваючы Польшчу, усё менш даводзіцца чуць нараканні аматараў піва на «бесчалавечную ўладу». Паходы ў кавярню, замест адрэналінавага сядзення з пляшкай у парку, зрабіліся нормай. Самым незгаворлівым культуру спажывання прышчапілі з дапамогай істотных штрафаў.

У Латвіі і Эстоніі, у Расіі піва можна ўжываць толькі ў спецыяльна абсталяваных побач з кропкамі рэалізацыі месцах, а таксама з пляшак, схаваных у тканіну ці паперу.

Вярхоўная Рада Украіны сёлета прыняла ў першым чытанні законапраект, які мае забараніць продаж піва і слабаалкагольных напояў непаўналетнім, а таксама прыраўняе іх да алкагольных напояў, што аўтаматычна пацягне за сабой забарону ўжывання іх у грамадскіх месцах.

Цікавым падаецца вопыт не такой ужо і далёкай ад нас Швецыі, дзе антыалкагольная кампанія мае агульнанацыянальны характар і традыцыі, якія вымяраюцца не адным стагоддзем. Моцнае спіртное тут прадаецца толькі ў спецыялізаваных крамах, колькасць якіх абмежаваная, як і працягласць працоўнага дня гэтых установаў. У астатніх крамах прадаецца піва, утрыманне спірту ў якім не перавышае 3,5 градусы, нават портэр.

Што дапаможа нам

Запачаткаваўшы сумнеўную традыцыю масавых гульбішчаў з абавязковым алкаголем на разліў на вольным паветры, якая затым перарасла ў звычку штодзённую, улада проста абавязаная выпраўляць сітуацыю не толькі адно адміністрацыйнымі мерамі.

Вопыт нашых суседзяў сведчыць, што кампаніям па выцясненні піва з вуліцаў папярэднічала бурлівае развіццё сферы адпачынку, а дзе‑нідзе, як у той жа Польшчы, вымушаны сыход з вуліцаў вялікай часткі спажыўцоў справакаваў дадатковы штуршок у гэтым сектары. Сітуацыя ў Беларусі істотна адрозніваецца нават ад суседняй Украіны, дзе даўно ўжо не стаіць праблема з пошукам месца адпачынку.

Адзін з уладальнікаў мінскага паб‑клубу «Графіці» Мікалай Маторын аптымістычны: «Цяпер можна казаць пра хвалю ў гэтай сферы — у хуткім часе ў сталіцы з’явіцца вялікая колькасць кавярняў». Ён упэўнены, што адчыніць сваю кавярню ці бар — цалкам вырашальная задача: «Галоўнае, каб было жаданне. Мы ж адчыніліся».

Сямён Печанко

Каментары6

Цяпер чытаюць

«Сямейка са Смаленска. Крычалі, што ім трэба з'язджаць». П'яны пасажыр пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро

«Сямейка са Смаленска. Крычалі, што ім трэба з'язджаць». П'яны пасажыр пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро

Усе навіны →
Усе навіны

Уіткаф і Кушнер да Ісламабада не даехалі. Трамп растлумачыў чаму3

Навапалачанін завербаваўся ў расійскае войска і паехаў ваяваць. Цяпер яго шукае дачка6

Дэпутатка расказала, хто і дзе есць сыр з чарнобыльскіх рэгіёнаў7

У В'етнаме знайшлі пячору з вадаспадам вышынёй 350 метраў

«Яўным хуліганам на дарозе не месца!» Кубракоў апалчыўся на матацыклістаў2

Бяляцкі: Санкцыі здымаць не пара, пакуль ідзе вайна і працягваюцца рэпрэсіі36

Беларусь на майскія святы стала для расіян даражэйшай за Турцыю10

«Не саромейцеся паказваць актыўных партыйцаў». Галоўны ідэолаг Лукашэнкі заклікаў моладзь «Белай Русі» быць смялейшымі ў сацсетках7

Ірландзец, да якога малая Ціханоўская ездзіла ў 1990-я: «Калі б нехта сказаў, што адное з гэтых дзяцей стане палітыкам, я б паказаў на Свету»23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сямейка са Смаленска. Крычалі, што ім трэба з'язджаць». П'яны пасажыр пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро

«Сямейка са Смаленска. Крычалі, што ім трэба з'язджаць». П'яны пасажыр пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць