Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»2929

Лукашэнка ў Прагу не ляціць. Што далей?

Лукашэнкі на пражскім саміце не будзе. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў Бруселі паведаміла аўстрыйскае агенцтва APA. Піша ў сваім блогу Аляксандр Класкоўскі.

Лукашэнкі на пражскім саміце не будзе. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў Бруселі паведаміла аўстрыйскае агенцтва APA.

Падкрэслю: інфармацыя папярэдняя, неафіцыйная. Увогуле ж, са слоў еўракамісаркі Ферэра-Вальднер, першапачатковы спіс удзельнікаў устаноўчага саміта «Усходняга партнёрства» будзе абмяркоўвацца кіраўнікамі МЗС краін Еўразвязу на пасяджэнні 27 красавіка ў Люксембургу.

Пакуль жа, са слоў ананімнага еўрапейскага дыпламата,

паміж Мінскам і Бруселем існуе толькі «джэнтльменскае пагадненне», згодна з якім Беларусь на саміце прэзентуе высокапастаўлены чыноўнік, але не прэзідэнт. Пры гэтым, бадай, варта трымаць у галаве, што ў айчынных дзеячаў сваё ўяўленне пра джэнтльменства.

Зрэшты, відавочна, што прычын не ехаць у Лукашэнкі сапраўды багата. Згадайце, з якой крыўдай ён выказаўся на гэты конт 23 красавіка, выступаючы з пасланнем у Авальнай зале: «Тут дайшло да дробязей: запрашаць Лукашэнку ў Прагу на саміт ЕС — не запрашаць, а як зрабіць, каб запрасіць і не запрасіць. Хачу шчыра сказаць: калі каму-небудзь, хоць аднаму чалавеку будзе няёмка, што там будуць прадстаўнікі з Беларусі, вы не запрашайце нас. Мы не будзем прасіцца, пацерпім, калі гэта вам нязручна і нявыгадна. Рабіце так, як вам зручна. Калі вам вельмі зручна, каб мы там былі, але не Лукашэнка, вы скажыце, толькі не па-хамску».

Такім чынам, сапраўды вельмі імаверна, што ён палічыў за лепшае не рабіць фурору ў чэшскай сталіцы, пры гэтым у родных сценах выказаўшы еўрапейскім нядобразычліўцам усё, што пра іх думае.

Калі так, то тыя апазіцыянеры, што пратэставалі супраць запрашэння «апошняга дыктатара», нібыта могуць святкаваць перамогу. Але перамога ўяўная.

Рэч у тым, што ўжо самой новай палітыкай ў дачыненні да Беларусі Брусель выдаў Лукашэнку пропуск у Еўропу. І ў прыватнасці, 27 красавіка — яшчэ да таго, заўважце, як у Празе стартуе «Усходняе партнёрства», ён сустрэнецца ў Рыме з пантыфікам. У сэнсе піяру гэта нават болей выйгрышны варыянт еўрапейскага дэбюту.

Пэўна ж будуць і новыя запрашэнні. Так што пратэстуй не пратэстуй, а працэс пайшоў. Табу знята, бар’ер зламаны. Зараз становіцца выразна зразумела, што ў пытанні еўрапейскага вектару асобныя апазіцыйныя пасіянары дасюль пераважна, скажам так, выпускалі пару ў свісток.

Цяпер непараўнальна важнейшымі становяцца іншыя пытанні. Наколькі здольны пераўтварыць Беларусь удзел ва «Усходнім партнёрстве»? Якія межы інтэграцыі сінявокай рэспублікі ў Еўропу пры цяперашнім палітычным рэжыме? І наколькі здольны мяняцца пад ціскам новых абставін сам рэжым?

Інакш кажучы, пытанне ў тым, што атрымаецца на выхадзе.

Лукашэнка мае намер вылушчыць з «Усходняга партнёрства» матэрыяльны плён, адкінуўшы тое, што ўяўляецца яму дэмакратычным шалупіннем. І, верагодна, аддасць перавагу ўрэзанаму фармату ўдзелу, каб толькі пазбегчы рызыкаў палітычнай лібералізацыі. Гэта было выразна артыкулявана з трыбуны ў Авальнай зале: маўляў, паўзучая контррэвалюцыя не пройдзе!

Так што страхі Масквы (Захад звядзе апошняга хаўрусніка!) могуць аказацца перабольшанымі. Палітолаг Юрый Дракахруст праводзіць паралель з натаўскай праграмай «Партнёрства дзеля міру». Для краін, якія імкнуліся ў альянс, напрыклад Польшчы, яна стала прыступкай. Ну а беларускі абывацель у масе сваёй і не падазрае, што сінявокая рэспубліка ўжо другі дзесятак гадоў знаходзіцца ў партнёрстве з «вераломным монстрам».

Карацей, фармат супрацы з альянсам рэдукаваны настолькі, што ніяк не ўплывае на геапалітычныя арыенціры Беларусі. І ў выніку Масква толькі мацуе з ёй баявую садружнасць, што пацвердзіў нядаўні візіт міністра абароны Расіі Анатоля Сердзюкова ў Мінск.

Але сюжэт з «Усходнім партнёрствам» можа аказацца больш інтрыгоўным. Такія-сякія саступкі Бруселю пэўна давядзецца рабіць. Патрэбны ж заходнія грошы.

А дзеля гэтага беларускаму начальству давядзецца падтрымліваць гульню, перыядычна паўтараючы замежным візіцёрам: так, мы гатовы быць вучнямі ў школе дэмакратыі, толькі не ганіце ў карак, не грузіце адразу найвышэйшай матэматыкай.

Беларуская грамадзянская супольнасць, эксперты могуць паўплываць на вызначэнне фармату «Усходняга партнёрства».

Так, свае прапановы сфармуляваў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. І яны вельмі адрозніваюцца ад падыходу тытульнай апазіцыі: хай, маўляў, спачатку ўлады зладзяць нам тут дэмакратычныя выбары і ўсё такое, а потым ужо пнуцца ў Еўропу.

На думку ж экспертаў BISS, ні ў якім разе «нельга перакрэсліць супрацоўніцтва і выкананне праектаў у межах палітыкі “Усходняга партнёрства” недарэчным вылучэннем палітычных перадумоў».

У дакуменце пад назвай «Што “Усходняе партнёрства” мусіць даць Беларусі?» зазначаецца:

«Што да такіх “праблемных” дзяржаў, як Беларусь, то праграма “Усходняга партнёрства” мусіць разглядацца як прылада рэструктурызацыі і змены ментальнасці, а не змены рэжыму» (адчуваю, як рвуцца пярэчанні з вуснаў многіх чытачоў:)

На думку экспертаў, варта «прасоўваць такія праекты, якія забяспечваюць рэформы, трансфармаванне грамадства, геапалітычнае і цывілізацыйнае прыцягненне Беларусі да Еўропы».

Так, у якасці аднаго з ключавых крокаў Бруселю прапануецца прасоўваць на двухбаковым узроўні прарыўныя праекты, скіраваныя на эканамічную лібералізацыю. Адзначаецца патэнцыял прадугледжанага праграмай Форуму грамадзянскай супольнасці. Падкрэсліваецца, што

«на ўсіх этапах усіх праграм неабходна заахвочваць і падтрымліваць дух і практыку партнёрства і супрацоўніцтва паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю».

Зрэшты, не буду пераказваць дакумент, які, да таго ж, не прэтэндуе на панацэю ды ісціну ў апошняй інстанцыі.

Трэба вывучаць ідэі і дыскутаваць пра тое, як зрабіць «Усходняе партнёрства» дзейсным. Увогуле — як ямчэй скарыстацца прыадчыненым сёння акном ў Еўропу, замацаваць кволую тэндэнцыю і ўрэшце забяспечыць інтэграцыю Беларусі ў Стары свет.

Самы час пераключацца з эмоцый на разважны сэнс. Тым болей што Лукашэнка ў Прагу, імаверна, не ляціць.

Каментары29

Цяпер чытаюць

Беспілотнік, які ўпаў у Мінску, прыляцеў з боку Барысава — шматлікія сведчанні14

Беспілотнік, які ўпаў у Мінску, прыляцеў з боку Барысава — шматлікія сведчанні

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскай Каменнай Горцы двое маладых хлопцаў нанеслі мужчыну больш за 130 удараў4

Жыхар Латвіі ехаў у Беларусь і пазнаёміўся з умовамі беларускага ізалятара для палітычных

Атака беларускіх кіберпартызанаў нанесла «Аэрафлоту» шкоду на 10—50 мільёнаў даляраў10

У Польшчы затрыманыя 32 чалавекі за супрацоўніцтва з расійскімі спецслужбамі. Сярод іх ёсць і беларусы4

Пра даляр, таннейшы за тры рублі, можна забыцца? Што адбываецца з курсам3

Гарадзенцы ў адным месцы зрэзалі адразу 114 баравікоў1

Анархісты сфармулявалі чатыры пункты, якія павінен выканаць Стрыжак, каб вырашыць канфлікт56

«Прыстроіць грошы, каб працавалі». Сумная гісторыя кавярні, якая «не ўзляцела»4

Лукашэнка будуе сакрэтны завод па вытворчасці дронаў у Мінску7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беспілотнік, які ўпаў у Мінску, прыляцеў з боку Барысава — шматлікія сведчанні14

Беспілотнік, які ўпаў у Мінску, прыляцеў з боку Барысава — шматлікія сведчанні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць