Гісторыя77

Канец дынастыі. Да 100-годдзя Вялікай рэвалюцыі ў Расіі

Піша гісторык Анатоль Сідарэвіч. 

8 сакавіка цяпер — гэта адпаведнік 23 лютага 1917 года. 8 сакавіка паводле новага стылю зацьміла 23 лютага 1917-га. Бальшавікі не любілі гэтую дату, бо для іх пачатак Вялікай рэвалюцыі і яе перамога былі нечаканасцю. Незадоўга да рэвалюцыі Ленін, прамаўляючы да маладых швейцарскіх сацыял-дэмакратаў, сказаў, што яго пакаленне да рэвалюцыі не дажыве.

Казаць так у Леніна былі важкія падставы.

У 1905 годзе рэвалюцыйныя сілы Расіі паставілі перад сабою надта амбіцыйныя мэты. Іх не задавальняў дасягнуты ў выніку Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі поспех — Маніфест 17 (30) кастрычніка аб удасканаленні дзяржаўнага парадку (а дакладней — ладу).

Мікалай ІІ вымушаны быў даць народу «непарушныя асновы грамадзянскай свабоды на пачатках сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў». Цар даў згоду на скліканне заканадаўчай Дзяржаўнай думы, надзяліўшы пры гэтым выбарчым правам «тыя класы насельніцтва, якія цяпер зусім пазбаўлены выбарчых правоў»: наёмных работнікаў, іудзеяў, мусульманаў ды інш. Усталёўвалася правіла: ніякі закон не мог уступіць у сілу без Дзяржаўнай думы. Дума надзялялася правам наглядаць за заканамернасцю дзеянняў пастаўленых царом уладаў.

Так, новаўведзенае выбарчае права было саслоўнае, няроўнае, ускоснае; так, партыі, прадстаўленыя ў Думе, не маглі фармаваць урад; так, урад не быў адказны перад Думаю, але само яе скліканне, сама магчымасць партыям мець парламенцкую трыбуну, выдаваць газеты азначала бясспрэчны прагрэс. Да гэтага Расія ішла без малога 100 гадоў — з таго часу, як ідэю Дзяржаўнай думы сфармуляваў Міхаіл Спяранскі.

Калі думаеш пра гісторыю Расіі, не можа не кідацца ў вочы, як перыяды рэформаў змяняюцца на перыяды контррэформаў, як гэтыя контррэформы выклікаюць рэвалюцыйны максімалізм, як максімалізм выклікае рэакцыю.

Мікалай ІІ быў не толькі законным, але і духоўным спадкаемцам свайго бацькі. Палітыка контррэформаў, якую пасля забойства Ігнатам Грынявіцкім цара Аляксандра ІІ вёў Аляксандр ІІІ, магла прынесці спакой толькі на пэўны час. 90-я гады ХІХ ст. і самы пачатак ХХ ст. азнаменаваны ў Расіі стварэннем шэрагу палітычных партый, у тым ліку нацыянальных. Гэта былі выключна рэвалюцыйныя, левыя партыі. Абачлівая буржуазія і буржуазная інтэлігенцыя стваралі гурткі ці аб’яднанні кшталту ліберальнага Саюза вызвалення, які толькі ў час Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай забастоўкі 1905 г. стане асновай Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі, партыі кадэтаў.

Ужо сам гэты факт, факт стварэння партый, гурткоў і Саюза вызвалення, павінен быў штурхнуць царызм на шлях рэформаў, але гэта адбылося толькі пасля таго, як у краіне пачаліся масавыя выступленні, калі бунты пачаліся нават у войску. Аднак Маніфест 17 кастрычніка 1905 года ўжо не мог задаволіць радыкальныя палітычныя партыі і групоўкі. Натхнёныя поспехам, яны жадалі большага. І не разлічылі свае сілы. І перабольшылі (у сваёй уяве) рэвалюцыйны патэнцыял і імпэт рабочага класа і сялянства.

Контррэвалюцыйны дзяржаўны пераварот 3 чэрвеня 1907 года, узначалены Пятром Сталыпіным, у палітычна-прававых адносінах адкінуў Расію назад. Выбарчага права былі пазбаўлены вялікія групы насельніцтва, сімвалам часу сталі сталыпінскі вагон і сталыпінскі гальштук (вяроўка). У самім рэвалюцыйным лагеры з новай сілай пачаліся расколы. Дастаткова сказаць, што ў расійскай сацыял-дэмакратыі, акрамя меншавікоў і бальшавікоў, паслядоўнікаў Георгія Пляханава і Льва Троцкага, з’явіліся ліквідатары, адзавісты, ультыматысты, богашукальнікі і богабудаўнікі. Усё гэта спараджала жорсткую палеміку і разлад. Першая сусветная вайна спарадзіла ў сацыял-дэмакратыі новыя плыні — паражэнцаў, абаронцаў, інтэрнацыяналістаў. Да таго ж вядомыя бальшавікі апынуліся калі не ў эміграцыі, дык у глухіх сібірскіх кутках.

Усё пералічанае не магло не спарадзіць песімізм Леніна. Значна рэалістычней на расійскае жыццё глядзеў ягоны і апанент і разам з тым дабрадзей, наш зямляк Аляксандр Гельфанд, больш вядомы як Парвус, як сапраўдны (разам з Троцкім) аўтар і рэалізатар ідэі Саветаў рабочых дэпутатаў. Ён бачыў, што Расія цяжарная рэвалюцыяй. Ён нават планаваў рэвалюцыю на 1916 год. Так, арганізауючы забастоўкі ў Расіі, ён памыліўся. Бальшавіцкая партыя аказалася няздольнай узначаліць нават сацыяльны (яшчэ не палітычны) пратэст рабочага класа.

Няўдача не спыніла Парвуса. У расійскай сацыял-дэмакратыі ён бачыў трох асоб: Уладзіміра Леніна, Льва Троцкага і Юлія Мартава. Мартаў, хоць і меншавік, быў даўні (з 1895 года) прыяцель Леніна, рэвалюцыянер, інтэрнацыяналіст, упэўнены ў тым, што сусветная вайна вядзе да грамадзянскіх войнаў і канца капіталізму. Яшчэ большым рэвалюцыянерам быў Троцкі. Да таго ж паражэнцам і, значыць, патэнцыйным саюзнікам Леніна. Але ў паражэнца Леніна была бясспрэчная перавага над Троцкім: у яго мелася якая-ніякая, але партыя. І ў сваім плане, прадстаўленым нямецкім уладам за два гады да Вялікай рэвалюцыі (9 сакавіка 1915 г.), Парвус прадбачыў, што бальшавіцкая партыя выведзе Расію з вайны. І раіў немцам зрабіць стаўку на бальшавікоў. І на вызвольныя рухі народаў Расіі, перш-наперш украінскага.

Некаторыя гісторыкі схільныя лічыць, што Вялікая рэвалюцыя пачалася не 23 лютага 1917 г., не з дэманстрацыі піцерскіх работніц супраць голаду (хоць голаду, сапраўднага голаду, а не перабояў у забеспячэнні харчамі, не было), а раней — 1 лістапада 1916 года, тады лідар кадэтаў Павел Мілюкоў выступіў у Думе з прамовай, у якой задаў пытанне: «Што гэта — глупства ці здрада?». Выдатны расійскі гісторык, па сутнасці, абвінаваціў царыцу Аляксандру і старшыню Савета міністраў Барыса Шцюрмера ў падрыхтоўцы сепаратнага міру з Нямеччынай.

Ужо даўно ў адной кнізе расійскага гісторыка я чытаў такое: тое, што ў 1825 годзе на Сенацкую плошчу выйшлі расійскія арыстакраты, сведчыла пра існаванне супярэчнасцяў паміж рускімі і нямецкай дынастыяй Гольштайн-Готарп-Раманавых. Аляксандр Герцэн так і пісаў: Расіяй мангольскімі метадамі кіруе нямецкая дынастыя. У час 1-й сусветнай вайны рускі нацыяналізм і германафобія канчаткова выйшлі на паверхню. Ва ўсіх няўдачах на фронце вінавацілі немцаў, якіх нямала было ў расійскіх уладных, гаспадарчых і вайсковых структурах, а таксама сапраўдных або ўяўных агентаў Нямеччыны. Галоўным жа агентам уплыву Нямеччыны ўважалі царыцу, сястру вялікага герцага Гесенскага Эрнста Людвіга. Прамова Мілюкова цалкам адпавядала грамадскім настроям і задала, як цяпер кажуць, мэйнстрым.

Пад увагу трэба ўзяць і такое паняцце, як легітымнасць, г. зн. згоду падданых на тое, каб хтосьці кіраваў імі. Легітымнасць Мікалая ІІ істотна падважылася ў ходзе расійска-японскай вайны, якую цар сам і развязаў дзеля таго, каб не праводзіць рэформы і ўмацаваць аўтарытэт дынастыі. Легітымнасць была падарваная настолькі, што спатрэбіліся надзвычайныя меры дзеля навядзення парадку ў дзяржаве. У 1913 годзе, калі адзначалася 300-годдзе дынастыі, здавалася, што ўвесь народ ці прынамсі яго праваслаўная бальшыня ў купе з лаялістамі іншых вызнанняў цалкам на баку манарха. Аднак ваенныя няўдачы ўсё больш аддалялі народ ад цара. Не толькі народ, але і вялікую частку палітычнай, эканамічнай і вайсковай эліты. Незадаволенасць Мікалаем выказвалі таксама земствы і органы гарадскога самакіравання. Апазіцыя цару выспела нават у доме Раманавых. І нават у Праваслаўнай царкве, у якой усё больш раздаваліся галасы за вяртанне да патрыяршай формы кіравання ёю.

Парвус меў рацыю: Расія была цяжарная рэвалюцыяй ці хоць бы паўстаннем.

Фрыдрых Энгельс пад канец жыцця асцерагаў нямецкіх сацыял-дэмакратаў наконт збройнага паўстання. І паказваў, якую небяспеку для саміх паўстанцаў яно нясе ў новы век, калі з’явіліся новыя віды ўзбраенняў і сувязі. З выказванняў Энгельса вынікае, што паўстанне апраўданае тады, калі на бок народа пераходзіць войска. Або захоўвае нейтралітэт. У 1905 г. войска было на баку цара (асобныя бунты не лічым). У лютым 1917-га войска ўжо не было на баку цара. 26 лютага (11 сакавіка) верныя цару часткі стралялі ў рабочых, але ўжо ў той самы дзень запасныя палкі Петраградскага гарнізона пачалі пераходзіць на бок народа, а 27 лютага (12 сакавіка) пачалося братанне салдат і народа.

Не кожнае паўстанне — рэвалюцыя. Стыхійныя выступленні рабочых і салдат яшчэ нельга было назваць рэвалюцыяй. І хоць 27 лютага было рэанімавана дзецішча Троцкага і Парвуса — Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, — хоць у той самы дзень у Петраградзе быў створаны Часовы выканаўчы камітэт Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў на чале з дэпутатам Думы меншавіком Мікалаем (Нікалозам) Чхеідзэ, гэта ўсё ж былі органы паўстання, а не ўлады.

Новы орган дзяржаўнай улады — Часовы камітэт Дзяржаўнай думы на чале з яе старшынёй Міхаілам Радзянкам — з’явіўся ў той самы дзень, калі быў створаны Часовы выканкам Саветаў. У склад гэтага камітэта ўвайшоў і М. Чхеідзэ.

Нягледзячы на актыўную ролю рабочых і салдат у лютаўскіх падзеях 1917-га, асмелюся ўсё ж сцвярджаць, што Вялікая рэвалюцыя ў Расіі была рэвалюцыяй вярхоў. «Умяшальніцтва Дзяржаўнай думы дало вулічнаму і вайсковаму руху цэнтр, дало яму сцяг і лозунг, і тым самым ператварыла паўстанне ў рэвалюцыю, якая скончылася звяржэннем старога рэжыму і дынастыі», — пісаў П. Мілюкоў.

Ад 23 лютага (8 сакавіка) да 2(15) сакавіка 1917 года, калі Мікалай ІІ зрокся пасаду, прайшло роўна сем дзён.



Каментары7

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра13

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі5

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?1

Статкевіч пра невядомае з падзей 2020 года і высновы з іх: Новую ўладу сфармуюць не тыя, хто эміграваў, а тыя, хто прыбярэ старую41

Масіраваная атака дронаў на Ленінградскую вобласць: пажар у порце і калапс у Пулкаве2

Ізраільскія пасяленцы напалі на палесцінскія вёскі на Заходнім беразе. Гэта адбылося пасля гібелі яўрэйскага падлетка11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра13

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць