Ежа3131

Цвілое, перамарожанае, уздзьмутае — вынікі праверкі кафэ Don Coffe шакуюць ФОТЫ

Карэспандэнт «Знамя Юності» з супрацоўнікамі гандлёвай інспекцыі Міністэрства гандлю адправіўся на праверку ў мінскае кафэ Don Coffe'on на вул. Зыбіцкай.

Цяпер яно ўжо прыпыніла сваю дзейнасць да ліквідацыі недахопаў і кантрольнай рэвізіі. Калі ўстанова прыме наведвальнікаў зноў — невядома.

— Пытанняў, па якіх мы правяраем, шмат, — распавядае начальнік аддзела кантролю па г. Мінску Упраўлення кантролю спажывецкага рынку Наталля Васілеўская. — Самыя праблемныя з іх, як паказвае практыка, — тэрміны і ўмовы захоўвання тавараў.

Падыходзім да кафэ. Знаходзіцца яно на вуліцы Зыбіцкай, у цэнтры горада. Ужо на шыльдзе заўважаем парушэнне.

— Пазначана, што кафэ 1-й нацэначнай катэгорыі. У нашай краіне выкарыстоўваюць класіфікацыю па класах, а не катэгорыях, — Наталля робіць пазнаку ў нататніку.

Калі верыць шыльдзе, кафэ сёння адкрываецца а 8-й раніцы. Вось толькі патрапіць туды каля 10-й гадзіны нам не ўдалося — дзверы зачыненыя. Праз некаторы час з'яўляецца адміністратар, і мы можам увайсці. У невялікім калідорчыку на сцяне — файлы з паперамі, гэта куток спажыўца. Няма да чаго прычапіцца.

Але на барнай стойцы не знаходзім шыльды з надпісам аб забароне продажу спіртных напояў асобам да 18 гадоў.

Пад барнай стойкай знайшлі кардонную каробку: у ёй апельсіны з абрэзанай лупінай.

— Аказваецца, іх выкарыстоўваюць для дэкору і прыгатавання фрэшу. Але гэтыя плады ўжо сапсаваныя, хоць пры правільным захоўванні маглі б дацягнуць да 28 студзеня, — Наталля Валяр'янаўна просіць аднесці знаходку на асобны стол. — У памяшканні 20 градусаў цяпла, а захоўвацца апельсіны павінны пры тэмпературы ад плюс 2 да плюс 6 градусаў. А ў іх да таго ж пашкоджаная лупіна.

Каля бара — невялікае складское памяшканне з халадзільнікам. Але сок у кардонных упакоўках выстаўлены чамусьці на паліцах.

— Мы ў кавярні з самай раніцы, а пяць пакетаў ўжо адкрытыя. Натуральна, гэта пратэрміноўка. Няўзброеным вокам відаць, што ўпакоўка ўздутая. Такая ж гісторыя вось з гэтым малаком. Яно таксама адкрытае і не ў халадзільніку. Калі такое малако дадаць у каву — карысці для здароўя не будзе.

Тут жа, у бары, знаходзім чай, тэрмін прыдатнасці якога даўно мінуў. Дарэчы, адзін кубак напою абыдзецца наведвальніку 25 тысяч рублёў.

Спускаемся на кухню. З першага погляду прэтэнзій няма — чыста. Учора ў кавярні быў санітарны дзень. Але пакеты з кавалачкамі хлеба, пакрытага цвіллю, адразу ж псуюць карціну.

— Такія хлебабулачныя вырабы не павінны захоўвацца са свежымі. Цвіль адназначна не ўчорашняя. Пакажыце якаснае пасведчанне і накладныя, — Наталля Васілеўская звяртаецца да загадчыцы.

Наталья Василевская с управляющим кафе ищут дату производства хлеба
Наталля Васілеўская з дырэктарам кавярні шукаюць дату вытворчасці хлеба

У гэты час намеснік начальніка гандлёвай інспекцыі Вольга Язвінская пачала правяраць змесціва халадзільнікаў і паліц:

— Незразумелыя абрэзкі мяса ў празрыстых цэлафанавых пакетах, як мне сказалі, выкарыстоўваюць для гатавання булёну. Але, хутчэй за ўсё, гэта рэшткі ад мясных страў. Маркіроўка, як бачыце, адсутнічае. А пірожныя цірамісу выкінуць пара даўно. Калі верыць стыкеру, дэсерту больш за месяц, хоць захоўвацца ў гатовым выглядзе ён можа толькі 48 гадзін.

Знаходзім даўно пратэрмінаваную кілбасу. З лютага 2015 г. ўжываць яе ў ежу нельга.

— Нашто яна вам? — цікавіцца ў шэф-кухара Наталля Валяр'янаўна, — у расольнік і салянкі дадаваць? Можаце складаць у скрыню і выносіць у залу.

— І вось гэты сыр вазьміце. Цвіль на ім відавочна не высакародная.

Бляха з гатовай піцай таксама бянтэжыць спецыялістаў з Мінгандлю. Прыгатаваць сёння раніцай яе дакладна не паспелі б, а значыць, як мінімум ноч яна ўжо перабыла.

У адным з халадзільнікаў знаходзім малочныя прадукты ў адкрытых гарлачах, а побач у пластмасавым вядры адварную бульбу.

— Загадзя яго нельга гатаваць, — удакладняе Наталля і звяртае ўвагу на шалі, якія стаяць побач: — Бачу, што яны не прайшлі метралагічны кантроль. Адсутнічае рознакаляровая галаграма, якая б гэта пацвердзіла.

Адкрываем маразільную камеру для захоўвання гародніны і садавіны. Намеснік начальніка аддзела выносіць рондаль з адваранымі кілбаскамі і бляху з дранікамі:

— Кафэ адкрылася а 10:05. А дранікі ўжо паспелі застыць — відавочна іх прыгатавалі ўчора. Але каб пазбегнуць адказнасці, іх прамаркіравалі стыкерамі з сённяшняй датай.

— А гэтыя дрожджы выкарыстоўваюцца для піцы? — удакладняе кантралёр у шэф-кухара і атрымлівае сцвярджальны адказ. — Дык яны ж пратэрмінаваныя.

Адшукаць столькі недабраякасных прадуктаў спецыялісты ніяк не чакалі. Сталы на кухні запаўняліся пратэрмінаванай ежай. На чарзе — сасіскі.

— Вырабілі іх 26 чэрвеня, тэрмін прыдатнасці — 20 сутак. Лістапад на двары.

Затым на стол выкладваюць сельдэрэй, парэй, некалькі вядзерцаў морквы па-карэйску.

— І на закуску — кумпяк сыравялены, — выносіць знаходку з халадзільніка Вольга. — Учора-пазаўчора тэрмін прыдатнасці скончыўся.

— Мой любімы фрукт таксама пратэрмінаваны? — Наталля разглядае фізаліс. — Так! І ён. І ніякай інфармацыі на рускай або беларускай мовах. Можна паглядзець пасведчанні якасці на ўсю зеляніну?

— А гэта што? — паказвае Вольга Язвінская на нешта круглае дзіўнага колеру.

Апазнаць прадукт пад пластом цвілі практычна немагчыма. Калісьці гэта быў гранат.

Адкрываю халадзільнік з надпісам «Рыба». На ніжніх паліцах знайшлося месца для кантэйнераў з замарынаваным курыным філе. Але мясныя і рыбныя паўфабрыкаты павінны захоўвацца асобна.

— Нядаўна зламаўся адзін з халадзільнікаў. Гэта вымушаная мера, — апраўдваецца работнік кавярні.

Першая знаходка ў маразільнай камеры для мяса здзіўляе. Бляха з гатовымі сырнікамі. Унізе — замарожаны гарбуз. Па тэхналогіі паступаць так нельга.

— А гэтую бараніну пастаўшчыкі прывезлі для «проработки», — каментуе ўладальнік установы Сяргей.

— Але без дакументаў якасці вы не маеце права нічога прымаць, нават на «проработку». А гэтая пратэрмінаваная пячонка захоўваецца ў халадзільніку з нармальным мясам. Павінна быць асобная камера для браку.

Тут жа знаходзім некалькі упаковак мацарэлы. Замарожаных. Хоць гэты сыр выдатна захоўваецца пры тэмпературы +4. Пра гэта напісана на абгортцы.

— Нам прапануюць замарожаную ласасёвую ікру, — жартуе Наталля і выносіць з камеры сем слоікаў далікатэсу. — Навошта яе замарожваць, калі яна паступіла ў кафэ ўсяго месяц назад?! Тэрміны скончацца толькі праз пяць месяцаў.

І зноў кілбаса. Прычым шмат, і імпартная. Пазбавіцца ад яе трэба было ў жніўні. Знаходзім яшчэ гатовыя стравы ў аднаразовых кантэйнерах і бужаніну са свініны. Яна зроблена 15 жніўня, а тэрмін прыдатнасці — 20 сутак. У гэтай жа маразілцы некалькі падносаў з замарожаным хлебам і булкамі для тостаў. І зноў без маркіроўкі.

— Трэба абавязкова праверыць курыныя яйкі, — Наталля вяртаецца ў камеру для захоўвання гародніны. — Так і думала. Тэрмін прыдатнасці скончыўся. Больш шасці латкоў можна выносіць з халадзільніка, ужо не спатрэбяцца. Перапёлчыны пакідаем, яны свежыя.

Агляд халадзільнікаў завершаны. Зараз спецыялістам гандлёвай інспекцыі трэба апісаць усе пратэрмінаваныя прадукты, прагледзець неабходныя дакументы і скласці акт.

— Кожны наведвальнік мае права патрабаваць пасведчанні якасці на прадукты, якія ўваходзяць у склад замоўленай стравы. Адмовіць не павінны. Калі ўзнікаюць сумневы, не саромейцеся пра гэта казаць і прасіць дакументы ў персаналу, — раіць Вольга Язвінская.

Вяртаемся ў залу. Начальнік аддзела кантролю Наталля Васілеўская просіць дырэктара прадставіць санітарныя кніжкі ўсіх супрацоўнікаў. На той момант дакументаў ва ўстанове не аказалася.

Наталля адназначна заяўляе: кафэ прыпыніць дзейнасць мінімум на два тыдні. Хоць, вядома, ліквідаваць усе недахопы могуць і раней.

Акт аператыўнай праверкі кафэ Don Coffe'on заняў 15 старонак. Там пазначаныя ўсе парушэнні і сумы штрафаў па кожным з іх. Сумарны штраф склаў больш за 19 мільёнаў рублёў.

Каментары31

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве на наступным тыдні адчыніцца кніжная крама фонду «Камунікат»2

Украіна папрасіла Турцыю арганізаваць саміт паміж Зяленскім і Пуціным3

Сіноптыкі паабяцалі мокры снег у наступныя дні

Масква пужае Арменію: праз збліжэнне з ЕС Арменія страціць 30% эканомікі3

Такер Карлсан выбачыўся за падтрымку Трампа9

Стваральнікі Max кажуць, што ў іх месенджары зарэгістраваліся 1,3 мільёна беларусаў7

Лукашэнка даручыў пастрожыць падрыхтоўку кіроўцаў у аўташколах16

Нацбанк выпусціў манету з 12 гранямі, якая каштуе 23 тысячы рублёў1

34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА23

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць