Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры

1984: прысмак гарадзенскай кавы

На Дзень Усіх Сьвятых я пачаў працаваць у абласной газэце, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.

Так, гэта было менавіта ўвосень 1984‑га. Назва раману нам была вядомая, сам ён таксама трапіў у нашыя рукі потым досыць хутка, ніхто ня мог чакаць. Пераклалі і выдалі… Што да кавы, не было замкавай кавярні дзесь у лёхах, пра якія пісаў у сваім рамане Караткевіч, не было на скрыжаваньні, дзе пажарная вежа, што нагадвае мінарэт. Усё было банальна‑растваральна.

Але вернемся ў газэту. Рэдактар даў мне «вольну рэнку» (атрымалася крыху на трасянцы): напішы што хочаш, а ён тады вырашыць — браць цябе ці не. Рэдакцыя была побач з чыгункай, па якой самотна хадзіў на захад кароткі беластоцкі цягнічок. Мой будучы пакой быў вузкім, палову займаў начальнік разам са сваім сабакевіцкім сталом на калодках. Цяпер у суседнім вакне — вулічны банкамат, чарга.

Я вярнуўся тады ў Ліду да бацькоў і напісаў два тэксты. Адзін чамусьці пра творчасьць Быкава, якога чытаў студэнтам, але ня так шмат. Зрэшты, успамінаецца, што першым разам даведаўся пра яго яшчэ ў прыбалтыйскай школе: настаўніца літаратуры Іраіда Ленкявечэне любіла, каб мы дапамагалі ёй чытаць уголас, наколькі памятаю, «Сотнікава» з часопіса. Напэўна яшчэ мяне падштурхнула тое, што ў рэдакцыі некалькі гадоў таму працаваў сам Васіль Быкаў. Але тым больш авантурна здавалася пісаць пра тыя творы, якія тут ведалі лепей за мяне.

Зрэшты, я пачаў займацца, скажам, менавіта літаратурнай крытыкай — да прыезду ў Горадню, друкаваўся ў «ЛіМе» студэнтам. Але сваё пісаць цікавей, кажу я вам, даўно падзяляю творы на тыя, што мне падабаюцца і якія не падабаюцца, ды не навязваю нікому сваіх ацэнак, свайго кепскага настрою, дрэннага характару, галаўнога болю, сваёй жоўці.

Другі тэкст быў пра лідзкага чалавека, у апошнюю вайну — францускага макі — нават у сталым веку пагляднага, высокага. Сам ён быў з Расеі, уцёк з палону, партызаніў хіба на поўначы Францыі. Успамінаецца цяпер Вэркор… Як трапіў у Ліду, ня памятаю, але чалавек быў знаходкай для журналіста. Яго мне параіла мая мама, яна працавала ў музэі і ведала такіх цікавых людзей.

Рэдактар пачытаў мае тэксты і сказаў дазвольна: паняцьце маеш. Прыблізна так, здаецца. Сам ён, зрэшты, што да журналістыкі, зорак зь неба не хапаў. У яго была іншая роля. Але я да ўсіх людзей, што спрыялі мне, захоўваю ўдзячнасьць, нават калі яны часам могуць не любіць мяне за мае «Пагоню», «Свабоду» ці «Нашу Ніву». Хаця я магу й памыляцца. Няўдзячнасьць у такіх справах — гэта сьвінства, кажу я вам. Дрэннае ўражаньне робяць тыя, хто схапіў раптам Бога за бараду…

Каментары

Цяпер чытаюць

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска

Усе навіны →
Усе навіны

У Літве ўрачыста адзначылі 100‑годдзе былога прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Быў і сам юбіляр ФОТЫ1

У Мінску кіроўца наляцеў на машыну, якую гаспадар рамантаваў пасярод вуліцы ВІДЭА3

У Дубровенскім раёне лось выбег на дарогу перад маршруткай з пасажырамі1

У Літву не ўпусцілі 7 тон беларускіх радыеактыўных лісічак6

Хутчэйшага разгляду заяў на польскі ДНЖ беларусам чакаць не варта, але тэрмін дзеяння праязных дакументаў могуць падоўжыць5

Самы багаты беларускі бізнэсмен закрывае сваю самую буйную кампанію

ЗША забаранілі дзяржаўным ведамствам выкарыстоўваць софт Acronis, зроблены выхадцамі з Расіі1

За адзін дзень сем авіялайнераў у Еўропе атрымалі паведамленні пра бомбу на борце1

Пашынян заявіў пра намер падаць заяўку ў Еўрасаюз у 2027 ці 2028 годзе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска

Падчас адпачынку ў В'етнаме памерла 69‑гадовая беларуска

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць