Любая колькасьць завезенага ў краіну імпартнага ячменю будзе цяпер разглядацца як карупцыя й нанясеньне страты дзяржаве й сялянству.
А.Лукашэнка адмыслова сабраў нараду па пытаньнях загатоўкі ячменю, каб папярэдзіць кіраўніцтва піваварных заводаў аб недапушчальнасьці закупкі ячменю за мяжой. Валавы збор гэтай культуры ў Беларусі ў гэтым годзе склаў 320 тысячаў тон. Цяпер беларускія бровары мусяць закупаць толькі айчынны ячмень.
Спажываньне піва ў краіне расьце (сёлета — на 30%), аб’ёмы экспарту беларускага ячменю за мяжу таксама павялічваюцца. Але айчынныя заводы наракаюць, што буйныя партыі беларускага ячменю не дацягваюць да стандартаў. Дык што ж, будзем піць бурду, затое прэзыдэнцкая праграма імпартазамяшчэньня будзе выкананая.
У Беларусі цяпер 15 піваварняў, праўда, адна зь іх — Мазырская — выпускае цяпер толькі безалькагольныя напоі.
▶
Доля вытворцаў піва ў Беларусі, 2005 год (у адсотках):
ААТ «Крыніца» — 50,4
ААТ «Лідзкае піва» — 12,4
ААТ «СП ТАА Рэчыцапіва» — 10,0
ААТ «Аліварыя» — 9,2
ААТ «Берасьцейскае піва» — 8,5
ААТ «Полацкае піва» — 3,1
Гарадзенскі бровар — 1,4
Магілёўскі бровар — 1,3
Аршанскі бровар — 1,0
Бабруйская бровар «Сябар» — 0,9
ААТ «Маладэчнапіва» — 0,6
Слуцкі бровар — 0,6
ААТ «Віцебскае піва» — 0,3
СТАА «Дзвінскі бровар» — 0,1
Каментары