Архіў

Намоленае месца

Ужо чатыры месяцы, штодня на ганку касьцёлу Сьвятога Язэпа ў Верхнім горадзе а 19-й зьбіраецца купка людзей. Яны моляцца, каб Госпад і ўлады вярнулі ім сьвятыню.

Піша Сяргей Харэўскі.

У 1990-м самую вялікую па плошчы культавую будыніну сталіцы фармальна перадалі грэка-каталікам, якія і зарэгістравалі па гэтым адрасе парафію Сьвятога Язэпа. Аднак архівы з будынку — тут месьцяцца Архіў-музэй літаратуры і мастацтва і Архіў навуковай дакумэнтацыі — ніхто ня вывез. Нейкі час уніяты маліліся ў капліцы ў колішніх гандлёвых радах, покуль іх адтуль у 1995 г. ня выгналі. Сёньня парафія Сьв.Язэпа ня мае сродкаў, каб правесьці аднаўленьне касьцёлу. Таму уніяты адракліся правоў на яго, разьлічваючы наўзамен атрымаць дзялку й дазвол на будаўніцтва ўласнае капліцы ў Менску. Не атрымалі нічога.

Сёлета з ініцыятывай вяртаньня каталікам бажніцы, якая налічвае 380-гадовую гісторыю, выступілі рыма-каталікі. У Менску зарэгістравана рыма-каталіцкая парафія Сьв.Язэпа. Таму Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў накіравала ліст да кіраўніцтва краіны з просьбаю аб перадачы касьцёлу вернікам.

Колькасьць вернікаў расьце, на Вялікдзень у касьцёлы ня ўбіцца, таму бажніца Сьв.Язэпа будзе ім цалкам дарэчы. Да таго ж, у Менску да сёньня няма ніводнага каталіцкага манастыра. Яго ўзьнікненьне — толькі пытаньне часу, а таму бэрнардынскі кляштар надаўся б як найлепей у гэтай справе.

Ёсьць і іншы клопат: новыя пражэкты рэканструкцыі старога Менску пужаюць тых, каму неабыякавы лёс помнікаў.

Паводле адных зьвестак, з колішняга кляштару бэрнардынаў зьбіраюцца зрабіць бізнэс-цэнтар, паводле іншых — перадаць РПЦ. Ведаючы, як робяцца апошнім часам у нас рэстаўрацыйныя работы, можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што ў лепшым выпадку гэта будзе пахабны «эўрарамонт». Ужо цяпер з касьцёлу паскідалі керамічную дахоўку, каб замяніць на модную мэталадахоўку.

Сумны лёс напаткаў могілкі XVII—XVIII ст., так званыя «бэрнардыны», што месьціліся на цьвінтары Сьв.Язэпа. У мінулыя часы сьвятароў ды вядомых асобаў заўжды хавалі проста ля сьвятыняў. Рэшткі кладоў былі зьнішчаны ў 2002 годзе падчас будаўніцтва піўнога рэстарану на месцы колішніх гандлёвых радоў «Віленчукоў».

Між тым будынак унікальны. Адмыслоўцы перакананыя, што пад слаямі тынку й фарбы на сьценах засталіся старажытныя росьпісы XVII—XVIII ст. Менск мог бы аднавіць самы старажытны інтэр’ер сьвятыні. Тыя, хто дбае пра вяртаньне храму, ня маюць адказу ад уладаў. Пры гэтым яны пачуваюцца самотнымі, бо ксяндзы таксама адмоўчваюцца... На вуліцы моляцца людзі без сваіх сьвятароў.

Кляштар бэрнардынаў быў заснаваны ў Менску ў 1624 г. па фундацыі краснасельскага старосты Андрэя Кансоўскага і ягонага брата Яна, паводле якой манахам перадаваўся драўляны дом на ўсходнім баку Верхняга рынку. У 1630-х гадах бэрнардыны пабудавалі драўляныя касьцёл і канвэнт на рагу кварталу, утворанага рынкавай плошчай і Вялікай Бэрнардынскай. Да 1652 г. былі ўзьведзены мураваныя будынкі, а ў 1752 г. пабудовы набылі цяперашні выгляд. Пры канцы XVIII ст. кляштар складаўся з касьцёлу й далучанага да яго жылога корпусу, некалькіх флігеляў, трапезнай, школы, шпіталю, стайні, бровару ды шэрагу гаспадарчых пабудоў. Утвораны ім квартал быў абнесены высокай каменнай агароджай з брамамі, галоўная зь якіх — перад касьцёлам — мела трохпралётную кампазыцыю, завершаную «вазонамі вытачанымі». Пасярэдзіне кляштарнага двара быў выштукаваны сонечны гадзіньнік. Менскі комплекс прадстаўлены на мапе бэрнардынскіх канвэнтаў, гравіраванай у Нясьвіжы Гіршам Ляйбовічам у 1760-я гады. Кляштар звычайна насялялі 20 законьнікаў. Пры ім дзейнічала школа філязофіі, пачатковая школа сыстэмы Бэла-Ланкастэра. Бібліятэка кляштару лічылася найбуйнейшай у Менску.

Маршалак літоўскі і віленскі кашталян Крыштаф Завіша, які за вялікія грошы вымураваў у 1676 г. капліцу, спачывае ў сутарэньнях касьцёлу разам з братам Андрэем і сынамі Янам Казімерам і Юр’ем. У крыпце пахаваныя таксама прадстаўнікі вядомых родаў Кансоўскіх ды Тышкевічаў. На 1864 г. кляштар заставаўся апошнім дзейным з васьмі мужчынскіх каталіцкіх кляштараў Менску. Але 29 жніўня 1864 г. пасьля здушэньня паўстаньня і ён быў скасаваны. Будынак аддалі праваслаўным, якім не хапала «спэцыялістаў», каб «асвоіць» усё рэквізаванае, таму пасьля пажару 1872 г. прыстасавалі пад архіў. Пасьля гэтага шыкоўны франтон касьцёлу разабралі, дах панізілі. У кляштарных жа карпусах разьмясьціліся кашары Каломенскага пяхотнага палка й дзяржаўная сьледчая камісія. Багаты дэкор дзевяці аўтароў быў зьнішчаны. Толькі ў 1983 г. знадворны выгляд касьцёлу быў рэстаўраваны.

Каментары

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Еменскія хусіты заявілі пра сваё далучэнне да вайны супраць Ізраіля4

Беларуская чыгунка закупіць 20 кароткіх электрычак на 4 вагоны. Вось што пра гэта вядома8

Трамп хоча перайменаваць Армузскі праліў у свой гонар9

Былыя жонка і дзяўчына Пратасевіча аб’ядналіся і прыйшлі да яго новай нявесты, каб адпомсціць. І пагражаюць судом29

Фінляндыя ініцыявала праверку, ці сапраўды аплачаная Еўропай амерыканская зброя ідзе Украіне

Вядомая расійская спявачка і яе беларускі муж, дарадца Кадырава, перавялі на лячэнне трохгадовай Ксюшы з СМА больш за 100 тысяч еўра4

Трамп прэзентаваў залаты трактар16

Гэтая актрыса атрымала найбольш «Оскараў» у гісторыі — але ніколі не прыходзіла іх атрымліваць3

У Варшаве сёння вялікі Марш да Дня Волі, панясуць 330‑метровы бел-чырвона-белы сцяг10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць