Архіў

Ізаляцыя краіны замест ізаляцыі рэжыму

Эўразьвяз пакуль што не гатовы разглядаць Беларусь як незалежную дзяржаву. Ён пагадзіўся з існаваньнем малюсенькай расейскае зоны ўплыву на ўсходзе Эўропы. Як іначай растлумачыць праект «Палітыкі эўрапейскага суседзтва» і той факт, што ў праграмах фінансавае дапамогі суседзям Зьвязу Беларусь займае апошняе месца? На мінулым тыдні Эўракамісія апублікавала праект стратэгіі «Палітыка эўрапейскага суседзтва», у якой адлюстроўваюцца прынцыпы супрацоўніцтва Эўразьвязу зь яго новымі суседзямі на ўсходзе і на поўдні. Тыя, хто чакаў ад Эўракамісіі больш канкрэтных плянаў супрацоўніцтва зь Беларусяй, былі зноў расчараваны: далей за звычайную канстатацыю праблем мэмарандум не пайшоў. Беларусь фактычна выключаецца з кола партнэраў Эўразьвязу.

У новай стратэгічнай паперы Эўракамісіі Беларусі ў параўнаньні зь іншымі суседзямі адведзена нязначнае месца. Ствараецца ўражаньне, што Эўракамісія з задавальненьнем абмінула б Беларусь увогуле. Але ж зусім забыцца на існаваньне незалежнай дзяржавы з даўжэзнай супольнай мяжой не выпадала — вось і давялося, як заўсёды, абмежавацца агульнымі фразамі.

Як і належыць, умовай больш шчыльнага супрацоўніцтва Беларусі са Зьвязам было названа ўвядзеньне дэмакратычнай формы кіраваньня і правядзеньне вольных і справядлівых выбараў. А пакуль гэтага няма, Эўразьвяз быццам бы мае намер разглядаць шляхі падтрымкі грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі.

З патрабаваньнем Эўракамісіі пра вольныя выбары можна толькі пагадзіцца, бо недэмакратычная сыстэма кіраваньня — гэта адна з галоўных перашкод для разьвіцьця краіны. Толькі вось пытаньне ў тым, што да іншых краін-партнэраў Эўразьвяз прымяняе зусім іншыя стандарты. Ну ці ж можна казаць пра «дэмакратычнасьць» Палестынскае аўтаноміі, урад якой знаходзіцца ў руках тэрарыстаў? Альбо пра якую павагу да правоў чалавека можна казаць у выпадку Расеі, дзе ў выніку крамлёўскіх войнаў Чачэнская Рэспубліка страціла чвэрць свайго насельніцтва?

Двайныя стандарты, якія выкарыстоўваюцца Эўразьвязам, наводзяць на думку, што ёсьць іншыя, куды больш важкія прычыны байкатаваньня Беларусі. Галоўная зь іх — Заходняя Эўропа пакуль што не гатова разглядаць Беларусь як незалежную дзяржаву. Эўразьвяз пагадзіўся з існаваньнем расейскае зоны ўплыву на ўсходзе Эўропы, але ў найменшым выглядзе. Гэтай зонай і ёсьць Беларусь. Эўразьвяз, вядома, гэтага ўголас ня кажа, бо неяк няёмка эўрапейскім лібэралам прызнаваць існаваньне ў XXI ст. падзелаў Эўропы на зоны ўплыву ялцінскага тыпу. Але ж злаваць Расею зь яе паталягічна імпэрскім стаўленьнем да Беларусі Эўразьвяз не адважваецца. Вось і даводзіцца Эўракамісіі абмяжоўвацца агульнымі фразамі і абяцаць «разгледзець пытаньні далейшага супрацоўніцтва»… Знаёмы стыль усіх бюракратаў, галоўная задача якіх — «забалбатаць» праблему.

Вось і маем, што замест ізаляцыі недэмакратычнага рэжыму адбываецца ізаляцыя краіны. А як яшчэ можна растлумачыць той факт, што ў праграмах фінансавае дапамогі суседзям Зьвязу Беларусь займае апошняе месца, саступаючы нават такім краінам, як Сырыя ці Ліван? Гэтае ігнараваньне Беларусі ніякім дэфіцытам дэмакратыі не растлумачыць. Для таго каб спрасьціць візавы рэжым, аздараўляць беларускіх дзетак, падтрымліваць незалежную нацыянальную адукацыю або арганізоўваць праграмы абмену паміж сем’ямі, згоды афіцыйнага Менску ня трэба. А такія праграмы і былі б менавіта той падтрымкай дэмакратыі ў Беларусі, якой нам так не стае. Сам факт, што нашу краіну ведаюць, зь ёй лічацца і ўспрымаюць як партнэра, меў бы велізарнае значэньне для разьвіцьця грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі. А пакуль што Беларусь пачуваецца як той запозьнены наведвальнік кіно: адшукаць сваё месца ў залі, «свой пачэсны пасад між народамі», замінае цемра, бо фільм ужо пачаўся. А тыя, хто пасьпеў зручна ўсесьціся, крычаць: сыдзі, не замінай!

Але ж розгалас пасьля публікацыі стратэгічнай паперы паказаў, што ня ўсе краіны Эўразьвязу, прынамсі сярод яго новых сяброў, падтрымліваюць ізаляцыю Беларусі. Нашы суседзі ва Ўсходняй Эўропе маюць уласны досьвед існаваньня за жалезнай заслонай і разумеюць шкоду ізаляцыянісцкіх падыходаў для дэмакратыі. Вядома, што Польшча выступае за шырэйшае супрацоўніцтва Эўразьвязу зь Беларусяй. Магчыма, у пашыраным Эўразьвязе ў Беларусі зьявяцца сябры. Гэта будзе азначаць, што пашырэньне Зьвязу мела для Беларусі і станоўчыя бакі.

Сяргей Вінаградаў

Каментары

Цяпер чытаюць

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве41

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве

Усе навіны →
Усе навіны

Дзмітрый Семчанка: Я прыйшоў у пул Лукашэнкі біцца з Расіяй35

Кіраўніца бізнэс-асацыяцыі АВВА фактычна інвеставала грошы пад адмоўны працэнт. І заклікае да таго ж іншых24

Пяць тысяч руж і новыя экасцежкі: як зменіцца Партызанскі раён сталіцы гэтай вясной

Нафтаправод у раёне Прыморска пашкоджаны ноччу дронамі. Парты Усць-Луга і Прыморск другі тыдзень не прымаюць нафту3

Трамп заявіў пра ўнікальнае выратаванне абодвух пілотаў F-15 з глыбіні іранскай тэрыторыі6

Скарына як макулатура. Пра што сведчаць аркушы беларускага друкара ўнутры чужога пераплёту?

Уролаг патлумачыў, як праяўляецца мужчынскі клімакс, чым ён небяспечны і што рабіць2

«Тут немагчыма сустрэць п’яных». Беларус расказаў, як жыве на іншым баку зямнога шара4

Расійская шпіёнка была ў адносінах з трансгендарнай амерыканкай, якая працавала на ўкраінскую разведку12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве41

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць