Архіў

Бітва за ўласнасьць ФПБ

№ 35 (297), 20 верасьня 2002 г.

Бітва за ўласнасьць ФПБ

Зьезд прафсаюзаў праходзіць пад лёзунгам
змаганьня з карупцыяй у арганізацыі

18—19 верасьня ў Менску прайшоў чацьвёрты зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Гэты форум мусіў зацьвердзіць старшыню ФПБ, вызначыць кірункі разьвіцьця аб’яднаньня на 2002—2005 г. Аднак галоўнай інтрыгай застаецца барацьба за прафсаюзную ўласнасьць, разгорнутая Леанідам Козікам. Канкрэтным яе ўвасабленьнем на зьезьдзе стаўся “антыкарупцыйны” даклад Рэвізійнае камісіі ФПБ ды прысутнасьць прадстаўнікоў пракуратуры.

Новы старшыня пачаў сваю дзейнасьць з кадравых зьменаў. У адстаўку найперш пайшлі прафсаюзныя чыноўнікі, што мелі справу з уласнасьцю. Зьдзіслава Зайкоўскага на пасадзе старшыні “Дырэкцыі па кіраваньні ўласнасьцю ФПБ” замяніў выхадзец з Магілёўшчыны Валеры Вішнеўскі. Выкінуты з ФПБ й Анатоль Садоўскі, начальнік гаспадарчага ўпраўленьня УП “Дом прафсаюзаў”, якое займалася матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньнем і абслугоўваньнем ФПБ. Яго зьвінавацілі ў злоўжываньні службовым становішчам: чыноўнік, сцьвярджаюць у Фэдэрацыі, уладкаваў на працу дачку, якая працаваць не зьяўлялася, а заробкі атрымлівала. Пасьля таго як А.Садоўскі вярнуў у казну “заробленыя” такім чынам паўтары тысячы даляраў, зь ім ціхай сапай разьвіталіся.

Зь верасьня пачалася актыўная прапагандысцкая кампанія супраць ранейшага кіраўніцтва ФПБ, якое, нібыта, злоўжываючы службовым становішчам, незаконна прадавала ці здавала ў арэнду ўласнасьць прафсаюзаў. Так, 10 верасьня на сустрэчы з дэлегатамі ад Магілёўскай, Менскай абласьцей і Менску адкрыліся “новыя факты незаконнага продажу і здачы ў арэнду прафсаюзнай уласнасьці прыватным асобам з прамой шкодай для прафсаюзаў. Падымаецца пытаньне пра калектыўную адказнасьць Прэзыдыюму Рады ФПБ за дапушчаныя парушэньні і злоўжываньні”, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні прэсавай службы ФПБ.

Якія ж факты пацьвярджаюць “карумпаванасьць” ранейшага кіраўніцтва ФПБ? Найперш — продаж прафсаюзнага банку “Прафбанк”. Заснавальнікамі яго былі 52 прафарганізацыі, аднак цяпер прафсаюзы маюць толькі 2% акцыяў. У Калядзічах была некалі прамысловая база, якую прадалі за мільён даляраў, а куды пайшлі грошы — невядома. Ня скончаны й лягер каля Радашкавіч, дзе меркавалася аздараўляць 500 чарнобыльскіх дзяцей. Ягоныя збудаваньні, паводле інфармацыі БТ, ужо ні на што ня вартыя. Яшчэ сьцьвярджаецца, што былы старшыня Ўладзімер Ганчарык перадаў прадстаўніцтву Ўсеагульнай канфэдэрацыі прафсаюзаў за кошт нявыплачаных унёскаў 180 кв.м. гатэлю “Арбіта” — даччынага прадпрыемства ФПБ.

А пасьля, калі ўзначаліў тое прадстаўніцтва, нібыта здаваў тыя мэтры ангельскай фірме, атрымліваючы немалы прыбытак. Былы кандыдат у прэзыдэнты пацьвердзіў факт: “Гэта была абсалютна законная перадача. Мы не маглі плаціць унёскі, таму і перадалі памяшканьні — гэта нармальна”. “Цяжка сказаць, наколькі гэта нармальна — аддаваць беларускую ўласнасьць за так, у лік пагашэньня нейкіх узносаў, — казаў камэнтатар БТ 16 верасьня. — Няўжо сяброўства ва Ўсеагульнай канфэдэрацыі прафсаюзаў было жыцьцёва неабходнае беларускім прафсаюзам? Ці, можа, нехта проста спрабаваў падрыхтаваць для сябе запасную намэнклятурную пасаду?”

Камень кінуты відавочна ў Ганчарыка. Таксама, як і абвінавачаньне, што ён прадаў сыну краму на вуліцы Мельнікайтэ па 20 даляраў за кв.м., хоць насамрэч мэтар каштуе там ня менш за 300 даляраў.

ФПБ працуе на закрыцьцё менскага прадстаўніцтва УКП па Беларусі, Украіне і Малдове “як надуманай і бязьдзейнай структуры”. Гэтую ініцыятыву ўпершыню агучыў Леанід Козік на зьезьдзе Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі ў Маскве 12 верасьня.

Абвяргае Ганчарык і інфармацыю, што ў ягоную бытнасьць старшынём ФПБ прададзены “Прафбанк”: “Ніякага продажу не было. Была элемэнтарная падпіска. Нацбанк спрабаваў адклікаць ліцэнзію (тады трэба было 2 млн. экю статутнага фонду), мы даганялі патрэбную суму. Калі прафсаюзы выдыхліся, давялося рабіць падпіску на акцыі. Хто ўдзельнічаў у падпісцы, той і атрымаў кантрольны пакет”.

Відавочна, што “антыкарупцыйны” скандал у ФПБ будзе мець працяг. Наколькі сур’ёзны даклад Рэвізійнай камісіі — стане відаць пасьля зьезду, па рэакцыі пракуратуры.

Ва ўласнасьці ФПБ на сёньня знаходзіцца 17 санаторыяў, пансіянатаў ды дамоў адпачынку, 18 турбазаў і гатэляў, 3 палацы культуры, Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў і яго філіі ў Гомелі ды Віцебску, два навучальныя цэнтры, шэраг спартовых, вытворчых арганізацыяў. Агульны кошт прафсаюзнай уласнасьці ацэньваецца ў 103 млрд. рублёў. У распараджэньні рэгіянальных структураў ФПБ маецца яшчэ больш як на 8 млрд. рублёў асноўных сродкаў.

Фэдэрацыя атрымлівае неблагія прыбыткі. Разгледзім гэта на прыкладзе “Беларустурысту” — ейнае ўласнасьці. ГЭУП “Беларустурыст” аб’ядноўвае 22 даччыныя прадпрыемствы: 9 гасьцініцаў і 9 аздараўленчых комплексаў, 9 рэстаранаў на 2155 месцаў, 32 бюро падарожжаў і экскурсіяў, 6 аўтапрадпрыемстваў. У 2001 г. балянсавы кошт ягоных асноўных фондаў склаў 59,4 млрд., рэшткавы — 36,8 млрд. рублёў. Уведзена новых асноўных фондаў на суму 1,5 млрд. рублёў, выканана на 1,1 млрд. рублёў будаўнічых працаў. УП “Менсктурыст” абслугоўвае да 200 тысячаў экскурсантаў за год.

Глеб Хмяльніцкі


Каментары

Цяпер чытаюць

Дзмітрый Семчанка: Я прыйшоў у пул Лукашэнкі біцца з Расіяй23

Дзмітрый Семчанка: Я прыйшоў у пул Лукашэнкі біцца з Расіяй

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску з наступнага тыдня будуць экспанаваць знакамітую «Прагулку» Шагала

У Гомелі зафіксавалі пралёт і выбух дрона7

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты57

У ЗША зніклая дзяўчынка знайшлася жывой — праз 32 гады12

У цэнтры Гродна выпадкова адшукалі цэлы некропаль. Там мог быць храм, вядомы з XV стагоддзя2

«Дзяўчаты, гэта рэальна працуе!» Нявеста Пратасевіча расказала, як прываражыла будучага мужа чырвонымі трусамі20

Праз два тыдні ў беларусаў будуць чатыры запар выходныя, або ўсё ж тры? У чым закавыка?

Фядута: Нам казалі, што нас не чакаюць5

На працэс над Алегам Хаменкам сталічныя музыканты баяліся прыходзіць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрый Семчанка: Я прыйшоў у пул Лукашэнкі біцца з Расіяй23

Дзмітрый Семчанка: Я прыйшоў у пул Лукашэнкі біцца з Расіяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць