Тэатр11

Італьянскае капрычыа ў аперэтачным інтэр'еры

4 лістапада ў Музычным тэатры было не праштурхнуцца.

4 лістапада ў Музычным тэатры было не праштурхнуцца. Давалі «Італьянскае капрычыа» — цудоўны канцэрт, у якім саліраваў дырыжор Аляксандр Анісімаў і дзве вядомыя ў горадзе спявачкі: Аксана Волкава і Ірына Крыкунова.

На сцэне быў хор і аркестр Музычнага тэатра — персанаж занадта шматаблічны, каб прэтэндаваць на славу салістаў. І тым не менш, гэта быў іх дзень — хору і аркестру, — якія невядома для публікі здавалі вельмі складаны экзамен. І здалі яго амаль на выдатна.

Не, вядома ж, не ўсё было ідэальна! Не атрымалася ў хору Adagio Тамаза Альбіноні, хораша аранжыраванае і старанна вывучанае, але ўсё ж занадта цяжкае, каб не разгубіцца і дакладна ўтрымаць танальнасць. Затое амаль усё астатняе гучала цудоўна — і мяккія харавыя рэплікі ў знакамітай арыі Casta Diva, і вытанчанае харавое інтэрмецца з оперы «Мадам Батэрфляй», і асабліва хор з сцэны балю ў «Пікавай даме». Чайкоўскі стылізаваў гэты кавалачак музыкі пад араторыю Гендэля, і звычайныя оперныя хоры з ім не спраўляюцца: занадта «тлустыя» галасы. А маладыя харысты з Музычнага тэатра праспявалі чыста, ясна, стыльна і з гарачым унутраным пачуццём. Застаецца толькі павіншаваць іх настаўніцу — галоўнага хормайстра Святлану Пятрову. Хіба крыху горш атрымаўся вальс з «Яўгенія Анегіна» — сапраўдная жывая сцэнка, у якой розныя групы хору літаральна размаўляюць адна з адной. Але відаць, што хор на правільным шляху, і яму па плячы вялікія задачы.

А аркестр Музычнага тэатра мяне проста ўразіў. Канцэрт адкрываўся «Італьянскім капрычыа» Чайкоўскага — бліскучай віртуознай п’есай, у якой аркестр цалкам паказаў, на што ён здольны. Асабліва медныя духавыя — трубы, валторны, трамбоны. Самая праблемная група ў любым аркестры свету.

А ў «Італьянскім капрычыа» кампазітар быццам знарок падрыхтаваў для іх галавакружныя цяжкасці — яркія віртуозныя сола, акорды (дзе заўжды нехта фальшывіць), мудрагелістыя рытмы… і ніводнай, нават дробнай хібы!
Затое мора энтузіязму і вельмі заразлівай радасці, якая тут жа перадаецца публіцы. У тым духу прайшоў і ўвесь астатні канцэрт. Нават не верылася, што гэты бліскучы, яркі аркестр, ідэальна паслухмяны руцэ дырыжора, шмат гадоў праседзеў у яме на ўбогім і нудным рэпертуары.

Бездакорны быў у гэты вечар і маэстра Анісімаў.
У апошнія гады ў яго дырыжаванні з’явілася элегантная стрыманасць, якая ідзе на карысць і музыцы, і відовішчу. У перапынках паміж п’есамі ён вельмі міла размаўляў з публікай, тлумачачы тое, што звычайнаму слухачу магло быць незразумела. Бо апроч вельмі вядомых твораў, у канцэрце прагучала і рэдкая рэч — адна з частак сюіты «Мацартыяна», а менавіта перакладзеная Чайкоўскім на аркестр маленькая кантата Моцарта Ave Verum. І зноў я здзівілася, як тонка аркестр перадаў у сваім выкананні стыль і дух гэтай натхнёна-ўзнёслай музыкі.

Што датычыць салістак, то яны пакінулі пра сябе змяшанае ўражанне. Салістка пермскага тэатра сп-ня Крыкунова — майстар і тонкі прафесіянал, але голас, ды і ўнутраная эмоцыя недастаткова магутныя ні для арыі Лізы з «Пікавай дамы» Чайкоўскага, ні тым больш для каватыны Нормы. Тэхнічна ўсё бездакорна, але чамусьці не кранае.

Не вельмі пераканаўча гучала ў Чайкоўскім і беларуская спявачка Аксана Волкава. У яе прыгожым і моцным голасе не хапае душэўнасці і шчырай слязы. Але калі дайшло да каватыны Арзачэ з оперы Расіні «Семіраміда», выявілася, што яе звонкі і гнуткі голас фантастычна кладзецца на галавакружныя расініеўскія каларатуры. Вось толькі шкада, што акрамя як у канцэртах у Анісімава, ёй гэтую прыгажосць няма дзе паказаць. Бо ў абодвух оперных тэатрах, дзе яна цяпер спявае, — у нашым і ў маскоўскім Вялікім — оперы belcanto амаль не ставяцца. Пару тыдняў таму галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балету РБ Міхаіл Панджавідзэ адкрыта сказаў, што ў Беларускай оперы і надалей будуць ісці адны і тыя ж назвы, абавязковыя яшчэ з савецкіх часоў.

Для эканоміі сродкаў іх будуць закупляць у іншых тэатрах — прыкладам, у Маскве — і механічна пераносіць на нашу сцэну. Такая вось оперная франшыза.

А тым часам увесь астатні свет захапляецца новымі пастаноўкамі амаль не вядомых у былым СССР опер Расіні, Моцарта, Гендэля, Глюка…

І ў гэтым сэнсе ініцыятывы Музычнага тэатра ўспрымаюцца як глыток свежага паветра. Хацелася б, каб у горадзе быў тэатральны калектыў, які супрацьстаяў бы правінцыйнай затхласці і камерцыі ў афіцыйным оперным тэатры. Каб гэты «свежы» калектыў мог запрашаць спевакоў з розных тэатраў, у тым ліку з Нацыянальнага акадэмічнага. І не абавязкова гэта мусіць быць «чыстая» опера — хутчэй музычны тэатр шырокага профілю, дзе ставіліся б і класічныя аперэты, і мюзіклы, і балеты, і оперы. Наш музычны тэатр менавіта таму і завецца музычным (а не аперэты, музычнай камедыі і г.д.), што такая спроба ўжо рабілася. Гэта было амаль дваццаць гадоў таму, калі дырэктарам і мастацкім кіраўніком быў Сяргей Косцін. Тады ўзбунтавалася кучка тытулаваных актораў, якія ўмелі граць толькі ў савецкіх музычных камедыях. Большасць была на баку Косціна. Аднак «наверсе» падтрымалі бунтаўнікоў — маўляў, навошта нам гэтае «непралетарскае мастацтва». І тэатр на паўтара дзесяцігоддзя ператварыўся ледзь не ў правінцыйны кафэшантан.

І вось цяпер новы дырэктар Аляксандр Пятровіч і новы мастацкі кіраўнік Адам Мурзіч адраджаюць ідэю ўніверсальнага музычнага тэатру.
Першы крок да гэтага зроблены — распачынаюцца падрыхтоўчыя работы па пастаноўцы моцартаўскага «Дон Жуана». Відавочна, што аркестр тэатра да гэтага гатовы, асабліва з такім дырыжорам-пастаноўшчыкам, як маэстра Анісімаў. Спевакі належнай якасці ў горадзе ёсць — абы толькі ім не ставіліся адміністрацыйныя перашкоды.

Больш сумневаў выклікае запрашэнне ў якасці рэжысёра Мікалая Пінігіна.
Бо з яго словаў я зразумела, што моцартаўскага «Дон Жуана» ён не разумее і не любіць, а пастаноўку будзе будаваць на «дурным» (па яго ж словах) лібрэта, а зусім не на музыцы. Зрэшты, пажывем — пабачым! Мо паважаны рэжысёр жартуе ці какетнічае, і ў яго ў выніку атрымаецца выдатны спектакль.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя37

Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя

Усе навіны →
Усе навіны

Маладую б'юці-майстарку адправілі за краты за «распальванне варожасці»3

Кіберпартызаны: Мы ўзламалі сайт КДБ пасярод ночы. Яны за гэты час бегла сабралі нараду і дамовіліся, каго будуць падстаўляць?7

«Урад у выгнанні — гэта каргакульт». Палітолаг Андрэй Ягораў крытыкуе Офіс Ціханоўскай9

«Матэрыялісты» — рамантычная камедыя, якая хоча размаўляць пра складаныя рэчы

«Заехаў у кватэру і адкрыў там бізнэс». Як пакараць шумнага суседа паводле закона?2

Археолагі раскапалі падземны ход у Заслаўскім замку

Сяляне на вазах. Як маладым амерыканцам паказваюць Беларусь25

Пяць мутных момантаў у гісторыі пра даносчыка Бялюціна і «спецаперацыю» КДБ8

УСУ нанеслі ракетны ўдар па Данецку2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя37

Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць