«Адвакатка падманула маю жонку». Легендарны бубнач з маршаў Аляксей Санчук расказаў, як адседзеў доўгія шэсць гадоў і пра што нельга маўчаць
Музыка Аляксей Санчук быў затрыманы падчас рэпетыцыі ў 2020 годзе ў Мінску і асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень адбыў увесь тэрмін і выйшаў на волю ў ліпені 2026 года. 3 жніўня стала вядома, што ён тэрмінова пакінуў Беларусь і цяпер разам з жонкай і дачкой знаходзіцца ў Грузіі. У інтэрв’ю «Белсату» музыка расказаў пра збіццё пасля затрымання, дзевяць месяцаў у ШІЗА і ПКТ, пра тое, што зрабіў у першы дзень на волі і калі зноў сеў за барабаны.

«Мы беглі насустрач адно аднаму»
Аляксей Санчук выйшаў на волю 6 ліпеня. Ужо 9‑га ён мусіў з’явіцца ў міліцыю і стаць на прафілактычны ўлік. За адну ноч музыка вырашыў пакінуць Беларусь і а сёмай гадзіне раніцы выехаў з краіны — за некалькі гадзін да яўкі ў РУУС.
«Мне падказалі, што потым маглі закрыць выезд. Магчыма, гэтага і не адбылося б, але рызыкаваць я не хацеў», — кажа ён.
У першы дзень на волі Санчук найперш хацеў абняць маці. З трох дзён па вызваленні два з паловай ён правёў з ёю. Потым некалькі гадзін размаўляў з жонкай і гуляў па Мінску, разглядаючы горад, які змяніўся за шэсць гадоў. Але мацней за новыя будынкі і электрамабілі яго ўразілі людзі.
«Яны сталі зашуганыя, злыя. Некаторыя знаёмыя перасталі са мной размаўляць, бо баяцца. Адчуваеш сябе ізгоем ва ўласнай дзяржаве», — расказвае ён.
Калі Санчук 9 ліпеня не з’явіўся ў міліцыю, супрацоўнікі пачалі шукаць яго праз сям’ю. Жонку некалькі разоў выклікалі ў РУУС і пыталіся, дзе цяпер муж. Аднойчы міліцыянты патэлефанавалі ёй пад выглядам пакупнікоў аўтамабіля, абвестку пра продаж якога жанчына размясціла на «Куфры».
«Яна спусцілася, а там два супрацоўнікі: «Праедзем у РУУС». Вось у тапачках яе і завезлі на дзве гадзіны. Дзіця адно засталося. Ім жа напляваць на гэта, напэўна», — расказвае Аляксей.
У апошнюю ноч перад вылетам жонкі і дачкі невядомыя тэлефанавалі ў дамафон і патрабавалі адчыніць дзверы.
«Тры разы ўжо заяўляліся. Дачка пачала панікаваць, жонка таксама. Я не ўяўляю, што было б, калі б яны засталіся. У што ператварылася Беларусь за гэтыя шэсць гадоў», — кажа ён.
Па вызваленні Санчук не паспеў пабачыць дачку ў Беларусі — дзяўчынка была ў бабулі. Упершыню пасля шасці гадоў яны сустрэліся ўжо ў Грузіі:
«Яна мяне пазнала. Мы ж часта стэлефаноўваліся з калоніі. У аэрапорце беглі насустрач адно аднаму».
У пачатку зняволення Аляксею яшчэ дазвалялі працяглыя спатканні. Потым іх скарацілі з трох сутак да адных, а пасля перасталі дазваляць наагул.
«Заяваў не падпісвалі. А калі будзеш настойлівы, маглі пасадзіць у ШІЗА», — тлумачыць ён.

Збіццё пасля затрымання
Аляксея затрымалі 4 лістапада 2020 года падчас рэпетыцыі бубначоў, якія выступалі на акцыях пратэсту. У памяшканне прыйшлі ўзброеныя супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Усяго затрымалі 16 чалавек, якіх разам з барабанамі адвезлі ў РУУС. Там Санчук адмовіўся называць нумар свайго тэлефона. Яго завялі ў кабінет, дзе былі тры супрацоўнікі ў цывільным.
«Яны пачалі біць мяне нагамі ў грудзі, у жывот — куды прыйдзецца. Потым некалькі месяцаў было складана дыхаць. Хутчэй за ўсё, была трэшчына ў грудной клетцы», — расказвае ён.
Пасля збіцця музыка назваў нумар. Потым яго змясцілі ў асобную камеру:
«Не кармілі, не паілі. Проста сядзеў там яшчэ суткі з нечым пасля збіцця».
Санчуку прызначылі 15 дзён адміністратыўнага арышту, але на 14‑ы дзень яго забралі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, якія распачалі крымінальную справу. Допыт цягнуўся каля 12 гадзін. Аляксей сядзеў у клетцы прышпілены, а следчая агучвала афіцыйную версію падзей.
«Мяне з гэтага жыцця выкінулі»
Пасля допыту Санчука адправілі ў мінскае СІЗА на вуліцы Валадарскага. Першыя тры тыдні ён правёў у адзіночнай камеры.
«Я чуў, як горад жыве. А мяне з гэтага гарадскога жыцця выкінулі. Нібыта забыліся пра мяне», — кажа ён.
У СІЗА Аляксея спрабавалі змясціць у камеру да людзей з так званым нізкім сацыяльным статусам. Іншыя вязні папярэдзілі, што гэта можа назаўжды змяніць яго становішча ў турэмнай іерархіі. Санчук адмовіўся заставацца ў камеры і абвясціў галадоўку. Пасля размовы з аператыўным супрацоўнікам яго пакінулі ў звычайнай камеры.
У траўні 2021 года суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў Санчуку шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — у арганізацыі, падрыхтоўцы і актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак; паводле часткі 3 артыкула 293 — у навучанні або іншай падрыхтоўцы людзей да ўдзелу ў масавых беспарадках; а таксама паводле артыкула 13 і часткі 2 артыкула 293 — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.
Абвінавачанне сцвярджала, што Санчук удзельнічаў у пратэстах, выходзіў на праезную частку, крычаў лозунгі, пляскаў у далоні і размахваў бел-чырвона-белым сцягам. Следства таксама палічыла, што ён навучаў іншых удзельнікаў пратэстаў і стварыў чат для каардынацыі дзеянняў.
Аўтамабіль, на якім Аляксей прыехаў на марш, канфіскавалі як сродак здзяйснення злачынства. Яму і іншым фігурантам таксама выставілі пазоў на 161 900 рублёў на карысць «Мінсктранса». Грошы выплачвалі бацькі і жонка Аляксея. Запазычанасць пагасілі прыкладна за год да ягонага вызвалення.

«Маю жонку падманваў нават адвакат»
Па словах Санчука, да судовага працэсу ён аказаўся фактычна непадрыхтаваны. Адвакатку выбраў сам: раней бачыў яе на працэсе знаёмай і спадзяваўся, што яна зможа годна пабудаваць абарону. Аднак, як сцвярджае Аляксей, яна не абмяркоўвала з ім стратэгіі, не тлумачыла, як паводзіць сябе ў судзе, і не дапамагала сфармуляваць пазіцыю.
«Я сам прапаноўваў нейкія версіі, як будаваць абарону, а яна казала: «Расслабся, адпачні, усё будзе нармальна». Насамрэч мяне да суда ніхто не рыхтаваў. Прозвішча адвакаткі — Бацюк», — расказвае ён.
Санчук спрабаваў адмовіцца ад паслуг адвакаткі. Але, паводле яго слоў, яна пераканала жонку, што ён нібыта знаходзіцца ў нестабільным стане і не ўсведамляе, што робіць. Непадрыхтаванасць зрабілася відавочнай ужо на пачатку працэсу, калі суддзя спытаў Санчука, ці прызнае ён віну.
Калі прагучаў прысуд — шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, — Аляксей адчуў найперш расчараванне і бездапаможнасць.
«Дзясяты прафулік»
За час зняволення ў ПК № 17 Санчук каля дзевяці месяцаў правёў у ШІЗА і ПКТ, з іх чатыры месяцы — у памяшканні камернага тыпу. Ён быў на прафілактычным уліку як «схільны да экстрэмізму». У калоніі гэта называлі «дзясятым прафулікам».
«Іншым вязням казалі з намі не камунікаваць, не есці, не размаўляць, абыходзіць бокам», — тлумачыць ён.
У калоніі музыка працаваў на розных вытворчасцях. Вязні разбіралі старыя правады, каб здабываць медзь і свінец, а пластыкавую абалонку спальвалі ў печы. Пазней музыка працаваў у дрэваапрацоўчым цэху, шыў і прасаваў адзенне, вырабляў вайсковыя чаравікі. За месяц вязням плацілі каля 25‑30 рублёў.
Палітычным забаранялі наведваць стадыён, царкву і бібліятэку, іх часцей правяралі, прымушалі слухаць лекцыі і глядзець фільмы пра вайну. За кожным замацоўвалі куратара. У камерах і атрадах былі завербаваныя вязні, якія перадавалі адміністрацыі змест размоў.
Шэсць гадоў чакання
Санчук да апошняга спадзяваўся, што не будзе адбываць усяго тэрміну:
«Кожны дзень нечага чакаў. Жыў толькі тым, што падтрымлівалі жонка, дачка, маці і бацька. Жыццё палітвязня складаецца з чакання лістоў і званкоў».
Калі з калоніі пачалі выпускаць іншых палітвязняў, з’явілася надзея, што наступным будзе ён. Прыкладна за два гады да заканчэння тэрміну Аляксею прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Тэкст быў падрыхтаваны загадзя — яго трэба было перапісаць і падпісаць. Санчук пагадзіўся.
«Я ўжо адседзеў чатыры гады. Хацеў хутчэй да сям’і. Дачка расце без бацькі. Гэта быў шанец», — кажа ён.
Але яго не вызвалілі.
Праблемы са здароўем
За шэсць гадоў здароўе Санчука значна пагоршала. Цяпер яму патрэбныя некалькі аперацый. Пасля збіцця была пашкоджаная насавая перагародка. У калоніі пачаў развівацца астыгматызм, з’явіліся варыкоз і праблемы з венамі. Таксама ў Аляксея выявілі дабраякасную пухліну.
У выніку нявылечанага запалення ён часткова страціў слых. Цяпер у яго пастаянна звініць у вушах, а адным вухам ён не чуе значную частку гукаў.

«Зрабіў бы тое самае»
Да затрымання Санчук працаваў мэблевіком, праектаваў кухні, быў індывідуальным прадпрымальнікам. Па адукацыі ён тэхнік-будаўнік.
На пратэсты выйшаў, бо не мог глядзець на гвалт. Ён удзельнічаў у велапрабегах, займаўся валанцёрствам і граў на барабанах. На адным з мітынгаў пазнаёміўся з іншымі бубначамі, з якімі пасля рэпеціраваў.
Пра свой удзел у пратэстах Аляксей не шкадуе.
«Зрабіў бы тое самае. Толькі больш падрыхтавана і больш сачыў бы за бяспекай», — кажа ён.
Цяпер Аляксей плануе пераехаць у Польшчу. Хоча змяніць прафесію і пабачыць свет разам з жонкай і дачкой — як мага больш падарожнічаць.
«Мне прыйшлося бегчы з Беларусі праз Расію — з адным заплечнікам, без сродкаў. Але я жывы. Трэба змагацца, як бы ні было цяжка», — падсумоўвае ён.
Эвакуяваны з Беларусі Аляксей Санчук — барабаншчык пратэстаў-2020
На свабоду выйшаў асуджаны па справе канала «Армія з народам» Сяргей Ярашэвіч, муж Антаніны Канавалавай
«Байсол» запусціў традыцыйны збор для дзяцей палітвязняў перад 1 верасня
«Надзея Сцяпанаўна». Мікіта Найдзёнаў апублікаваў паэму, якая нарадзілася ў Жодзінскай турме. Такога паэтычнага эпасу ў беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя яшчэ не было
Каментары