Грамадства1717

Хто такі Анатоль Міхнавец, які стаў віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады

Жыве ў Варшаве, працуе архівістам, у палітычным руху шмат гадоў. «Белсат» расказвае, чым вядомы новы віцэ-спікер Каардынацыйнай рады Анатоль Міхнавец.

Анатоль Міхнавец, №4 выбарчага спісу Рух Воля, прадставіў наш спіс на дэбатах «Белсату». 12 траўня 2026 года. Скрыншот: Белсат
Анатоль Міхнавец на дэбатах «Белсату». 12 траўня 2026 года. Скрыншот: Белсат

«Край» і справа Ганчара—Красоўскага

Анатоль Міхнавец нарадзіўся 7 ліпеня 1975 года ў Менску. Кажа, што ў грамадска-палітычным жыцці пачаў удзельнічаць яшчэ са школы — фактычна з 13 гадоў.

Пасля школы ён скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню з чырвоным дыпломам, потым тэхнікум — таксама з чырвоным дыпломам. Яго без іспытаў прынялі ў Беларускую політэхнічную акадэмію (цяпер — БНТУ). Але адтуль, як кажа сам Міхнавец, яго выключылі за палітыку. Пасля гэтага ён стаў «прафесійным рэвалюцыянерам».

У беларускім нацыянальным руху яго імя стала вядомае ў канцы 1990-х. У 1998 годзе Міхнавец разам з Вадзімам Кабанчуком стварыў спартова-патрыятычную арганізацыю «Край». Паводле ўспамінаў Паўла Севярынца, яна паўстала пасля таго, як частка дружыны «Маладога Фронту» прайшла падрыхтоўку ва Украіне.

Удзельнікі спалучалі фізічную падрыхтоўку, гістарычную асвету, акцыі ў абарону беларускай незалежнасці (у тым ліку бойкі з міліцыяй і расейскімі неанацыстамі з РНЕ) і працу з моладдзю. На ўлётках «краёўцаў» быў дэвіз «Бог! Беларусь! Воля!», а сваімі ідэйнымі папярэднікамі яны ўважалі Кастуся Каліноўскага, Вацлава Ластоўскага і ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.

«Край» дзейнічаў да 2001 года. Менавіта з гэтай арганізацыяй Міхнавец звязвае адзін з найбольш вострых эпізодаў сваёй ранняй палітычнай біяграфіі — працу вакол справы знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага: краёўцы раскрылі абставіны іх выкрадання. Але пасля гэтага, па словах Міхнаўца, яму і ягоным паплечнікам давялося хавацца і выехаць за мяжу.

Анатоль Міхнавец выступае падчас сустрэчы з беларусамі ў Доме літаратуры на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве, Польшча. 16 студзеня 2014 года. Крыніца: commons.wikimedia.org, CC BY-SA 3.0
Анатоль Міхнавец выступае падчас сустрэчы з беларусамі ў Доме літаратуры на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве. 16 студзеня 2014 года. Крыніца: commons.wikimedia.org

Пэўны час Міхнавец разам з Кабанчуком знаходзіўся ў Бельгіі. Там яны стварылі «Беларускае еўрапейскае задзіночанне», ладзілі пікеты і акцыі, а таксама арганізоўвалі з’езд беларускай палітычнай эміграцыі.

«Мы не збіраліся жыць у эміграцыі — хацелі ўдзельнічаць, уплываць на працэсы ў краіне, таму вярнуліся ў Беларусь. І быў там да 2006 года», — тлумачыць ён «Белсату».

Палітык Павел Севярынец апісваў яго як аднаго з арганізатараў і лідараў нацыянальна-патрыятычнага асяроддзя, чалавека, здольнага захоўваць спакой у небяспечных сітуацыях і арганізоўваць людзей у моманты напружання. Гэта асабістая ацэнка паплечніка, але яна паказвае, як Міхнаўца ўспрымалі ў тым коле.

Ушанаванне памяці Каліноўскага

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і разгону Плошчы Міхнавец ізноў выехаў — у Польшчу. Ён трапіў на праграму імя Каліноўскага, якая была створаная для беларускіх студэнтаў, што пацярпелі ад палітычнага пераследу або не маглі працягваць навучанне ў Беларусі.

У Польшчы ён вучыўся ў Collegium Civitas, прэстыжным прыватным ўніверсітэце ў Варшаве, заснаваным у 1997 годзе пад эгідай Польскай акадэміі навук. Там Міхнавец спачатку атрымаў ступень бакалаўра, потым скончыў магістратуру паводле спецыяльнасці «міжнародныя адносіны».

Падчас навучання ў Польшчы ён стварыў ініцыятыву «Беларуская нацыянальная памяць». Яе ўдзельнікі шукалі пахаванні беларускіх нацыянальных дзеячаў, ушаноўвалі месцы памяці і гістарычныя вечарыны.

Асобнае месца ў гэтай працы заняло ўшанаванне Кастуся Каліноўскага. Міхнавец і ягоныя аднадумцы пачалі ездзіць у Мастаўляны ў дзень нараджэння Каліноўскага і ў Вільню ў дзень яго смерці. Міхнавец адзначае, што 22 сакавіка — дзень смерці Каліноўскага — доўгі час губляўся на фоне Дня Волі, які адзначаецца 25 сакавіка, таму яны імкнуліся аднавіць асобную традыцыю памяці.

Калі ў Вільні ў 2016 годзе былі знойдзеныя парэшткі Каліноўскага і ягоных паплечнікаў, Міхнавец увайшоў у кола прадстаўнікоў беларускай грамадскасці, якія кантактавалі з літоўскім бокам наконт перапахавання паўстанцаў 1863—1864 гадоў.

Анатоль Міхнавец на акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Варшава, Польшча. 12 верасня 2020 года. Фота: Хартия-97
Анатоль Міхнавец на акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Варшава. 12 верасня 2020 года. Фота: Хартия-97

БХД, кампанія Рымашэўскага і месяц «у падполлі»

У сярэдзіне 2000‑х Міхнавец разам з Вадзімам Кабанчуком далучыўся да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Пазней ён уваходзіў у Нацыянальную раду БХД. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года быў у ініцыятыўнай групе Віталя Рымашэўскага і збіраў подпісы за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.

У 2010 годзе, нягледзячы на жыццё і вучобу ў Польшчы, Міхнавец узяў акадэмічны адпачынак і прыехаў у Мінск на прэзідэнцкую кампанію. Ён працаваў у штабе Рымашэўскага і быў у Беларусі падчас паслявыбарчых падзей снежня 2010 года. Пасля разгону акцыі пратэсту, як казаў сам актывіст, ён каля месяца жыў «у падполлі», пасля чаго вярнуўся ў Польшчу.

Пазней тлумачыў, што не можа вяртацца ў Беларусь, бо знаходзіцца «ва ўсіх чорных спісах».

У 2019‑м Міхнавец быў уганараваны Медалём у гонар 100‑годдзя БНР за значны ўнёсак у беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух і грамадскую дзейнасць.

Сцяг на хакеі і беларускія добраахвотнікі ва Украіне

У 2013 годзе яго імя трапіла ў медыя праз акцыю з бел-чырвона-белым сцягам падчас хакейнага матчу Беларусь — Чэхія ў Швецыі. Міхнавец вывесіў на трыбунах вялікі нацыянальны сцяг, пасля чаго быў выведзены аховай.

Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны ён займаўся арганізацыйнай працай у беларускім добраахвотніцкім руху. Як казалі раней Севярынец і сам Міхнавец, з 2014 года гэта была праца ў Тактычнай групе «Беларусь», а пасля 2022 года — у структурах, звязаных з Палком Каліноўскага. У ПКК Міхнавец кіраваў харунжай службай.

Анатоль Міхнавец разам з міністрам абароны Польшчы Уладыславам Касіняк-Камышам. Фота: асабісты архіў
Анатоль Міхнавец разам з міністрам абароны Польшчы Уладыславам Касіняк-Камышам. Фота: асабісты архіў

Пазней ён разам з Кабанчуком удзельнічаў у стварэнні грамадскага руху «Каліноўцы», які заяўляе сваёй задачай падрыхтоўку беларусаў да барацьбы за свабоду і да выжывання ва ўмовах вайны.

«Я за тое, каб не бараніцца, а наступаць»

Цяпер Міхнавец жыве ў Польшчы, Варшаве, польскага грамадзянства не мае, як і сталага побыту. Ён працуе архівістам.

«У мяне беларускае грамадзянства. Я кожны год спадзяваўся, што будуць перамены ў Беларусі, і ніякае грамадзянства не рабіў. У мяне часовыя карты побыту, збіраюся вяртацца ў Беларусь», — сказаў палітык.

У 2026 годзе Міхнавец у складзе спісу «Воля» трапіў у новы склад Каардынацыйнай рады, дзе 1 ліпеня быў абраны першым віцэ-спікерам. За яго кандыдатуру прагаласавалі 55 з 75 сябраў Рады. Сам Міхнавец кажа, што ў КР ягоная фракцыя будзе абапірацца на стратэгію, агучаную на канферэнцыі «Шлях да Волі» ў 2023 годзе:

«Мы хочам вызваляць Беларусь. Каб усе суб’екты — палітычныя, грамадскія — працавалі згодна з адным планам, дзе падзеленыя функцыі, ёсць дэдлайны, ёсць адказнасць, справаздачнасць, і тады можна дабіцца нейкага выніку».

Міхнавец мяркуе, што беларусы за мяжой не павінны ўспрымаць сябе як людзей «другога гатунку» або пастаянна апраўдвацца перад іншымі краінамі за сітуацыю ў Беларусі.

«Мы павінны бараніць сябе, мы павінны быць моцнымі. Я за тое, каб не бараніцца, а наступаць. Мы не людзі другога гатунку, не павінны ні перад кім апраўдвацца», — кажа ён.

Каментары17

  • Кастамлоты 2007
    03.07.2026
    Жадаю поспехаў! Трымайся сваіх перакананняў!
  • Dzieuka
    03.07.2026
    Самы адданы беларушчыне, адказны, справядлівы чалавек, якогаткалі небудзь сустракала ў жыцці. Можа ўрэшце ў той оадзе нешта зрушыцуа ў месца дзякуючы Анатолю.
  • Чтч
    03.07.2026
    Гендарная Рада ўжо сябе раней дыскрэдытавала, так што цяжка будзе аднавіць рэпутацыю.

Цяпер чытаюць

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»7

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Усе навіны →
Усе навіны

Штучны інтэлект не ваш супернік, а ваш памочнік. Давярайце інавацыям, вам проста давядзецца ўвесь час падвучвацца2

Італьянец Янік Сінер перамог нямецкага тэнісіста Аляксандра Зверава ў фінале Уімблдона1

Падняць або прайсці міма: што рабіць, калі знайшлі гаманец4

У Вене за 776 тысяч еўра нахілілі помнік мэру. Яго антысемітызм натхняў Гітлера21

Мужчына купіў правы ў інтэрнэце і праз 10 гадоў прыйшоў мяняць іх у ДАІ

Рускамірац Агафонаў, які выехаў з Беларусі, абмяняўся з Азаронкам з’едлівымі шпількамі11

На Гомельшчыне праблемы з мабільнай сувяззю і інтэрнэтам А12

Хто можа ўзначаліць урад Украіны і чаму Зяленскі мяняе прэм’ера — што кажуць эксперты

Амерыканская армія нанесла новыя ўдары па Іране: атакаваныя сістэмы СПА і катары КВІР у Армузскім праліве

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»7

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць