Ад варыянтаў «прывітанне з СССР» да стылёвых домікаў з туалетам і душам. Паглядзелі, якія дачы і па якіх цэнах прадаюць у радыусе 30 кіламетраў ад Мінска.

Самае таннае лецішча ў ваколіцах МКАД-2 знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да трасы ў садовым таварыстве «Крыніца» Валожынскага раёна. За 6 сотак зямлі і невялікі цагляны домік з драўлянай прыбудовай просяць усяго 7500 даляраў.

У аб'яве толькі адно фота, па якім бачна, што домік мае трэшчыны ў кладцы (ён пабудаваны ў 2019 годзе).
Сярод плюсаў прадавец называе наяўнасць мабільнага пакрыцця з хуткім інтэрнэтам і тое, што ўчастак роўны і сухі.
Две наступныя па дарагоўлі дачы ацэнены ў 9000 даляраў. Знаходзяцца яны прыблізна за 30‑35 кіламетраў ад сталіцы.

Участкі ў іх па 4,3 і 5 сотак. Абодва варыянты — тыповыя бюджэтныя лецішчы з туалетам на вуліцы, вагонкай унутры і мэбляй часоў СССР, якую замест звалкі звезлі на дачу.
За $11 тысяч прадаюць дачу ўсяго за 14 кіламетраў ад МКАД і 4 кіламетры ад Мінскага мора. Участак невялікі — 3,8 соткі, але знаходзіцца побач з лесам.

Сам дачны домік 1984 года пабудовы і звонку выглядае даволі бадзёрым. Інтэр'еры ў ім тыповыя для ўзроставых лецішчаў па нізе рынку.
За $11 900 прадаюць дачу за 20 кіламетраў ад Мінска ў маладзечанскім кірунку.

Участак памерам 4 соткі вуглавы і месціцца побач з лесам. Зруб стаіць на высокім падмурку, унутры печ. Год пабудовы — 1988, таму інтэр'еры там адпаведныя.
За 16 300 даляраў можна купіць двухпавярховую цагляную дачу 1992 года пабудовы за 30 кіламетраў ад Мінска непадалёк ад Пятрышак.

Участак абнесены плотам, у доме пластыкавыя вокны, ёсць печка.
За $19 900 прадаюць дачу ў садовым таварыстве «Зорка». Дом драўляны 1968 года пабудовы.

Ад іншых варыянтаў лецішча вылучае прыгожы ўчастак з ландшафтным дызайнам і зонамі для адпачынку.
Але ўнутры ўсё даволі сціпла. Нават вады ў доме няма. Асобны гонар тут — гэта стылёвая тэраса.
За 18 км ад МКАД па Мядзельскім кірунку за 25 тысяч прапануюць лецішча непрывабнае звонку, затое з сучасным рамонтам унутры.

Тут ёсць невялікая кухня, спальня, дзіцячы пакой, туалет, душавая, тэлебачанне «Зала» і нават пральная машынка, якая прадаецца разам з домам 1990 года пабудовы. Памер участка — 4 соткі.
Адметна, што ў дыяпазоне 25—35 тысяч даляраў усе лецішчы, як правіла, выглядаюць як тыповае «прывітанне з СССР».
Больш сучасныя варыянты прадаюць ужо па цэнах каля 35 тысяч і больш.
Так, 34 500 даляраў просяць за лецішча за 18 кіламетраў ад Мінска побач з Юхнаўскім біялагічным заказнікам. Памер участка — стандартныя 6 сотак, на якіх стаіць двухпавярховы драўляны домік 1994 года пабудовы.

У доме пластыкавыя вокны, дах з металачарапіцы. І, бадай, самае галоўнае, што там ёсць паўнавартасны ванны пакой з туалетам, бойлерам, душам і пральнай машынкай. Ды і агулам інтэр'еры там выглядаюць нашмат лепш, чым у большасці варыянтаў за плюс-мінус тыя самыя грошы.
За $35 тысяч прадаюць лецішча за 20 кіламетраў ад сталіцы ў садовым таварыстве «Саюз», што месціцца паміж МКАД-2 і Заслаўем.

Памер участка — 5 сотак. Дом 1990 года пабудовы, таму інтэр’ер там адпаведны. Сам участак дагледжаны, з мангалам, альтанкай і некалькімі градкамі. Але прыбіральня тут, у адрозненне ад папярэдняга варыянта за $34500, — на вуліцы.
Непадалёк ад лініі Сталіна за 45 тысяч даляраў прадаецца новы каркасны дом з дрэва 2024 года пабудовы. Памер участка — 5 сотак.

Дом уцеплены, у ім ёсць пячное ацяпленне з радыятарамі. Таксама ёсць санвузел і невялічкая лазня. Паколькі ў доме ніхто не жыў, ніякай мэблі ў ім няма, таму давядзецца яшчэ крыху даінвеставаць у яго. Або, як гэта звычайна робяць, — завезці туды старую мэблю.
За 48 900 даляраў ёсць лецішча за 25 кіламетраў ад Мінска і 3 км ад Пятрышак. На ўчастку памерам 8,5 соткі стаіць двухпавярховы дом 1984 года пабудовы.

Рамонт у ім рабілі не так даўно. Апроч паўнавартаснай кухні, на мансардным паверсе ёсць душавая кабіна з бойлерам.
Агулам дабротных лецішчаў у ваколіцах Мінска ў бюджэце да 50 тысяч даляраў, якія не акунаюць вас у атмасферу саўка, няшмат.
Сярод тых, што каштуюць больш за 50 тысяч даляраў, можна вылучыць сучасны каркасны домік у садовым таварыстве «Маяк», што за 24 км ад Мінска і 1,5 км ад МКАД-2. За стылёвае лецішча 2025 года пабудовы просяць 58 тысяч даляраў.

Памер участка тут 10 сотак. Адразу за ім ідзе выхад у лес, і ўсяго адзін сусед побач.
Апроч асноўнага двухпавярховага хола з панарамнымі вокнамі і камінам, на другім узроўні ёсць спальнае памяшканне.

Пад ім месцяцца прыбіральня і яшчэ адзін невялікі пакойчык плошчай 7,3 метра. Хоць у апісанні і пазначана 100‑працэнтная гатоўнасць, да засялення сюды давядзецца крыху інвеставаць — як мінімум у ванны пакой і кухонную зону.
Каментары