Стваральнік брыгады «Эспаньёла» стане першым удзельнікам вайны ва Украіне, з якім развітаюцца ў Храме Хрыста Збаўцы ў Маскве.

Цырымонія развітання са стваральнікам ультраправой брыгады «Эспаньёла» Сяргеем «Іспанцам» Арловым, які загінуў пры загадкавых абставінах, адбудзецца 22 снежня ў Храме Хрыста Збаўцы ў цэнтры Масквы, паведамілі ў тэлеграм-канале падраздзялення, заснаванага ім.
Гэта першы вядомы ўдзельнік вайны ва Украіне, з якім развітаюцца ў галоўным храме РПЦ, піша «Агенцтва».
У Храме Хрыста Збаўцы адпяваюць вядомых дзеячаў культуры, высокапастаўленых чыноўнікаў і святароў краіны. Тут развітваліся з першым прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным, былым мэрам Масквы Юрыем Лужковым, акцёрам і рэжысёрам Станіславам Гаварухіным, кампазітарам Мсціславам Растраповічам і пісьменнікам Валянцінам Распуціным, заснавальнікам ЛДПР Уладзімірам Жырыноўскім, скульптарам Зурабам Цэрэтэлі.
Публічна вядомы толькі адзін выпадак адпявання ў храме памерлага, звязанага з вайной ва Украіне, — ваеннага протаіерэя Міхаіла Васільева. Ён загінуў у лістападзе 2022 года ў Херсонскай вобласці падчас удару HIMARS. Пуцін пасмяротна надаў святару званне Героя Расіі.
Паведамленне «Эспаньёлы» стала першым пацвярджэннем чутак пра гібель Арлова, якія з’явіліся больш за тыдзень таму. З допісу не зразумела, што стала прычынай смерці.
«Не можам не адзначыць, што многіх цікавяць прычыны гібелі Іспанца, і нас — не ў меншай ступені. У цяперашні час цэнтральныя следчыя органы ўстанаўліваюць дакладную прычыну і месца гібелі, а таксама вінаватых. Афіцыйная інфармацыя будзе апублікаваная па выніках расследавання», — напісалі ў канале.
Паводле даных Mash, Арлоў перад смерцю некалькі дзён знаходзіўся ў коме. Імаверна, Арлоў быў забіты падчас затрымання. Звязаны з Міністэрствам абароны блог «Рыбар» паведаміў, што Арлоў загінуў пры спробе супраціву арышту.
Каментары