Калі па нядзелях у ЗША дазволілі працу крам, людзі пачалі больш паміраць
Гэта гучыць дзіўна, але менавіта да такой высновы прыйшлі амерыканскі навукоўцы. Праўда, яны кажуць, што рэч тут не толькі ў веры ў Бога.

«Blue laws»
«Blue laws», законы пра забарону гандлю ў выходныя, доўгі час рабілі нядзелю асаблівым днём. Большая частка камерцыйнай дзейнасці была абмежаваная, таму ў людзей было менш альтэрнатыў царкве для раніцы выходнага.
Пасля рашэння Вярхоўнага суда ЗША ў 1961 годзе штаты пачалі паступова адмяняць гэтыя абмежаванні. Працэс ішоў неадначасова: адны адмянялі раней, іншыя пазней (напрыклад, Мінесота, Паўднёвая Караліна і Тэхас — у 1985-м, Паўночная Дакота — у 1991-м). Аўтары даследавання выкарысталі гэтую «няроўную» храналогію як натуральны эксперымент: калі ў частцы штатаў нядзеля раптам стала звычайным днём для крам, павінны былі змяніцца і паводзіны людзей, піша StudyFinds.
Людзі пачалі паміраць
Паводле ацэнак даследчыкаў, пасля адмены нядзельных абмежаванняў штотыднёвая наведвальнасць царквы ў людзей сярэдняга ўзросту падала прыкладна на 5—10% (у матэрыялах таксама фігуруе ацэнка каля 9%).
Адначасова з гэтым пачаў расці паказчык т. зв. «смерцяў адчаю»: смерцяў ад самагубстваў, атручванняў наркотыкамі (перадазіровак) і алкагольных хвароб печані — прыкладна на 2 выпадкі на 100 000 чалавек. Найбольш выразна, па разліках аўтараў, адрэагаваў менавіта ўзровень самагубстваў, даўшы +1,2 на 100000 пункты.
Дык што, шопінг забівае?
Не, справа ў іншым. Рэлігійная супольнасць часта працуе як сетка паўсядзённай падтрымкі — яны даюць сацыяльныя сувязі, «нефармальную страхоўку» і пачуццё прыналежнасці. Даследчыкі правяралі, ці замянілі людзі царкву іншымі формамі грамадскага жыцця.

Высветлілася, што не: яны не болей сустракаліся з сябрамі і знаёмымі, не ўступалі ў арганізацыі ці клубы па інтарэсах, не наведвалі новыя мерапрыемствы. Пасля адмены «blue laws» людзі часцей паведамлялі, што «часам п’юць зашмат», і гэта магло быць яшчэ адным рызыкоўным фактарам.
Чаму наркотыкі ні пры чым
Аўтары асобна падкрэсліваюць, што іх гісторыя пачынаецца да выбуху сучаснага апіёіднага крызісу.
Каб пазбегнуць унёску наркаманіі, яны аналізуюць перыяд да 2000 года, а ў разліках адзначаюць 1996‑ы як мяжу (гэта год выхаду на рынак легкадаступнага апіёіда аксіконціна).
Каго гэта зачапіла больш за ўсё?
Агляд сведчыць, што змяншэнне наведванняў царквы ў 90‑х можа часткова патлумачыць 17%-ны рост заўчаснай смяротнасці, які назіраўся да 1996 года ў групе белых амерыканцаў 45—64.
Асобна адзначаецца, што наймацней гэтыя працэсы ўдарылі па белых амерыканцах сярэдняга ўзросту без вышэйшай адукацыі — групе, якая больш за ўсіх зменшыла наведванне цэркваў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
[Зрэдагавана]