Здароўе22

Дзясяткі краін ахапіла новая хваля грыпу, прыйшоў новы небяспечны штам

Раней гэты варыянт сустракаўся рэдка, і таму ў людзей недастаткова імунітэту да яго.

Фота: Guido Mieth, Getty Images

Дзясяткі краін на ўсіх кантынентах накрыла новая хваля грыпу, і ў гэтым сезоне вінаватым у вялікай частцы выпадкаў стаў новы, асабліва небяспечны штам віруса, піша Бі-бі-сі.

Спачатку субклад (падгаліна) К штама H3N2 быў знойдзены ў Аўстраліі і Новай Зеландыі, потым былі ўспышкі ў Японіі і Брытаніі, а цяпер гэты варыянт віруса зафіксаваны ўжо больш чым у 30 краінах ва ўсіх частках свету.

Раней гэты варыянт сустракаўся рэдка, і таму ў людзей недастаткова імунітэту да яго. У Брытаніі ў бальніцы кожны тыдзень трапляюць ужо тысячы захварэлых.

Што ўяўляе сабой мутацыя віруса грыпу H3N2

Вірусы грыпу мутуюць пастаянна, і медыкі адсочваюць гэтыя змены, каб ствараць новыя дзейсныя вакцыны супраць іх.

У большасці выпадкаў мутацыі невялікія, але часам здараецца, што вірус змяняецца рэзка і вельмі істотна.

Як тлумачыць дырэктар Цэнтра эвалюцыі патагенаў пры Кембрыджскім універсітэце Дэрэк Сміт, H3N2 зведаў сем мутацый.

«Ён амаль напэўна пракаціцца па ўсім свеце», — прадказвае прафесар Сміт.

Ці больш небяспечны гэты штам, чым іншыя

З субкладам К H3N2 людзі ў апошнія гады сутыкаліся рэдка, і, адпаведна, у іх не выпрацаваўся ўстойлівы імунітэт да яго.

Таму, хоць сімптомы пры новым выглядзе грыпу, магчыма, і не цяжэйшыя за звычайныя, але заразіцца ім можа большая колькасць людзей.

Варта памятаць, што некаторыя з тых, хто падхапіў вірус, пераносяць яго наогул без сімптомаў, але ў многіх іншых пачынаюцца жар, болі ў розных частках цела і хуткая стамляльнасць, а для пажылых і аслабленых іншымі хваробамі гэты вірус можа наогул аказацца смяротным.

«Такога віруса мы даўно не бачылі. Незвычайная дынаміка, — кажа дырэктар Сусветнага цэнтра грыпу пры брытанскім Інстытуце Фрэнсіса Крыка Нікола Льюіс. — Я хвалююся, канечне. Не панікую, але занепакоена».

Як адрозніць грып ад прастуды і кавіду

Многія сімптомы пры прастудзе, грыпе і кавідзе супадаюць, але ёсць і адрозненні, па якіх можна вызначыць, чым вы захварэлі.

Прастуда звычайна надыходзіць паступова і праяўляецца ў насмарку і болі ў горле.

Грып звычайна пачынаецца раптоўна і нясе з сабой тэмпературу, болі ў розных месцах і аслабленасць цягліцаў.

Пры кавідзе сімптомы падобныя да сімптомаў грыпу, але адной з галоўных адметных прыкмет можа быць страта смаку і нюху. Акрамя таго, кавід можа суправаджацца вельмі рэзкім болем у горле і дыярэяй.

Як абараніцца ад грыпу

Найлепшы спосаб прадухіліць захворванне на грып — прышчэпка. Хоць наяўныя цяпер вакцыны, магчыма, недастаткова эфектыўныя супраць новага варыянта віруса.

«Хоць нейкая абарона лепшая, чым яе поўная адсутнасць, але ў гэтым годзе, падобна, абарона будзе меншая, чым у тыя гады, калі вакцыны лепш адпавядаюць вірусу. Сітуацыя далёкая ад ідэалу», — сказаў Бі-бі-сі прафесар Крыстоф Фрэйзер з Інстытута пандэмій пры Оксфардскім універсітэце.

«Вірусы субклада К, якія цяпер цыркулююць, у частцы антыгенаў [маркераў, якія распазнае імунная сістэма — Бі-бі-сі] трохі адрозніваюцца ад папярэдніх штамаў, так што калі вы не зрабілі новую прышчэпку ў гэтым годзе, вы з большай верагоднасцю і цяжэй захварэеце на грып», — тлумачыць Нікола Льюіс.

Галоўнае, што можа даць наяўная цяпер вакцына, як тлумачаць спецыялісты, гэта тое, што яна змякчыць сімптомы і дапаможа стрымаць распаўсюд віруса.

Стрымаць распаўсюд дапамагаюць і розныя віды каранцінаў. У Японіі і Англіі, напрыклад, ужо закрытая частка школ.

Ну і акрамя таго, на асабістым узроўні змагацца з эпідэміяй дапамагаюць старыя, добра вядомыя прыёмы: калі захварэлі, закрывайце рот і нос хусткай, калі кашляеце ці чхаеце, і па магчымасці не выходзьце з дому.

Наплыў пацыентаў у бальніцах Брытаніі

У Англіі, дзе жывуць амаль 59 з прыкладна 70 мільёнаў жыхароў Злучанага Каралеўства, у першы тыдзень снежня ў бальніцы з грыпам звярталіся ў сярэднім 2660 чалавек у дзень.

Як паведамляе англійскае падраздзяленне Нацыянальнай службы аховы здароўя, NHS England, гэта ў паўтара раза больш, чым у апошні тыдзень лістапада, а пасля 7 снежня колькасць захварэлых працягвае расці, і да піку яшчэ вельмі далёка.

Да 14 снежня колькасць зваротаў па прагнозах медыкаў дасягне 5‑8 тысяч у дзень. Пакуль рэкорд у Англіі пры сезонным грыпе — 5400 чалавек у дзень.

Колькасць захварэлых так жа хутка расце і ў іншых частках Злучанага Каралеўства: у Шатландыі, Уэльсе і Паўночнай Ірландыі.

У многіх бальніцах і школах Брытаніі ўвялі абавязковае нашэнне масак.

А што ў Беларусі?

Сітуацыю з грыпам пракаментаваў Мінск-навінам галоўны доктар Мінска Юрый Горбіч.

«Сёлета ў нас сезонны грып, звычайна пік захворвання прыпадае на канец снежня, студзень і пачатак лютага. Пандэмічны грып 2009 года ўваходзіць у склад тых вірусаў, якія ў нас цыркулююць, але новага пандэмічнага штама не будзе», — сказаў ён.

Каментары2

  • Сами виноваты
    12.12.2025
    Это последствия неразумной политики в период коронавируса этих стран. Ваш карантин и изоляция обернулись вам боком.

Цяпер чытаюць

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» ў Беларусі абмяркоўваюць ідэю забастоўкі 15 снежня3

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» ў Беларусі абмяркоўваюць ідэю забастоўкі 15 снежня

Усе навіны →
Усе навіны

Бягуха Марына Арзамасава трэцім разам стала маці3

Курэйчыка абвінавацілі, што ён напісаў сцэнар пра палкаводца Суворава. А як усё было?9

Праз два тыдні Лукашэнка зноў сустрэўся з паслом Венесуэлы ў Расіі7

Інстытут сучасных ведаў у Мінску пракаментаваў паступленне Таццяны Буланавай7

«Каб Беларусь не аддалі Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза». Ціханоўская заклікае ўключыць беларускае пытанне ў мірныя перамовы Украіны і Расіі34

Данія ўпершыню назвала ЗША патэнцыйнай пагрозай4

Падазроную кільку прадаюць у Мінску. Рэч у тым, што гэта не зусім рыба7

Менеджара з холдынга «Амкадор» асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

У Польшчы затрыманы вядомы расійскі навуковец з Эрмітажа па запыце Украіны19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» ў Беларусі абмяркоўваюць ідэю забастоўкі 15 снежня3

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» ў Беларусі абмяркоўваюць ідэю забастоўкі 15 снежня

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць