Як венесуэльскія банды і афрыканскія джыхадзісты завальваюць Еўропу какаінам
Венесуэла стала ключавым транзітным хабам для калумбійскага какаіну, які масава ідзе ў Еўропу праз краіны Сахелю. Аб’ёмы канфіскацый какаіну ў Еўропе цяпер перавышаюць паўночнаамерыканскія. З падрабязнасцямі знаёміць The Wall Street Journal.

За апошнія гады Калумбія рэзка нарасціла вытворчасць какаіну, і традыцыйныя шляхі кантрабанды аказаліся перагружанымі. Як кажуць прадстаўнікі праваахоўных органаў, гэта прымусіла сеткі шукаць новыя «вокны» — і Венесуэла аказалася найбольш зручнай.
Кантрабандысты карыстаюцца стратэгічным становішчам краіны, яе працяглай берагавой лініяй і неэфектыўнасцю органаў бяспекі. У Венесуэле фактычна няма ні плантацый кокі, ні буйных лабараторый фінальнай апрацоўкі.
Калумбійскія кантрабандысты завозяць какаін у краіну па сушы, і далей ён перавозіцца ў Афрыку лёгкімі самалётамі, рыбацкімі лодкамі, паўпадводнымі суднамі і грузавымі караблямі. У схемах, паводле следчых, удзельнічаюць і карумпаваныя вайскоўцы.
Афрыканскі этап
Калі груз прыбывае ў Заходнюю Афрыку, ён трапляе ў зону ўплыву сетак, звязаных з узброенымі ісламісцкімі групоўкамі. У паўночным Малі, паводле былых і цяперашніх паўстанцкіх лідараў, кантрабандысты супрацоўнічаюць з групамі, афіляванымі з «Аль-Каідай»: тыя суправаджаюць калоны, бяруць «плату за праезд» і фактычна ахоўваюць маршрут праз Сахель.
Былы афіцэр амерыканскай ваеннай разведкі Хесус Рамэра тлумачыць:
«Какаін 1980‑х — не тое самае, што мы бачым сёння. Ёсць прамыя сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі, каб падтрымліваць іх дзейнасць».
Далей шлях ідзе праз Сахару ў Алжыр, Марока, Лівію. Паводле дакладу ААН за 2024 год, у Лівіі прарасійская групоўка бярэ плату за транзіт какаіну з Нігера ў Егіпет. Далей грузы праз Міжземнае мора трапляюць у Паўднёвую Еўропу.
Еўропа — галоўны рынак
Паводле Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, аб’ёмы канфіскацый какаіну ў Еўропе цяпер перавышаюць паўночнаамерыканскія. Гэта вынік і росту паставак, і высокага попыту.
Эксперт InSight Crime Джэрэмі Макдэрмат адзначае:
«Колькасці настолькі выраслі, што галоўная праблема для традыцыйных сетак — як іх увогуле перамясціць».
Іншыя эксперты адзначаюць, што акрамя Венесуэлы вялікія партыі какаіну ідуць таксама з Бразіліі, Гаяны і іншых краін.
Маршрут праз Венесуэлу ўжо даў серыю рэкордных канфіскацый. У верасні мінулага года два прыватныя самалёты Gulfstream з какаінам узляцелі з імправізаванай узлётнай паласы ў штаце Апурэ на мяжы з Калумбіяй. Адзін з іх затрымалі ў Гвінеі-Бісаў з 2,6 тоны какаіну — гэта рэкорд для краіны, вядомай як наркахаб. Другі дабраўся да Буркіна-Фасо, дзе дзейнічаюць ісламісцкія баевікі.
Заходнія чыноўнікі кажуць: з Венесуэлы ў Заходнюю Афрыку лятае як мінімум адзін наркарэйс на тыдзень. Каб схаваць маршруты, пілоты выключаюць транспондары, а дыспетчараў падкупляюць, каб тыя выключалі сістэмы адсочвання.
Акрамя авіяканалаў, працуюць і марскія маршруты. Дзякуючы карупцыі ў партах і на ўзбярэжжы з Венесуэлы рэгулярна выходзяць судны, што накіроўваюцца ў Партугалію, Іспанію ды далей па Еўропе.
У снежні 2024‑га Іспанія канфіскавала 3,3 тоны какаіну на венесуэльскім рыбацкім судне каля Канарскіх астравоў. Раней улады Ірландыі перахапілі судна MV Matthew з 2,2 тоны какаіну на борце. Гэта была найбуйнейшая партыя наркотыку ў гісторыі краіны. Следства лічыць, што груз быў загружаны ў водах паблізу Венесуэлы.
Калумбійскія дылеры карыстаюцца і паўпадводнымі суднамі, якія выходзяць з Венесуэлы ў бок Іспаніі. У лістападзе партугальская паліцыя затрымала адно з такіх суднаў з 1,7 тоны какаіну. На борце быў венесуэльскі экіпаж.
Супрацоўнікі антынаркатычных службаў заяўляюць пра ўсё большую колькасць прыкмет удзелу Венесуэлы ў еўрапейскім наркагандлі. Іспанская паліцыя нядаўна затрымала 13 членаў венесуэльскай банды Tren de Aragua, што стала першым выпадкам у Еўропе.
Барацьба з трафікам
Адміністрацыя ЗША ўзмацніла ціск на ўлады Венесуэлы, абвінавачваючы рэжым Нікаласа Мадура ў датычнасці да наркатрафіку — Мадура гэта адмаўляе. У Вашынгтоне заяўляюць, што наносяць удары па суднах, якія нібыта вязуць наркотыкі, у тым ліку з Венесуэлы. Дзяржсакратар Марка Рубіа абгрунтоўвае аперацыі тым, што Венесуэла — транзітны вузел, і заяўляе, што еўрапейцам варта не крытыкаваць гэтыя дзеянні, а быць за іх удзячнымі.
Еўрапейскія сілавыя структуры ўзмацнілі супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі, але аб’ёмы паставак растуць хутчэй. У Сахелі сітуацыю ўскладніла серыя вайсковых пераваротаў, пасля якіх супрацоўніцтва з Захадам часткова развалілася.
На гэтым фоне патокі какаіну праз Венесуэлу і Заходнюю Афрыку працягваюць расці. Як адзначаюць даследчыкі ААН па наркотыках, разам з пастаўкамі расце і спажыванне: какаін усё часцей становіцца масавым не толькі ў Амерыцы і Заходняй Еўропе, але і ў рэгіёнах, дзе раней ён быў маргінальным — ад Аўстраліі да Усходняй Еўропы.
Каментары