Закрыццё межаў нельга лічыць эфектыўным метадам уплыву на рэжым Лукашэнкі — польскі эксперт
Стваральнік Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтру Павел Казанэцкі мяркуе, што Лукашэнка страціў сваю суб’ектнасць і пакуль так, то і палітыка датычна яго мусіць быць адпаведнай.

«Наш уплыў на ўсходнюю палітыку наогул, але перш за ўсё, вядома, на Беларусь на самой справе цяпер нулявы», — заявіў Павел Казанэцкі, польскі эксперт па Беларусі з вялікім стажам працы, у падкасце «Raport Międzynarodowy» на Onet Audio.
Па словах эксперта, закрыццё межаў нельга лічыць эфектыўным метадам уплыву на рэжым Лукашэнкі. На яго погляд, больш эфектыўна на рэжым можа паўплываць Кітай:
«Закрыццё мяжы таксама не метад уплыву. Гэта, вядома, нейкі метад уплыву, але мы павінны ўсведамляць, што мы дакладна не ў стане ўплываць на палітычныя змены ў гэтай краіне, мы не ў стане на самой справе будаваць нейкае доўгатэрміновае ўздзеянне.
Мы хутчэй рэагуем на падзеі ў гэтай краіне, чым уплываем на іх. Адзіны спосаб паўплываць — гэта праз размовы з тымі ж кітайцамі, што, напэўна, крыху спрацавала апошнім часам».
Адзінае, што застаецца ў магчымасцях Польшчы, гэта «сімвалічная» падтрымка беларускай апазіцыі.

Пры гэтым ён звяртае ўвагу, што Расія дзейнічае значна шырэй:
«Расіяне ў Беларусі сваю, можа не апазіцыю, але свае рухі ствараюць, свае актывы маюць. Перш за ўсё расіяне ў Беларусі стварылі вялікую сетку так званых «рускіх дамоў». Гэта сетка, якая ўздзейнічае на грамадства, якая фінансуе няўрадавыя арганізацыі, прарасійскія.
І гэта таксама спосаб уздзеяння на самога Лукашэнку, амаль што знізу, праз тую частку грамадства, якая больш прарасійская і для якой Пуцін большы аўтарытэт, чым Лукашэнка».
Змены ў Беларусі магчымыя толькі пасля змен у Расіі?
Аналізуючы магчымыя змены, эксперт адзначае, што перамены ў Беларусі пачнуцца з Расіі:
«Усё, што адбываецца на ўсходзе, не вечнае. І мы хутчэй дажываем зараз да нейкіх вялікіх перамен, змен, якія пачнуцца з Расіі. (…) Безумоўна, у Беларусі, калі пачнуцца змены ў Расіі, яны таксама пачнуцца і ў гэтай краіне. (…) Калі Уладзімір Пуцін у адзін цудоўны дзень адправіцца ў другое вымярэнне, то тады можа штосьці змяніцца, то стабільнасць Лукашэнкі будзе падарваная».
Пры гэтым ён прагназуе, што гэтыя перамены будуць унутрырэжымнымі і хутчэй таталітарнымі:
«Я думаю, што перамены пачнуцца ўнутры самога рэжыму. Гэта значыць, што прыйдуць тыя, хто ёсць яго часткай, а значыць, гэта дакладна не будуць дэмакратычныя перамены».
На думку Казанэцкага, рэжымы Лукашэнкі і Пуціна з’яўляюцца персанальнымі, і адыход моцных лідараў прывядзе да нестабільнасці:
«Ужо не будзе людзей з такім аўтарытэтам, як у Пуціна, і не будзе такой асобы, як Лукашэнка. <…> Мне здаецца, што яны не ў стане пераўтварыцца ў новую сістэму без такога палітычнага лідара».

На думку Казанэцкага, Польшча павінна быць паслядоўнай:
«Калі мы на працягу многіх гадоў імкнуліся падтрымліваць прадэмакратычныя сілы ў Беларусі, нягледзячы на розныя спробы камунікацыі з Лукашэнкам, эканамічнага супрацоўніцтва, то мы ўсё ж такі павінны падтрымліваць гэтую апазіцыю. (…) А для такіх людзей, як, напрыклад, спадар Латушка, зняцце аховы і шапкі польскіх службаў, якія гарантуюць у гэты момант бяспеку, у тым ліку, спадара Латушкі, ну, азначала б, насамрэч, смяротны прысуд».
Казанэцкі падкрэслівае, што «беларускія спецслужбы, як і расійскія спецслужбы, увесь час актыўна дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы». А 2020 год «быў не толькі выгнаннем апазіцыі з краіны, з Беларусі, але і такім жа выгнаннем велізарнай хвалі шпіёнаў».
На думку Казанэцкага, Літва да вайны ва Украіне мела іншы, больш прагматычны падыход да Мінска, у параўнанні з польскай палітыкай ціску:
«Літоўцы мелі трохі іншы падыход да Беларусі аж да моманту пачатку вайны ва Украіне. […] А літоўцы заўсёды рабілі бізнэс з Лукашэнкам. Так, яны ў асобныя моманты падтрымлівалі апазіцыю, напрыклад, калі кандыдатам быў Мілінкевіч, але ў цэлым — заўсёды былі за вядзенне бізнэсу з Лукашэнкам».
Паводле яго, гэта змянілася толькі пасля пачатку вайны:
«Пасля ўварвання ва Украіну Літва і мы апынуліся перад выбарам паміж жыццём і смерцю. Літоўцы прыйшлі да высновы, што ўжо няма з кім размаўляць. І я таксама — я шмат гадоў казаў: «Размаўляць з Лукашэнкам», а цяпер не бачу ў гэтым сэнсу».
Казанэцкі лічыць, што Лукашэнка страціў сваю суб’ектнасць:
«Літоўцы ўжо трактуюць Беларусь як частку Расійскай Федэрацыі ў вайсковым сэнсе. Ён страціў суб’ектнасць. І цяпер нават цяжка думаць пра нейкія размовы. Усе гэтыя гешэфты, каб экспарт ішоў праз іх порт, ужо малазначныя. Гэта дробязь».
Чаму ж тады з Лукашэнкам размаўляе Трамп?
Казанэцкі заўважае, што адначасова Трамп вядзе перамовы з Пуціным, таму гэта хутчэй спроба «знайсці яшчэ адзін канал кантакту з рэжымам Пуціна»:
«Лукашэнка тут можа быць адным з гэтых каналаў. Але не як самастойны суб’ект — хаця многія журналісты так гэта інтэрпрэтуюць», — даводзіць эксперт.
Каментары