У зняволенні памёр асуджаны па палітычных артыкулах даносчык і ўдзельнік акцый за Лукашэнку
У 2020‑м гісторык Георгій Сямёнаў званіў у міліцыю і прасіў пакараць сваіх суседзяў, якія збіраліся на раёне з бел-чырвона-белымі сцягамі. А сам стаяў з чырвона-зялёным сцягам ва Уруччы ў знак падтрымкі Лукашэнкі. Але ў 2024‑м прыйшлі і па яго. Сямёнаў трапіў за краты па двух палітычных артыкулах і за рэабілітацыю нацызму.

Надзейная крыніца паведаміла «Нашай Ніве» пра смерць 48‑гадовага прарасійскага актывіста Георгія Сямёнава, асуджанага па палітычных артыкулах, але не прызнанага палітвязнем. Дата і абставіны яго смерці пакуль невядомыя.
Георгій Сямёнаў мінчук. Скончыў школу ў Курасоўшчыне, а пасля гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1998).
Сямёнаў меў відавочна прарасійскую пазіцыю, а таксама актыўна падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку.
У жніўні 2020 года ён зрабіў два даносы ў сваім раёне, на вуліцы Казінца ў мінскай Курасоўшчыне.
«Стаяць грамадзяне, крычаць, у руках трымаюць бел-чырвона-белы сцяг. Каля 30 чалавек», — пазваніў ён 14 жніўня.
«На плошчы каля 15 чалавек зладзілі несанкцыянаваную акцыю, гучна слухаюць музыку, са сцягамі. Прашу дапамогі міліцыі, перашкаджаюць адпачываць жыхарам суседніх дамоў», — паведамляў ён 15 жніўня.
Сам жа Сямёнаў хадзіў на акцыі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і ўрэшце прыбіўся да суполкі «Спектр», якая збіралася побач з аднайменным гандлёвым цэнтры ва Уруччы.

«Спектр» — гэта маргінальная суполка пазасістэмных лукашыстаў, якая яднае самых адчайных цемрашалаў. Сярэдні ўдзельнік «Спектра» верыць у тое, што прышчэпкі шкодныя, што часткай беларускіх чыноўнікаў кіруе «калектыўны Захад». Яны горача падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна ды сумуюць па СССР.

У выніку «Спектр» трапіў у няміласць. У 2022‑м ім забаранілі праводзіць акцыі, і яны фактычна растварыліся. Сетка іх малавядомых і непапулярных каналаў фактычна згарнулася. Чым Сямёнаў займаўся пасля — невядома.
Актывіст актыўна падтрымаў Расію ў вайне супраць Украіны і шмат рэпосціў тэматычныя матэрыялы.

Таксама Сямёнаў рэгулярна рэпосціў матэрыялы аб'яднання «Саюз» адыёзнага неанацыста Сяргея Лушча. Той выступае за фактычнае аб'яднанне Беларусі з Расіяй і зацята змагаецца супраць усяго беларускага ў публічнай прасторы.
Паводле звестак «Кіберпартызанаў», апошняе месца працы Сямёнава — кампанія «Жэнцітрэйд». Пад гэтай юрыдычнай назвай працуе расійская сетка крам касметыкі і парфумерыі «Летуаль».
У жніўні 2024 года па Сямёнава прыйшлі. Сілавікі палічылі, што на адной са старонак, якую ён вёў, апраўдваўся нацызм.
У выніку прарасійскаму актывісту выставілі абвінавачванне па трох артыкулах — «рэабілітацыя нацызму» (ч. 1 арт. 130‑1 КК), «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Два апошнія дакладная палітычныя, але праваабаронцы не спяшаліся прызнаваць яго палітвязнем, бо не ведалі сутнасць справы.
Усе гэтыя артыкулы спецыфічныя — яны дазваляюць як абмежавацца штрафам ці хатняй хіміяй, так і прадугледжваюць калонію, аж да пяці гадоў. Аднак беларуская практыка паказвае, што з такім пакетам артыкулаў пазбегнуць калоніі было маларэальна.
Міліцыя дадала Сямёнава ў спіс «экстрэмістаў» 27 чэрвеня 2025 года з пазнакай «адбывае пакаранне». Гэта значыць, што яму прысудзілі ці хімію з накіраваннем, ці калонію. Аднак які дакладны тэрмін атрымаў Сямёнаў, невядома.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары