Настаўнік матэматыкі і інфарматыкі мінскай школы №54 Руслан Джамалаў адбываў дзесяцігадовае пакаранне па педафільскім артыкуле.
Былы палітзняволены Вадзім Ермашук расказаў пра тое, што была звольнена Дар'я Ласкаўнёва, начальніца медчасці бабруйскай калоніі.
На яго думку, прычынай сталі як яго шматлікія скаргі, так і смерць аднаго са зняволеных:
«Як мне патлумачыў таварыш, пасля ўсіх маіх скаргаў і заяваў у медыя ў калонію паехалі праверка за праверкай. І Ласкаўнёву якраз тады і звольнілі. Дадаткова на гэта магла паўплываць смерць настаўніка матэматыкі і інфарматыкі Руслана Джамалава. Ён, як і я, быў у «нізкім статусе», але за чаплянне да непаўнагадовых дзяўчат. Яго на зоне ўсе ненавідзелі і збівалі — нават за тое, што ён кашляў уначы ці хроп. Я даведаўся, што Джамалаў здзекаў не вытрымаў, у яго было слабае здароўе, таму ён памёр».
Незадоўга да смерці Джамалаў правёў прыкладна месяц у медчасці, аднак пасля яго вярнулі ў атрад.
Па словах Ермашука, настаўнік памёр па дарозе ў медчасць — калі зноў прыхапіла сэрца. Выратаваць яго не паспелі.

Руслан Джамалаў нарадзіўся ў 1961 годзе ў Ташкенце. У юнацтве пераехаў з Узбекістана ў Беларусь, на выдатна скончыў матэматычны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Працаваў настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі ў Бярэзінскай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, а пасля ў мінскіх школах №47 і №54. Публікаваўся ў часопісе нефармальнай адукацыі «Адукатар».
Газета «СБ Беларусь сёння» ў свой час расказвала, як у 2013 годзе Джамалава і яго маці пазбавілі пакоя ў інтэрнаце камбіната школьнага харчавання Ленінскага раёна. Так ён фактычна застаўся без дома і ваяваў з чыноўнікамі за жыллё. Каб вырашыць пытанне, мужчына думаў перасяліцца ў больш танны Астравец ці паехаць у Расію.
У 2018 годзе Джамалава арыштавалі за дзеянні сэксуальнага характару ў адносінах заведама непаўналетняй. Як гаворыцца ў прысудзе, якім з «Нашай Нівай» падзяліўся «Белпол», настаўнік засоўваў рукі пад спадніцу 9-гадовай вучаніцы, дакранаўся да яе ног і палавых органаў. Джамалаў не прызнаваў віну, даказваў, што яго дзеянні былі кваліфіканыя няправільна.
Ён атрымаў 10 гадоў зняволення.
Каментары