Беларускія мытнікі вінавацяць літоўскіх калег.

Калі на польскім кірунку чэргі з легкавых аўтамабіляў у апошнія тыдні гэта ўжо норма, то па літоўскім праблема абвастрылася ў гэтыя дні.
Паводле беларускіх мытнікаў, прыкметна скарацілася колькасць легкавога транспарту, які прымаецца літоўскімі службамі на выезд з Беларусі. «Прычына — у наўмыснай павольнай працы сумежнага боку», — сцвярджае беларускі бок.
«Мінулай ноччу ў літоўскім пункце пропуску «Мядзінінкай» (сумежны беларускі — «Каменны Лог») афармлялі за гадзіну ў сярэднім тры легкавыя аўтамабілі з Беларусі, у асобныя перыяды наогул не афармлялі. А на працягу гадзіны, згодна з нормамі, магчыма прыняць 25 адзінак. У чаканні выезду ў Літву тут ужо сабралася 400 легкавых аўтамабіляў», — паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.
Па яго інфармацыі, грузавікоў у дадзеным пункце пропуску, якія выязджаюць з Беларусі, аформілі толькі 13% ад магчымай колькасці.
Аналагічная сітуацыя і ў літоўскім пункце пропуску «Шальчынінкай» (сумежны беларускі — «Беняконі»). Тут раніцай, на працягу дзвюх гадзін, літоўскія кантралюючыя службы не ўпусцілі ніводнага легкавога аўтамабіля. Чарга павялічваецца», — пішуць беларускія мытнікі.
Згодна з данымі пагранічнікаў, у пункце «Каменны Лог» па стане на 12:00 стаялі 360 аўто, у «Беняконях» — 310. Учора чаргі на беларуска-літоўскай мяжы не было.
У пункце пропуска «Брэст» стаяць 4615 машын.
Каментары