Беларуска ў 21 год стала дырэктаркай крамы. Як ёй гэта ўдалося?
Дар'я Жашкевіч стала дырэктаркай крамы «Капеечка» ў 21 год. Дзяўчына за кароткі час дабілася уражлівага кар'ернага росту — ад касіркі да кіраўніцы. Як ёй гэта ўдалося, даведалася выданне Blizko.by.

Яшчэ ў школе Дар'я была ўпэўненая, што хоча стаць эканамісткай. Пакуль яна ішла да сваёй мары, уладкавалася касіркай у краму «Дабраном». Спачатку гэта была проста падпрацоўка на лета, потым першае месца працы пасля каледжа. Сёння Дар'я ўжо кіруе крамай «Капеечка» ў Аксакаўшчыне.
«Яшчэ ў школе дапамагала настаўнікам з паперкамі»
Дар'і заўсёды падабалася папяровая праца:
«Я калі ў школе вучылася, дапамагала настаўнікам з паперкамі важдацца: спісы скласці, праверыць лісточкі. І мне так хацелася працаваць эканамісткай: увесь час нешта лічыць».
Школьніца шмат чытала пра прафесію ў інтэрнэце і была ўпэўненая, што з выбарам не памыліцца. Пасля заканчэння школы яна адразу падала дакументы ў Мінскі фінансава-эканамічны каледж. А пакуль чакала вынікаў, вырашыла знайсці падпрацоўку.

На той момант цётка Дар'і працавала ў краме «Дабраном» у Ракаве старшай касіркай. Яна прапанавала абітурыентцы папрацаваць «на касе». Так ЗАТ «Дабраном» (аператар гандлёвых сетак «Капеечка», «Маяк» і «Дабраном») стала для Дашы першым месцам працы. Грошы, заробленыя за два месяцы, дзяўчына адклала на навучанне ў аўташколе.
«Мяне так цёпла прынялі. Я пасябравала з усімі работнікамі. Асабліва добрыя адносіны ў мяне склаліся з дырэктаркай, Аленай Іванаўнай», — з настальгіяй успамінае той час Дар'я.
Наступіла восень, пачалася вучоба ў каледжы. Веды, атрыманыя на практыцы, дапамагалі разабрацца ў тэорыі. А на летніх канікулах Алена Іванаўна прапанавала студэнтцы зноў папрацаваць у краме касіркай. Дзяўчына была радая вярнуцца ў «свой першы працоўны калектыў» і прыняла прапанову.
Не з паперкамі ў офісе, а ў краме з людзьмі
Вучоба ў каледжы праляцела незаўважна. Цяпер трэба было думаць не толькі пра часовую падпрацоўку, а вызначацца з пастаянным месцам працы.
Даша стала актыўна шукаць працу па спецыяльнасці, але нічога не атрымлівалася. На дапамогу прыйшоў «Дабраном»:
«Алена Іванаўна кажа: давай ты ў нас пакуль папрацуеш, а калі знойдзеш нешта сваё, то мы цябе адпусцім. Я пагадзілася», — расказала дзяўчына.

Праз некалькі месяцаў Дар'я не толькі знайшла вакансію, якую хацела, але і атрымала прапанову паспрабаваць сябе ў ролі старшай касіркі. Узважыўшы ўсе за і супраць, яна вырашыла пакуль адкласці «працу мары» і паспрабаваць сябе на новай пасадзе, якая больш складаная і лепш аплачваецца.
У будучыні ў Дар'і будзе яшчэ адна спроба рэалізаваць свае дзіцячыя мары і атрыманую адукацыю. Трохі стаміўшыся ад працы намесніцы дырэктаркі (так-так, Дар'я доўга не сядзела ў касірах, а працягвала расці), яна пойдзе працаваць бухгалтаркай у нехарчовую сетку крамаў. Але, на яе здзіўленне, хай працаваць з паперкамі і спакайней, душа прасіла «прыгод». І дзяўчына вярнулася ў «Дабраном»: у краме з людзьмі цікавей.
«Мама, я стала дырэктаркай»
Па натуры Даша цікаўны і актыўны чалавек. У дзяцінстве сваю энергію дзяўчына накіроўвала ў творчае рэчышча: займалася танцамі, грала на цымбалах. У дарослым жыцці займацца гэтым не стала калі, таму ўсе свае якасці яна праявіла на працы:
«Я заўсёды прасіла старэйшых калег паказаць мне што-небудзь яшчэ. Можна я і тут паспрабую, і там? Калі я працавала старшай касіркай, паралельна вывучала абавязкі загадчыцы аддзела і нават спрабавала сябе ў гэтай ролі — прымала тавар», — прызнаецца суразмоўца.
Дырэктарка бачыла ініцыятыўнасць маладой супрацоўніцы. Аднак пасаду загадчыцы аддзела прапанаваць не магла — не было вакансій. На той момант у краму патрабаваўся намеснік дырэктаркі, і Алена Іванаўна вырашыла вырасціць яго сама.

«Падчас адсутнасці дырэктара яго намеснік сустракае розныя праверкі. Таксама ён павінен правільна разлічыць колькасць тавару, які трэба заказаць у краму. Тавару не павінна быць занадта шмат ці занадта мала. Спачатку было страшна, але Алена Іванаўна мяне ўсяму навучыла», — прызнаецца Дар'я.
Даша і на пазіцыі намесніцы дырэктара паказвала добрыя вынікі. Таленавітую намесніцу не маглі не заўважыць, таму праз пэўны час Дар'і паступіла новая, яшчэ больш цікавая прапанова — стаць дырэктаркай крамы.
«Мне тры разы прапаноўвалі паспрабаваць сябе дырэктаркай. Але неяк страшна было: раптам не спраўлюся, раптам не спрацуюся з людзьмі. На трэці раз я зразумела, што гэта лёс. Трэба спрабаваць!», — успамінае дзяўчына.
Так з лістапада 2023 года (тады ёй быў 21 год) яна працуе на пасадзе дырэктаркі крамы «Капеечка» ў вёсцы Аксакаўшчына.
Дар'я ўспамінае, як падзялілася навіной пра сваё прызначэнне з сям'ёй:
«Я патэлефанавала маме. Было ўжо позна, напэўна, гадзін з 10 вечара. І такая ўся радасная кажу: мама, я стала дырэктаркай».
«Калі нехта з супрацоўнікаў заняты, іду дапамагаць»
Дар'я прызнаецца: калі ўпершыню ехала ў Аксакаўшчыну, у яе трэсліся рукі. Дзяўчына перажывала, як успрымуць яе, маладую спецыялістку, падначаленыя. Да таго ж многія з работнікаў крамы былі без вопыту — дырэктарка павінна ўсё растлумачыць і паказаць.
Дар'і трэба было запусціць першую сеткавую краму ў вёсцы. У буйных гарадах, магчыма, такая падзея не выклікала б ажыятажу. Але ў Аксакаўшчыне адкрыцця «Капеечкі» вельмі чакалі. Дзяўчыне хацелася апраўдаць чаканні мясцовых жыхароў.

Адкрываць гандлёвы пункт дапамагала група запуску — гэта каманда спецыялістаў, якая расстаўляе тавары, настройвае абсталяванне, навучае персанал і сочыць, каб крама была цалкам гатовая да прыходу першых пакупнікоў. Таксама на сувязі заўсёды былі Алена Іванаўна і намеснік рэгіянальнага кіраўніка Павел Анатольевіч.
У выніку ўсё прайшло добра. З калектывам Даша спрацавалася: падначаленыя ўспрымаюць маладую дзяўчыну як паўнавартасную кіраўніцу.
Ёй ужо даводзілася самой наймаць супрацоўнікаў. На сумоўі дзяўчына імкнецца здабыць прыхільнасць кандыдата да сябе. А яшчэ прызнаецца, што акрамя прафесійных навыкаў вельмі шануе ў людзях спагадлівасць і сумленнасць. Наяўнасць гэтых якасцяў дапамагае быць камандзе крамы на адной хвалі.
Але самае галоўнае — дырэктарцы няма калі сядзець на адным месцы, заўсёды знойдуцца «прыгоды». Менавіта гэта больш за ўсё і падабаецца актыўнай Дашы:
«У мяне крама маленькая і каманда невялікая. Калі хтосьці з супрацоўнікаў заняты, іду дапамагаць: дзесьці на касе пакупніка абслужу, дзесьці машыну прыму або выстаўлю тавар».
Працэсы адладжаныя
Быць дырэктаркай адказна, але Дар'і падабаецца. Цяпер ужо ўсе працэсы адладжаныя, працуецца спакойна і без форс-мажораў.
Разважаючы пра будучыню, Дар'я кажа, што плануе працаваць у кампаніі «Дабраном» і далей. А калі захочацца расці, то, магчыма, разгледзіць яшчэ больш «актыўныя» пасады. Напрыклад, дзяўчына вельмі хацела б дапамагаць дырэктарам пры запуску новых крам, кансультаваць іх перад адкрыццём гандлёвага пункта. Такія спецыялісты пастаянна ў раз'ездах. Таму Даша ўжо збірае грошы на ўласны аўтамабіль, каб стаць на крок бліжэй да новай мары.
«Не проста запальваем, а адраджаем традыцыю». Ліхтаршчык з Брэста расказаў пра магію святла, гузік на ўдачу і старадаўнюю музыку
Беларуска натхняльна расказала, як атрымала новую прафесію ў Германіі пасля 45 гадоў
Гэтых прафесій не заменіць штучны інтэлект. Беларусы могуць лёгка атрымаць такую адукацыю ў Еўропе
Каментары