У Тульскай вобласці экс-баец узарваў гранату, якую прыцягнуў з вайны ва Украіне. Загінулі чатыры чалавекі
Аляксей быў неаднаразова судзімы і з калоніі пайшоў на вайну ва Украіну. Са сваімі таварышамі пасварыўся.

Сёння ноччу ў пасёлку Куркіна Тульскай вобласці Расіі 32-гадовы Аляксей пасварыўся з 23-гадовым Савеліем і яго сябрам, 29-гадовым Андрэем. Раней яны сябравалі, але апошнім часам сталі часта канфліктаваць з Аляксеем, бо той падазраваў, што Савелій ужывае наркотыкі, піша тэлеграм-канал «Осторожно, новости».
Паводле слоў знаёмых загінулых, гэта адбывалася з-за «паняццяў» Аляксея, які лічыў сябе мясцовым «крымінальным аўтарытэтам». Ён неаднаразова быў судзімы. У тым ліку за вымаганне, крадзеж, неправамернае завалоданне аўтамабілем і прычыненне асабліва цяжкай шкоды. У 2023 годзе над ім устанавілі адміністрацыйны нагляд пасля таго, як ён зноў быў асуджаны за вымаганне.
Як сцвярджаюць знаёмыя ўдзельнікаў канфлікту, Аляксей зноў быў асуджаны і з калоніі пайшоў служыць на вайну ва Украіну. Нядаўна ён вярнуўся дадому. Гэтай ноччу ў яго з Савеліем зноў адбыўся канфлікт, Аляксей дастаў гранату, якую забраў з фронту.
Адбыўся выбух, на месцы загінулі трое чалавек: сам Аляксей, Андрэй і бацька Савелія. Самога Савелія павезлі ў бальніцу, ён памёр па дарозе.
У СК па Тульскай вобласці пацвердзілі гібель чатырох чалавек пры дэтанацыі выбуховага прыстасавання. Заведзеная крымінальная справа. Паводле папярэдніх даных, дэтанацыя адбылася побач з прыватным домам у Куркіна.
Каментары