«Бураць, бураць і атрымліваюць ваду». Лукашэнку давялося тлумачыць, чаму знайсці радовішчы нафты не так проста
22 ліпеня Лукашэнка сабраў у сябе нараду па пытаннях здабычы вуглевадароднай сыравіны. Падчас яе ён адзначыў, што ўрадам быў падрыхтаваны план-графік правядзення геолагаразведачных работ, але яго тэрміны падаліся яму надта зацягнутымі — аж да 2030 года. У выніку яму давялося тлумачыць, што надта хутка гэта ў прынцыпе не робіцца.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў патлумачыў, што па стане на сёння сістэма па геолагаразведцы ў краіне выбудаваная дзейнасцю двух прадпрыемстваў: РНПЦ па геалогіі з сістэмы Мінпрыроды і вытворчага аб'яднання «Беларусьнафта». Першае праводзіць работы па пачатковым пошуку вуглевадародаў, абгрунтоўвае неабходнасць наступнага бурэння і акрэслівае зоны магчымай нафтагазаноснасці.
«Спачатку праводзіцца праца, абгрунтаванні, забурка, вызначаюцца запасы вуглевадародаў і пасля гэтага перадаем «Беларусьнафце» для наступнага», — расказваў намеснік міністра.
«А яны бураць, бураць і атрымліваюць ваду», — перабіў, не вытрымаўшы, Лукашэнка.
Чыноўнік патлумачыў, што падчас правядзення геафізічных работ вада і нафта ў прынцыпе па ўсіх катэгорыях паказваюць адзін і той жа вынік, і таму без бурэння немагчыма разабрацца, што менавіта там хаваецца на глыбіні 3-4 кіламетры.
Тады Лукашэнка падняў старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава, які заявіў, што «Белнафта» адмовілася прыняць ад НПЦ на геалогіі 7 свідравін, бо яны неперспектыўныя.
«Гэта значыць, дарасследавала «Беларусь-нафта» пасля навукоўцаў, так? І сказалі — хлопцы, нам такія свідравіны і вашы прапановы не патрэбныя, таму што там нічога няма. Значыць, гэты час, а гэта не адзін год, РНПЦ спрацавала марна?» — паставіў пытанне Лукашэнка.
А калі Герасімаў заявіў, што «практычнага выніку ад іх дзейнасці фактычна няма», то Лукашэнка стаў намякаць, што РНПЦ па геалогіі можа і ўвогуле непатрэбны.
Віктар Галанаў патлумачыў:
«Гаворка ідзе пра 7 свідравін, якія на сёння знаходзяцца на балансе нашага РНПЦ па геалогіі. Гэта значыць, за ўвесь перыяд, апошнія дзесяцігоддзі, каля 14 свідравін перададзена «Беларусь-нафце» ў прамысловую эксплуатацыю. Па ўсіх па іх праведзеныя работы, вызначаныя запасы, і перададзеныя яны «Беларусь-нафце» для далейшых даследаванняў і прамысловай эксплуатацыі.
Разам з тым 7, якія засталіся на сёння на балансе РНПЦ, яны малапрадуктыўныя. Гэта значыць, у іх нафта ёсць, але эканамічны эфект ад іх адмоўны будзе. І таму на сёння яны выконваюць навуковую мэту і навуковую задачу.
Таму што зыходзячы з тых даных, якія мы атрымалі ў выніку бурэння гэтых свідравін, мы прагназуем далейшае рэгіянальнае вывучэнне ў гэтай мясцовасці. Гэтыя свідравіны, якія малапрадуктыўныя, застаюцца на нашым балансе і выконваюць мэту навуковых даследаванняў».
«Вось так прыгожа сказана, але ці гэта сапраўды па-гаспадарску мае сэнс?» — пацікавіўся Лукашэнка.
Яго запэўнілі, што ў выніку такой працы комплексам геафізічных даследаванняў вызначаюцца дадатковыя свідравіны, якія могуць даць прырост запасаў нафты на найбліжэйшыя 5 гадоў. Але для гэтага трэба правесці па іх поўны комплекс даследаванняў.
«Я дакладна ведаю, што ў нас тут рэзервы ёсць, як і ў любым кірунку нашай дзейнасці. Таму трэба не разгойдвацца, а свідраваць і свідраваць. Але свідраваць з розумам і з укараненнем новых тэхналогій! Любое свідраванне, любая геолагаразведка павінны быць апраўданыя», — упэўнены Лукашэнка.
Гендырэктар «Беларуснафты» Аляксандр Ляхаў, думку якога Лукашэнка таксама спытаў, стаў на бок Віктара Галанава. Паводле слоў Ляхава, Мінпрыроды і НПЦ па геалогіі, які працуе пры ім, вядуць найбольш рызыкоўны этап работ — параметрычнае пошукавае бурэнне. Толькі кожная трэцяя такая свідравіна можа даць нафту або газ, а ў частцы выпадкаў няма магчымасці атрымаць рэнтабельную прадукцыю.
«Гэта сусветная практыка. Гэта радовішчы, якія маюць запасы менш за 100 тысяч тон. З адной такой свідравіны можна арганізаваць гадавую здабычу не больш за 300-400 тон. Для гэтага трэба пабудаваць адпаведныя камунікацыі і падаць гэтую нафту ў нафтазборную інфраструктуру. Практычна акупнасці тут няма. І так адбываецца ў многіх краінах свету», — сказаў ён.
У Польшчы знайшлі вялікае радовішча нафты і прыроднага газу
«А зможаце вылецець заўтра?» Джон Коўл расказаў, як піў з Лукашэнкам гарэлку, каб дамовіцца пра вызваленне палітвязняў
Дзяржаўныя каналы нечакана паказалі, як выглядаюць рэзідэнцыі Лукашэнкі знутры. Раней камеры туды не траплялі
«Пажартавалі з бульбай у мінулым годзе — атрымалі ад насельніцтва па вушах». Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў да сур'ёзнасці
Цяпер чытаюць
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары
Вось з гэтай кропцы і пачынаюцца ўсе праблемы. Калі дыктатар у чымсці ўпэўнены, і загадвае рабіць замест таго, каб спачатку падыйсці да пытання "з розумам" і ацаніць, ці ўвогуле ёсць камерцыйны сэнс ўкладаць грошы і пачынаць рабіць? А потым вінаваты НПЦ па геалогіі, Беларуснафта, чорт, д'ябл - толькі не дыктатар, які пераканаў сабе ў тым, што Беларусь нібыта з'яўляецца нафтавай краінай. Якога не ніхто не абіраў і які змарнаваў грошы падаткаплатнікаў дзеля ўласных хацелак