Культура77

На Віцебшчыне прадаюць унікальную сядзібу, па праект якой гаспадары ездзілі ў далёкую Брытанію

Руіны рамантычнага замка ў вёсцы Лескавічы Шумілінскага раёна, які спалучае ў сабе рысы сярэднявечнай архітэктуры і мадэрну, выстаўленыя на аўкцыён. Расказваем, чаму нічога падобнага ў краіне больш няма і чым у пачатку мінулага стагоддзя захапляла заходніх крытыкаў беларуская сядзіба. 

Сядзібны дом у Лескавічах па праекце брытанскага архітэктара Бэйлі Скота. Як відаць, архітэктар слаба ўяўляў сабе Беларусь, дзе ніколі не быў, бачачы яе таямнічым, дзікім і небяспечным краем далёка на ўсходзе, дзе мноства камянёў, лясоў і гор. Фота: Wikimedia Commons

Электронныя таргі па продажы сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах запланаваны на 7 жніўня. Падаць заяўку на ўдзел у аўкцыёне можна да 4 жніўня. Пачатковая цана складае 5 100 рублёў (каля 1500 даляраў). 

Зарослыя масіўныя руіны нагадваюць забыты сярэднявечны замак, але насамрэч з'яўляюцца недабудаваным творам моднага шатландскага архітэктара пачатку XX стагоддзя. 

Руіны сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: hawat.by

«Мастацтвы і рамёствы»

Сядзіба Хлюдзінскіх у Лескавічах, пра якую нічога не ведаюць у Беларусі, стала аб'ектам увагі польскіх даследчыкаў яшчэ дзесяцігоддзі таму. У 1996 годзе польская мастацтвазнаўца Малгажата Аміляноўская апублікавала грунтоўны артыкул «Два польскія праекты М. Х. Бэйлі Скота», прысвечаныя творчаму шляху брытанскага архітэктара і яго сувязям з нашым рэгіёнам. 

Макей Х’ю Бэйлі Скот быў адным з найвыбітных прадстаўнікоў англійскага мастацкага руху «Мастацтвы і рамёствы» (Arts and Crafts), які вызначыў кірунак развіцця архітэктуры на мяжы XIX—XX ст. у Вялікабрытаніі і меў уплыў далёка за яе межамі. 

«Arts and Crafts». 

Эпоха, у якой працаваў Бэйлі Скот, — пераломны час для еўрапейскай культуры: індустрыялізацыя, урбанізацыя, крызіс акадэмічнай архітэктуры і рост цікавасці да нацыянальных традыцый.

У адказ на механізацыю і масавую вытворчасць, якая часта прыводзіла да страты эстэтыкі і рамеснай якасці, паўстае рух «Мастацтвы і рамёствы». Ён абапіраўся на філасофію Джона Рэскіна і Уільяма Морыса, якія заклікалі вярнуцца да ручной працы, шчырасці матэрыялу і гармоніі паміж архітэктурай і прыродай. Рух «Мастацтвы і рамяства» быў ідэалагічна блізкім памкненням англійскіх мастакоў-прэрафаэлітаў, таму рудавалосых дзеваў з іх карцін лёгка ўявіць у антуражы інтэр'ераў Бэйлі Скота.

Майстар сядзібнай архітэктуры

Макей Х’ю Бэйлі Скот нарадзіўся ў 1865 годзе каля прыморскага Рамсгейта (графства Кент) у сям’і шатландскага паходжання. Атрымаўшы сельскагаспадарчую адукацыю ў Сайрэнсестэры, ён нечакана для сябе выбраў шлях архітэктара. У 1886 годзе пачаў вучыцца архітэктуры ў архітэктара і антыквара Чарльза Дэвіса ў Баце, што вызначыла яго далейшы прафесійны лёс.

Макей Х’ю Бэйлі Скот. Фота: Wikimedia Commons

У 1889 годзе Бэйлі Скот пераехаў на востраў Мэн, дзе пачаў працаваць памочнікам архітэктара, а з 1893 года адкрыў уласную практыку ў Дугласе. Ужо тады ён пачынае фарміраваць свой унікальны стыль, спалучаючы функцыянальнасць з высокай эстэтыкай, рамесніцкім падыходам і павагай да мясцовага кантэксту. Праз некалькі гадоў, у 1901 годзе, ён пераносіць бюро ў Бэдфард, а пасля Першай сусветнай вайны, у 1919 годзе — у Лондан, дзе працуе разам з партнёрам Артурам Эдгарам Берэсфардам (1881-1952).

Бэйлі Скот спецыялізаваўся на загарадных сядзібах, дамах і дачах, чыя прастора была тонка прадумана і якія былі гарманічна ўбудаваныя ў ландшафт.

Ён не абмяжоўваўся архітэктурай у вузкім сэнсе, але ўспрымаў дом як цэласную мастацкую сістэму, уключаючы інтэр’ер, мэблю, афармленне саду, колеравыя схемы і нават дробныя дэталі быту.

Ключавым архітэктурным прынцыпам Скота быў цэнтральны хол, які выступаў не проста як уваходнае памяшканне, а як духоўны і прасторавы цэнтр жыцця сям’і. Яго праекты характарызуюцца асіметрычнасцю, натуральнымі матэрыяламі, адкрытай кроквеннай сістэмай, невялікімі вокнамі, эркерамі, верандамі і шчыльным кантактам з прыродай.

Блэквел-хаус, спраектаваны Бэйлі Скотам. Фота: Wikimedia Commons

Акрамя архітэктурнай працы, Бэйлі Скот шмат пісаў. Яго кнігі «Дамы і сады» (Houses and Gardens; 1904, 1906) сталі не толькі творчымі маніфестамі, але і падручнікамі для новага пакалення архітэктараў. Ён актыўна друкаваўся ў часопісах The Studio, The Builder і Country Life, што зрабіла яго вядомым па ўсёй Еўропе.

Цягам 1890-1910-х гадоў ён атрымаў прызнанне не толькі ў Вялікабрытаніі, але і ў Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Румыніі, Польшчы, ЗША. У 1901 годзе быў запрошаны да ўдзелу ў конкурсе дармштацкага сецэсіёну.

Камін у холе Блэквел-хауса. Фота: beatingthebounds.wordpress.com 
Другі камін у холе Блэквел-хауса. Прыкладна такая атмасфера мусіла панаваць і ў сядзібе Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: beatingthebounds.wordpress.com 

Нягледзячы на тое, што пасля 1907 года стыль «Мастацтвы і рамёствы» паступова выходзіць з моды, Бэйлі Скот застаецца яму верным да канца жыцця. Ён усё больш працуе «для душы», асабліва пасля таго, як атрымаў у спадчыну вялікі гатэль Kensington Palace Hotel, і фінансавая неабходнасць у выкананні архітэктурных заказаў знікла.

Белая зала ў Блэквел-хаусе. Фота: beatingthebounds.wordpress.com

Бэйлі Скот памёр у 1945 годзе, пакінуўшы пасля сябе каля 130 архітэктурных праектаў, многія з якіх сталі іконамі англійскага загараднага стылю. Яго ўплыў, хаця і не заўсёды прамы, адчуваўся ў Фінляндыі, Чэхіі, Венгрыі, а таксама часткова ў Польшчы. 

Сярод яго праектаў былі і два «дамы ў Польшчы», якія, відаць, насамрэч былі прызначаны для беларускіх маёнткаў. Прынамсі пра адзін з іх, сядзібу Хлюдзінскіх у Лескавічах, гэта вядома дакладна.

Першы «польскі дом»

Першы заказ «з Польшчы» Бэйлі Скот атрымаў у 1903 годзе, пасля поспеху на дармштацкім конкурсе на праект «дома для аматара мастацтва». Хаця сам Бэйлі Скот у сваіх тэкстах называў яго «домам у Польшчы», у артыкуле ў «The Builder» праект падпісаны як «дом у Расіі».

«Дом у Расіі», спраектаваны Бэйлі Скотам у 1903 годзе. Від з паўднёвага захаду. Фота: The Builder, 1908.

У лісце за 1904 год сам архітэктар згадвае, што «яго расійскія кліенты» хацелі сустрэцца з ім у Англіі да пачатку лета, але, на жаль, ён ніколі не згадваў імёнаў заказчыкаў або назваў мясцовасцяў, для якіх прызначаліся яго праекты.

Дакладна можна сказаць толькі, што праект прызначаўся для тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, якая адышла да Расійскай імперыі. Не выключана, што гэта былі беларускія губерні — зрэшты, Хлюдзінскія мусілі неяк даведацца пра Бэйлі Скота, а звычайна такія рэчы перадаюцца праз суседзяў, знаёмых або сваякоў.

Спальня першага «польскага дома» Бэйлі Скота. 1903. Фота: Houses and Gardens

З сітуацыйнага плана вынікае, што новы дом павінен быў быць пабудаваны на тэрыторыі ўжо існуючай рэзідэнцыі, размешчанай на беразе возера. Старая сядзіба была прызначаная да зносу, аднак архітэктар захаваў шэраг элементаў: гаспадарчыя пабудовы, аранжарэю, чайны домік, старыя дрэвы і лініі пад’ездаў. Новы дом павінен быў гарманічна ўпісацца ў прыроднае асяроддзе — яго размясцілі на схіле, які плаўна спускаўся да вады. 

Планы першага «польскага дома» Бэйлі Скота. 1903. Фота: Houses and Gardens

Прасторава дом быў двухпавярховым, са свабоднай, асіметрычнай кампазіцыяй і характэрным для праекта Бэйлі Скота афармленнем інтэр'ераў. 

Асаблівую ўвагу архітэктар надаваў тэрасаванаму саду, дзе размяшчаўся стаў і зялёны лабірынт — з’ява, невядомая для Польшчы і Беларусі таго часу, але характэрная для англійскіх сядзіб.

Генплан першага «польскага дома» па праекце Бэйлі Скота. 1903. Фота: Houses and Gardens

Зрэшты, нельга выключаць, што першы «польскі дом» праектаваўся для тых жа Лескавічаў: занадта падобная берагавая лінія возера Лескавічы да берагавой лініі на генплане, а пазначаны на ім пункцірам складаны абрыс старой сядзібы нагадвае той фасад, які мы бачым на адзіным вядомым здымку старой сядзібы Хлюдзінскіх, апублікаваным польскім даследчыкам Раманам Афтаназы. 

Фрагмент генплана першага «польскага дома». Чорным колерам залітыя пабудовы, якія ўзводзіліся ці захоўваліся па праекце Бэйлі Скота. Пункцірам пазначаныя контуры старой сядзібы, якую планавалі знесці — не выключана, што гэты праект таксама прызначаўся для Лескавічаў. 1903. Фота: Houses and Gardens
Старая сядзіба Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: Wikimedia Commons

Другі «польскі дом»

Другі з «польскіх» праектаў Бэйлі Скота задакументаваны куды лепш. Ён быў выкананы на замову шляхецкай сям’і Хлюдзінскіх для маёнтка ў Лескавічах на беразе аднайменнага возера. Першы варыянт праекта быў распрацаваны ў 1912 годзе, другі — прыняты да рэалізацыі — верагодна, праз некалькі месяцаў, бо ён упершыню быў апублікаваны ў The Studio ў 1913 годзе.

Лескавічы належалі роду Хлюдзінскіх з пачатку XIX стагоддзя. У 1912 годзе маёнтак знаходзіўся ва ўласнасці Войцеха Хлюдзінскага. На сёння няма дакладных звестак пра тое, пры якіх абставінах Хлюдзінскі заказаў праект новай сядзібы ў англійскага архітэктара.

Першапачатковы варыянт другога «польскага дома», выкананы ў стылі венскага сецэсіёну. 1912 год. Фота: The Studio, ліпень 1912-га

Абодва варыянты праекта Скота прадугледжвалі будаўніцтва ідэнтычнага будынка. Адрозненне было толькі ў выкарыстанні зусім розных архітэктурных стыляў.

Двухпавярховы будынак быў запраектаваны на квадраце з чатырма крыламі, згрупаванымі вакол унутранага двара, і з чатырохвугольнымі вежамі, амаль цалкам заглыбленымі ў асноўны аб'ём. Да паўночна-заходняй вежы з захаду прылягала невялікае аднапавярховае гаспадарчае крыло. Планіроўка інтэр’ераў у абодвух варыянтах праектаў была амаль ідэнтычнай.

Паводле першага праекта ўнутраны двор меў быць накрыты купалам. Сцены сядзібы былі атынкаваныя і памаляваныя ў белы колер, дахі былі плоскімі, сцены, якія неслі купал, праразалі тэрмальныя вокны, астатнія — прамавугольныя. Вуглы аб'ёма, на які абапіраўся купал, падпіралі контрфорсы, увянчаныя стылізаванымі фігурамі анёлаў.

Дом сецэсіёну ў Вене, з якім брытанскія мастацтвазнаўцы параўноўваюць першапачатковы праект сядзібнага дома ў Лескавічах. Фота: Wikimedia Commons

Увесь гэты праект не меў нічога агульнага ні з творчасцю Бэйлі Скота, ні з мясцовай архітэктурай. Брытанскі гісторык мастацтва Джэймс Д. Корнвулф слушна адзначыў падабенства гэтага праекта да будынкаў венскага сецэсіёну, у прыватнасці, да Дома сецэсіёну ў Вене і твораў Ота Вагнера.

На малюнку, апублікаваным у The Studio, пазначана, што ён быў выкананы Аленам Чэндлерам, але невядома, ці быў той суаўтарам праекта, ці толькі ілюстратарам. Корнвулф выказвае здагадку, што выбар такога незвычайнага для Скота стылю мог быць вынікам пажадання кліента або «экзатычнага характару заказа».

Сярэднявечны варыянт

Другі варыянт праекта прадугледжваў цалкам іншае стылістычнае рашэнне. Толькі вежы заставаліся двухпавярховымі, а другія паверхі крылаў паміж імі хаваў высокі дах, што надавала будынку масіўнасці і сярэднявечнай суровасці.

Другі варыянт сядзібы ў Лескавічах. Від з вышыні птушынага палёту з паўночнага ўсходу. 1913 год. Фота: The Architect, № 92, лістапад 1914-га

Фасады павінны былі заставацца неатынкаванымі: унізе сцены вымуроўвалі з вялікіх валуноў, зверху — з дробнага каменю з цэглай, выкладзенай у рамбічны ўзор. Часткі ўсходняга крыла і фасады ўнутранага двара павінны былі мець фахверкавую канструкцыю.

Усё гэта разам з шатровымі дахамі вежаў і невялікай колькасцю вокнаў надавала сядзібе Хлюдзінскіх выгляд мініяцюрнага сярэднявечнага замка.

Бэйлі Скот, як заўсёды, спраектаваў таксама інтэр'еры сядзібы. Памяшканні размяшчаліся ўздоўж вонкавых сцен і былі звязаныя вузкім калідорам-галерэяй з боку ўнутранага двара. Другі паверх амаль цалкам быў прызначаны пад спальні. 

Цэнтральным памяшканнем рэзідэнцыі павінен быў стаць хол, вядомы па каляровым эскізе, які займаў усё ўсходняе крыло — як у шырыню, так і ў вышыню. У холе было вялікае эркернае акно, якое адкрывалася ў бок двара, і вялікі камін, сцены былі ўпрыгожаны фахверкавай канструкцыяй, а столлю служыў дах з адкрытымі ў інтэр'еры кроквамі.

Планы сядзібы ў Лескавічах, спраектаванай Бэйлі Скотам. 1913. Фота: Houses and Gardens

З поўначы да холу прымыкала сталовая, злучаная вінтавой лесвіцай са студыяй на верхнім паверсе. За сталовай, у паўночным крыле, размяшчаліся невялікі пакой для адпачынку, прыбіральні і службовыя праходы, злучаныя з кухняй у паўночна-заходняй вежы. Побач знаходзіліся іншыя гаспадарчыя памяшканні і бакавая лесвіца, якая вяла ў пакоі для прыслугі.

Бібліятэка ў паўднёва-ўсходняй вежы была двухпавярховай, прычым верхняя частка знаходзілася на ўзроўні першага паверха, а ніжняя ў сутарэннях — дзякуючы значнаму паніжэнню рэльефу ў гэтым куце.

Хол сядзібы ў Лескавічах, спраектаванай Бэйлі Скотам. 1913. Фота: Academy Architecture and Architectural Review, № 53, 1921

Сярэднявечны характар будынка Бэйлі Скот тлумачыў месцазнаходжаннем маёнтка: мясцовасць, маўляў, была дзікай, гарыстай і небяспечнай — яе часта наведвалі банды разбойнікаў. Наўрад ці што-небудзь з гэтага было праўдай, але ва ўяўленні архітэктара далёкі беларускі край выглядаў менавіта так. 

Размяшчэнне і планіроўка сядзібы мусілі абараніць гаспадара ад суровага клімату і нападаў, а ўнутраная прастора — адпавядаць рамантычнаму духу і тутэйшай вясковай гасціннасці.

Пра ход будаўніцтва сядзібы ў беларускіх Лескавічах пісалі англійскія прафесійныя выданні. Крытыкаў захапляў той факт, што будаўніцтва вялося амаль у сярэднявечных умовах — пад кіраўніцтвам гаспадара і сіламі мясцовых рабочых, а цэглу і дахоўку выраблялі на месцы.

Руіны адной з вуглавых вежаў сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: hawat.by

Берэсфард, партнёр Бэйлі Скота, у сваіх мемуарах, напісаных пасля смерці архітэктара ў 1945 годзе, апісаў, як выглядала супрацоўніцтва з панам Хлюдзінскім. Паколькі Скот не мог асабіста назіраць за будаўніцтвам, якім кіраваў сам Хлюдзінскі, архітэктурная майстэрня, акрамя звычайных чарцяжоў, падрыхтавала поўны камплект схем, якія паказвалі ў разрэзе ўсе канструкцыйныя дэталі — «амаль поўны том будаўнічых чарцяжоў».

Але ў выніку, аднак, Скот не атрымаў поўнай аплаты ад заказчыка. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Еўропе хутка разгарэлася Першая сусветная вайна, а за ёй прыйшла і Кастрычніцкая рэвалюцыя. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў Хлюдзінскія пазбавіліся сваіх уладанняў, а амбіцыйная сядзіба па праеце англійскага архітэктара, відаць, засталася недабудаванай.

Сцяна сядзібы, выкладзеная падабранымі і абчасанымі пад памеры цэглы камянямі. Фота: hawat.by

Да нашага часу засталіся рэшткі вежаў сядзібы, але нават яны здзіўляюць сваім незвычайным дэкорам: замест хаатычнай муроўкі з бутавых камянёў, характэрнай для беларускіх сядзіб і храмаў, сцяну пакрываюць выразныя рады каменнай «лускі», падагнанай па памеры да цэглы, якой выкладзеныя рамбічныя ўзоры. 

Зварот да англійскага архітэктара, хоць і выглядае экзотыкай, цалкам вытлумачальны: у пачатку ХХ стагоддзя ў Расійскай імперыі панавала мода на Англію. Мы ўжо калісьці расказвалі пра тое, як беларускі шляхціц, архітэктар Іван Жалтоўскі пераконваў сваіх заказчыкаў перарабіць праекты, выкананыя ў модным англійскім стылі, у класічным духу, якім ён сам быў захоплены.

Скляпенні сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: hawat.by

Але ў Беларусі анічога аддалена падобнага на Лескавіцкую сядзібу не існавала. Нават першы «польскі дом» таго ж Бэйлі Скота, калі ён быў рэалізаваны на нашых землях, не настолькі выбіваецца з беларускай архітэктуры, як другі яго праект. Праект быў шырока прадстаўлены ў замежным друку і часта згадваўся ў польскім, але заставаўся і застаецца абсалютна незаўважаным у Беларусі.

Руіны адной з вуглавых вежаў сядзібы Хлюдзінскіх у Лескавічах. Фота: hawat.by

Тое, што майстэрня Бэйлі Скота падрыхтавала поўны камплект чарцяжоў і дэталіровачных схем, дае надзею, што іхнія копіі, якія, магчыма зберагаюцца дзесьці ў брытанскіх архівах, у давесак да ілюстрацый з брытанскіх часопісаў, дапамогуць новым уладальнікам да дробязяў, у тым ліку дэкору і мэблі, аднавіць арыгінальную задуму архітэктараў, завяршыць незавершанае.

Калі б такі праект аднаўлення быў рэалізаваны, то сядзіба ў Лескавічах, у якой спалучаюцца сярэднявечная суровасць і закрытасць з казачнай рамантычнасцю, не мела б сабе роўных у радыусе соцень і соцень кіламетраў. На жаль, мясцовыя ўлады не бачаць золата пад сваім носам — сядзіба па праекце англійскага архітэктара нават не мае ахоўнага статусу.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Арт
    10.07.2025
    Дзякуй, нават не ўяўляў, што на Беларусі такое можна сустрэць.
  • Алег
    10.07.2025
    «На жаль, мясцовыя ўлады не бачаць золата пад сваім носам» — каб дабыць гэтае золата, патрэбна багата высілкаў і грошай, няслушна так казаць.

    Але канешне, добра было б, каб праект быў бы рэалізаваны.
  • CV
    10.07.2025
    Алег, часта дастаткова абараніць ад знішчэння, прыбрацца і папулярызаваць

Цяпер чытаюць

Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная6

Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная

Усе навіны →
Усе навіны

«Маем адну важную зачэпку». Расследавальнікі працягваюць пошук Мельнікавай5

Беларускі верталёт намагаўся збіць дрон, што заляцеў у Літву11

Аляксандр Глеб не выказвае публічнай нязгоды з Лукашэнкам, бо гэта можа пацягнуць наступствы для яго сям'і11

«Спрабаваў вылавіць кепку». На Мінскім моры амаль суткі шукаюць мужчыну, які выпаў за борт яхты

У Беларусі актыўна будуюць дзяржаўныя майнінгавыя фермы. Яны дапамогуць падняць эканоміку?7

Ціханоўскі: Пазняк звар'яцеў, шкада чалавека150

У Беларусі ўвядуць адказнасць за гей-прапаганду. Штраф — да 800 рублёў5

Маскоўскае «Тарпеда», якое трэніруе беларускі спецыяліст, выключылі з Расійскай прэм’ер-лігі

У Літву з тэрыторыі Беларусі заляцеў нейкі апарат. Спачатку падумалі — шахед4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная6

Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць