Грамадства77

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Жыццё Анатоля Занковіча — гэта няпростая гісторыя ХХ стагоддзя, расказаная праз лёс аднаго чалавека. Яго сям’я зазнала раскулачванне, Анатолю давялося пажыць пры паляках, саветах і нацыстах. Урэшце мужчына эміграваў у ЗША, дзе 40 гадоў адпрацаваў хірургам у Чыкага. Сваю гісторыю ён расказаў «Нашай Ніве». 

Доктару Анатолю Занковічу споўнілася 100 гадоў. Фота: Facebook / Natalla Hardziyenka

Сёлета Анатолю Занковічу споўнілася 100 гадоў. Ён кажа, што ў яго няма сакрэту даўгалецця. «Проста жыў, добра ставіўся да людзей, слухаў іншых, трываў і не падаў духам».

Сям’я Занковічаў, у якой было 10 дзяцей, паходзіць з вёскі Сіўцы (Вілейскі раён).

Анатоль нарадзіўся там у 1925 годзе, калі вёска ўваходзіла ў Польскую Рэспубліку. Яго бацькі мелі вялікую гаспадарку. 

«Дома заўсёды гаварылі па-беларуску»

«Дома мы заўсёды гаварылі па-беларуску, — згадвае Анатоль. — Дзеці ішлі ў польскую школу — там, вядома, польская мова, але як толькі вярталіся дадому, ніводнага польскага слова ніхто не чуў. Бацькі таксама гаварылі толькі па-беларуску. Яны вучыліся яшчэ ў царскай школе, калі Беларусь была пад Расійскай імперыяй, таму ўмелі пісаць па-руску.

Па-беларуску гаварылі, але не мелі магчымасці вучыцца на роднай мове — улада не давала. Мы, беларусы, да палякаў ставіліся добра, і яны да нас таксама. Хаця часам было і такое. Адзін польскі настаўнік неяк сказаў мне: «Чаму ты гаворыш мужыцкай мовай?» А я маўчаў — нічога не адказаў — і надалей гаварыў па-беларуску».

Фота: асабісты архіў Занковіча

У Другую сусветную вайну з прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь бацькоў Анатоля раскулачылі. Сям’я выжыла дзякуючы запасам, якіх хапіла на пэўны час. Потым часта галадалі. 

«Мы ўсе жылі разам, людзі былі знаёмыя паміж сабой, ніякіх канфліктаў не было. А потым — усё раптам змянілася. Чаму яны прыйшлі раскулачваць менавіта да нас? Гэта вельмі цікава, чаму людзі так мяняюцца. 

Вось, напрыклад, братоў Барыса, Сяргея і сястру Антаніну, якія нічога не зрабілі, не супрацоўнічалі з немцамі, забілі партызаны, якія крычалі, што яны «рускія». Чаму людзі змяняюцца так? Чаму сёння жывеш побач з чалавекам, а заўтра ён гатовы цябе забіць? Гэта цяжка зразумець», — кажа ён і плача.

Анатоль згадвае, што з прыходам саветаў людзі ў вёсцы сталі баяцца за сваё жыццё, бо многіх забіралі ў лагеры ў Сібір.

«Баяліся, што саветы вывезуць у Сібір»  

Нямецкае войска прыйшло ў родную вёску Анатоля ў ліпені 1941-га. Тады ён вучыўся ў Вілейскай беларускай гімназіі.

«Для беларусаў гэта быў час выпрабаванняў, бо многія хаваліся ў лясах — уцяклі з Чырвонай Арміі ці проста не хацелі з ёй звязвацца. Але жыць у лесе — гэта цяжка, трэба было нешта есці. Партызаны прыходзілі да мясцовых, да мужыкоў, патрабавалі — то адзежу, то ежу. Часам у адносінах была ўзаемнасць, але бывала, што проста забіралі ўсё сілай», — расказвае ён.

Па словах Анатоля, некаторыя мясцовыя лічылі, што немцы далі пэўную свабоду, бо выгналі рускую армію і дазвалялі вучыцца на беларускай мове.

«Нямецкая акупацыя многім здавалася нават лепшай за савецкую, — кажа ён. — Наша гімназія працягвала існаваць. Толькі будынак яе немцы забралі пад салдацкія патрэбы. Вучні пераехалі ў іншыя дамы і школы. Але навучанне працягвалася — былі класы, былі беларускія настаўнікі, і навучанне ішло на беларускай мове».

У 1944-м Анатоль пайшоў вучыцца ў афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны. Калі немцы сталі адступаць з Беларусі пад ціскам савецкай арміі, Анатоль эвакуяваўся ў Германію. 

«Усіх маладых эвакуявалі ў Германію. Я ўжо быў там, калі даведаўся, што і мае бацькі таксама выехалі. Яны апынуліся ў Дрэздэне, далёка ад мяне. Бацька і маці паехалі ў Нямеччыну толькі таму, што вельмі баяліся, што саветы іх вывезуць у Сібір. Жылі яны проста, былі звычайныя беларускія людзі, сельскія, не палітыкі. Але тады ўжо многія разумелі, што можа здарыцца — арышты, высылкі. Але праз нейкі час яны вярнуліся ў Беларусь. 

Беларуская моладзь ваеннага часу. Фота: асабісты архіў Занковіча

Тады прыходзілі савецкія афіцэры і ўгаворвалі: «Вяртайцеся». Так многія і зрабілі. На жаль, многія тыя, хто паверыў і вярнуўся, — іх адразу вывезлі ў Сібір. Таму мой брат Жорж і я вырашылі застацца ў Германіі, мы баяліся», — расказвае Занковіч.

«Працавалі ў амерыканскай салдацкай кухні»

У Германіі Анатоль трапіў на службу ў РОА — армію генерала Уласава, сфарміраваную з палонных і эмігрантаў, якая ваявала на баку Трэцяга рэйха.

«Нас павінны былі накіраваць у беларускія [часці], але ніхто добра не ведаў, хто ёсць хто. Таму мяне па памылцы выслалі ў рускую класічную армію. Проста пераблыталі. Ніхто з нас сам не выбіраў, проста так здарылася», — кажа ён. 

У Рэгенсбургу — нямецкім городзе непадалёку ад Чэхіі — Анатоль разам з іншымі ўласаўцамі здаўся амерыканскаму войску.

«Каб выжыць, мы працавалі ў амерыканскай салдацкай кухні. Елі разам з амерыканскімі салдатамі, яны былі вельмі добрыя да нас. Адчувалася свабода. Амерыканцы забралі зброю ў тых, у каго яна была. А ў мяне застаўся пісталет у кішэні, і я яго так і захаваў нават у лагеры.

Страшна зусім не было. Мы былі ў вялікім лагеры, там было каля пяцідзесяці тысяч чалавек — не толькі беларусы, але і ўкраінцы, і палякі. Амерыканцы добра да нас ставіліся, кармілі. Было адчуванне, што ніхто нас не збіраецца караць», — кажа ён. 

У арміі ў Анатоля былі сябры, беларускія хлопцы, яны трымаліся разам. Ён узгадвае, што ў лагер прыязджалі і савецкія афіцэры і пераконвалі ўсіх вяртацца ў Савецкі Саюз. 

«Некаторыя паверылі і вярнуліся, — расказвае ён. — Саветы націскалі, пераконвалі. Аднак аднойчы генерал амерыканскі пачуў пра гэта і сказаў: «Калі хто хоча — няхай вяртаецца, але ніякага прымусу быць не павінна». І ён загадаў гэта афіцыйна, бо былі выпадкі, што людзей сілай забіралі, і тыя, хто не хацеў вяртацца, нават сябе забівалі, каб не трапіць у СССР. Гэта быў страшны час. Але добра, што амерыканцы паставіліся з павагай — хто хацеў, мог застацца».

«Першапачаткова думаў пра палітыку, але разумеў, што быць медыкам — гэта стабільная праца, дзе б я ні быў»

У 1946 годзе Анатоль скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. Яна была заснавана ў лагеры для перамешчаных асоб у Рэгенсбургу з мэтай падрыхтоўкі беларускай моладзі для паступлення ў ВНУ. Пасля нядоўга вучыўся ў Тэалагічна-філасофскай вышэйшай школе. Быў заснавальнікам і старшынёй Рэгенсбургскага аддзела Згуртавання беларускіх студэнтаў у Германіі. З другога семестра Анатоль вырашыў перавесціся на медыцынскі факультэт Мюнхенскага ўніверсітэта. Анатоль марыў стаць доктарам.

Але ў 1949 годзе ў Заходняй Германіі была праведзена грашовая рэформа і гэта змяніла планы, давялося пераехаць. 

«У Нямеччыне ўсё стала вельмі цяжка — змянілі грошы, інфляцыя, жыць стала цяжка. Мы пачулі, што ў Бельгіі, у горадзе Лювэне, універсітэт дае магчымасць вучыцца. Там быў беларускі рух, падтрымка. Таму ў 1949-м я пераехаў у бельгійскі Лювэн. Спачатку запісаўся ў гімназію пры ўніверсітэце. Праўда, цяжка было, бо мы не гаварылі па-французску. Пачыналі з таго, што размаўлялі з прафесарамі па-нямецку. Але нас падтрымлівалі — далі стыпендыю, кармілі. Гэта была добрая магчымасць жыць вольна і вучыцца», — расказвае ён. 

Анатоль адвучыўся на хірурга і ў 1956-м атрымаў дыплом. Пацікавіліся, чаму ён абраў менавіта медыцыну. 

Фота: асабісты архіў Занковіча

«Увогуле першапачаткова думаў пра палітыку, але разумеў, што быць медыкам — гэта стабільная праца, дзе б я ні быў. Таму пайшоў у медыцыну. У Бельгіі тады многія беларусы, якія вучыліся, не маглі працаваць па спецыяльнасці, бо быў такі асаблівы закон, але з часам у краіне яго змянілі — беларусы атрымалі права адкрываць сваю практыку і працаваць самастойна, а не разам з іншымі дактарамі. На жаль, я ўжо на той момант выехаў у ЗША і не вярнуўся», — расказвае ён. 

«Жонка была на дзесяць гадоў маладзейшая за мяне»

У Бельгіі Анатоль пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Матыльдай. 

«Я быў на медыцынскім, яна — на факультэце французскай мовы, філолаг. Матыльда была на дзесяць гадоў маладзейшая за мяне, калі пазнаёміліся, ёй было 18, а мне — 29. Яна размаўляла на французскай, таксама на нямецкай. Паступова сышліся, і ў 1956 годзе ажаніліся. Жонка вельмі палюбіла беларусаў. Калі яе бацькі даведаліся пра мяне, яны не былі супраць, каб яна выходзіла замуж за мяне, бо я беларус.

Фота: асабісты архіў Занковіча

У нас трое дачок, адна з іх пайшла з жыцця ў маладым узросце: анкалогія. Маем чатырох унукаў. Адзін з іх матэматык, два іншыя — адвакаты, а малодшы вучыць карэйскую мову». 

У 1958 годзе разам з жонкай Анатоль пераехаў жыць у ЗША. 

«У Бельгіі жылі шмат маіх сяброў — беларусы, чэхі, украінцы, палякі, — якія выязджалі ў Амерыку. Але ў той час я бачыў, што трэба будзе шукаць лепшыя магчымасці. Я пачаў чытаць часопісы і даведаўся, што амерыканскія шпіталі шукаюць лекараў. Напісаў у некалькі шпіталей, і адзін у Ілінойсе адказаў, што я магу атрымаць працу. Я хутка атрымаў грын-карту», — расказвае ён.

Матыльда пагадзілася ехаць з Анатолем. «Добра, давай цяпер адукоўваць Амерыку», — сказала жанчына.

«Яна пайшла з жыцця нядаўна, гэта стала для мяне вялікай стратай. Мы аб’ехалі з ёй усю планету, акрамя Японіі, куды таксама хацелі паехаць. Мне цікава было ўбачыць, як людзі за тысячы гадоў не змяніліся, захаваўшы сваю культуру і менталітэт».

Фота: асабісты архіў Занковіча

«З братам мы разам з'ездзілі ў нашу вёску Сіўцы. Там амаль нічога не засталося — вёскі былі спаленыя»

Будучы хірургам, Анатоль пераважна праводзіў аперацыі на жываце. 

«Аднойчы зрабіў дзве аперацыі на лёгкіх, дзе выдаліў часткі лёгкіх, у якіх быў рак. Былі і вельмі адказныя аперацыі на вялікім сасудзе сэрца — аорце. Гэта было вельмі цяжка, бо памылка магла прывесці да сур’ёзных ускладненняў, нават страты ног. Астатнія аперацыі былі больш простыя ў параўнанні», — згадвае ён. 

Фота: асабісты архіў Занковіча

У Беларусі ў Анатоля засталіся стрыечныя браты. Адзін з іх жыве ў Мінску — скульптар Валянцін Занковіч. 

«Мы сустракаліся ў Мінску ў 1993 годзе, тады Станіслаў Шушкевіч запрасіў беларусаў з усяго свету на з’езд. А з братам мы разам з'ездзілі [заадно] ў нашу вёску Сіўцы. Там амаль нічога не засталося — вёскі былі спаленыя. Маіх бацькоў пахавалі ў Вілейцы — недалёка ад вёскі. Там таксама пахаваныя мае дзяды па маці і па бацьку».

У эміграцыі Анатоль не забыўся на беларускую мову. У Чыкага, па яго словах, беларусы заўсёды збіраліся разам і гаварылі па-беларуску. 

«Мая жонка не гаварыла па-беларуску, дзеці таксама, часам яны пераходзілі на французскую, але я заставаўся з беларускай мовай», — кажа ён. 

Фота: Facebook / Natalla Hardziyenka

Што дапамагала Анатолю па жыцці?

«Усюды было цяжка, бо быў такі час, але я заўсёды трымаўся, любіў хадзіць у школу, хаця некаторыя сябры сыходзілі з заняткаў, не любілі вучыцца. Можа, прага да вучобы неяк і дапамагала. 

Я бачыў шмат войнаў. Гэта людская прырода. Войны пачынаюцца, бо людзі не могуць пагаварыць і знайсці паразуменні. Каб вайны не было, трэба пачынаць са школы, адукацыі, з дапамогі людзям, з дабрыні. Трэба вучыць людзей мірнаму жыццю, каб вайна не паўтаралася». 

Каментары7

  • Ёсік
    05.06.2025
    Павага чалавеку, колькі ўсяго перажыў. Топчуць Беларусь расейцы трэцьцяе стагодьдзе, і не хочуць спыняцца.
  • Імя
    05.06.2025
    Красунчык. Здароўя і радасці!
  • Лёс беларуса
    05.06.2025
    https://kamunikat.org/lyos-belarusa-zankovich-anatol

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска абурылася коштам лісічак у 55 рублёў за кілаграм3

Сярэдні заробак «бруднымі» складае 911 даляраў4

Адначасова дзве аварыі пад Мінскам, пацярпелі некалькі чалавек. Людзі кажуць пра зачараваны ўчастак трасы

«Пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі». Амерыканскі адвакат пра міграцыйную палітыку ЗША пры Трампе2

Купалаўскі тэатр прапаноўвае новую паслугу: цяпер там можна пабрацца шлюбам13

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Грузіі, асудзілі па чатырох палітычных артыкулах10

У Амурскай вобласці Расіі разбіўся самалёт з 49 чалавекамі на борце

Два малыя браты атрымалі моцныя апёкі пры распальванні лазні

Ходзіць легенда, што Озі Осбарн адкусіў галаву жывому кажану. А што ж адбылося насамрэч?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць