Беларуска хацела ўзяць ката ў польскім прытулку, але ў яе запатрабавалі пастаянны від на жыхарства
Колькі Марыя сябе памятае, з ёй заўсёды былі коцікі — жывёл дзяўчына брала з прытулку. Пасля пераезду ў Польшчу беларуска таксама звярнулася ў прытулак, каб узяць коціка — але ёй адмовілі, таму што ў яе не было пастаяннага ДНЖ. Затым тое ж сказалі ў котакафэ.

Але дзяўчына не здалася — і ўсё ж такі атрымала ката. Яна расказала Most як ёй удалося завесці гадаванца.
«На OLX ты бярэш ката ў мяшку»
У Польшчу Марыя пераязджала з коткай, якую брала яшчэ ў беларускім прытулку. Але ў яе праявілася прыроджанае захворванне. Нягледзячы на спробы Марыі вылечыць жывёлу, яна памерла.
— Адыходзіла ад гора дастаткова доўга. Але я не ўяўляю жыцця без ката. Думак, дзе яго ўзяць, нават не ўзнікала: я ўсё жыццё брала іх з прытулкаў, — распавядае Марыя.
Прасцей было б узяць гадаванца з рук па аб'яве, але гэты варыянт беларуска гатова была разгледзець адным з апошніх.
— Як бы гэта ні гучала, але на OLX (анлайн-пляцоўка аб'яў. ) ты бярэш ката ў мяшку — невядома, што з жывёлай было, дзе яе знайшлі і як яна жыла. Я вельмі баялася, што ў жывёлы зноў вылезе хвароба і яна памрэ праз пару гадоў, — хацела максімальна сябе засцерагчы, — распавядае Марыя.
У сацсетках да дзяўчыны таксама звярталіся беларускія валанцёры, якія вельмі прасілі ўзяць ката. Абяцалі перавезці жывёлу праз мяжу. Але на такі варыянт яна не вырашылася — кошт перавозкі дасягаў 3 тыс. злотых.
«Зрэзалася на першым жа пытанні»
Узяць жывёлу з польскага прытулку не так проста, як з беларускага. Ад будучых гаспадароў патрабуюць запоўніць анкету, прыйсці на сумоўе, а пасля прадэманстраваць сваю кватэру — там павінны быць неабходныя ўмовы. У некаторых выпадках нават могуць апытаць суседзяў — ці не супраць яны ката ці сабакі.
— Мяне ўсё гэта не палохала. Я паглядзела, якія ёсць прытулкі ў Труймясце (так у Польшчы называюць Гданьск, Гдыню і Сопат), і звязалася з тым, дзе была самая зручная анлайн-форма для запаўнення анкеты і прызначэння візіту.
Марыі прызначылі сумоўе. А на ім супрацоўнікі прытулку адразу спыталі, які ў яе ДНЖ — у дзяўчыны быў часовы. Тады ёй паведамілі, што не даюць жывёл замежнікам, у якіх няма пастаяннага дазволу на жыхарства — сталага побыту.
— Зрэзалася на першым жа пытанні, — рэзюмуе дзяўчына.
Марыя пярэчыла. Казала, што сябруе з палякамі, якія могуць за яе паручыцца. У сацсетках пісалі, што камусьці ўдавалася ўзяць ката і з часовым ВНЖ. Але супрацоўнікі былі непахісныя.
«Заплюшчыўшы вочы на няшчасную карту»
Тады Марыя звязалася з гаспадыняй мясцовага катакафэ — установа таксама аддае жывёл. Але і яна адмовіла, як толькі даведалася што ў беларускі няма карты сталага побыту. Тым не менш дзяўчына ўсё ж такі настаяла на асабістай сустрэчы.
— Мы пагаварылі, гаспадыня на мяне паглядзела і сказала, што ад мяне зыходзіць добрая энергія — мне можна даверыць коціка, заплюшчыўшы вочы на няшчасную карту побыту.
Уладальніца катакафэ агучыла адзіную ўмову — усталяваць на балконе кватэры ахоўную сетку, каб кот не выпаў. Але аказалася, такія работы каштуюць амаль 3 тыс. злотых (800 даляраў) — столькі Марыя была не гатова аддаваць. Таму сетку нацягнула самастойна і адправіла відэа ўладальніцы кафэ.
— Яна сказала, што гэты варыянт ёй не падыходзіць і балкон небяспечны, — распавядае Марыя.
«Падпісала дамову, што абавязуюся не жывадзёрыць»
Пакуль беларуска разважала, ці гатова яна аддаць 3 тыс. злотых за прафесійную ўстаноўку балконнай сеткі, да яе звярнулася знаёмая полька.
— Мне параілі ветэрынара, які бярэ жывёл з вуліцы, лечыць, пакідае на некаторы час у клініцы і шукае ім гаспадароў. Сяброўка сказала, што ва ўрача зараз якраз ёсць два каты цяжкага лёсу, якіх не змаглі прыстроіць. Я яшчэ тады перапытала ў сяброўкі: «Ветэрынару дакладна не патрэбна карта побыту?» — успамінае Марыя.
У клініцы беларуску пазнаёмілі з коткай. Жывёла была стэрылізаванай і прышчэпленай, ёй было каля года. На сустрэчы Марыі сказалі, што гатовы аддаць котку хоць заўтра.
— Усё, што ад мяне запатрабавалі, — подпіс дамовы, у якой я абавязуюся не жывадзёрыць. Калі ёсць праблемы, вярнуць котку адкуль узяла, а не выкідваць на вуліцу. І літаральна ўсё.
«Думаю, ужо патрэбны другі кот»
Таксама Марыю папрасілі ў першыя тыдні адаптацыі дасылаць клініцы фота коткі. Жывёла жыве з дзяўчынай ужо месяц, і беларуска шле фота і відэа да гэтага часу — кажа, што за час жыцця ў клініцы котка стала ўсеагульнай улюбёнкай.
— Кошка вельмі актыўная і камунікабельная. Я думаю, што ёй як быццам ужо патрэбны другі кот, — смяецца дзяўчына.
Увесь працэс заняў у Марыі каля двух месяцаў. Беларуска лічыць важным наладзіць асабісты кантакт з прытулкамі або спецыялістамі.
— Заўсёды ёсць шанец, што ў табе ўбачаць чалавека і зразумеюць: у Беларусі катоў не ядуць на сняданак і чалавеку можна іх даверыць.
Каментары
К сожалению, очень много инфантильных людей, которые берут животное, потом при первом личном кризисе от него избавляются. Но так как "стыдно" вернуть в приют, то выкидывают на улицу, или еще хуже.
По поводу сеток, если кто-то столкнется - рекомендую спрашивать не в одной фирме, а сразу у всех кто попадется (ищите не только в гугле, но и фб, olx), так как цены очень разные, порой с потолка взятые.