Спорт

Чаму жонкі футбольных форвардаў атакавалі адна адну. У Англіі завяршаецца «Справа Вагаты Крысці»

У Вярхоўным судзе Лондана завяршаецца зорны судовы працэс: Колін Руні, жонка легенды англійскага футбола Уэйна Руні, адсудзіла больш за 3 мільёны фунтаў у Рэбекі Вардзі — жонкі легенды англійскага футбола Джэймі Вардзі.

Ілюстрацыя: Julia Quenzler

Колін Руні абвінаваціла Рэбеку Вардзі ў тым, што тая брала інфармацыю з яе закрытага для публікі інстаграм-акаўнта і прадавала яе таблоіду The Sun. Вардзі падала на Руні пазоў аб паклёпе, але прайграла. У выніку яна ўжо выплаціла 1,8 мільёна фунтаў па самой справе, а цяпер Вярхоўны суд вырашыў, што яна павінна заплаціць яшчэ 1,4 мільёна фунтаў судовых выдаткаў, піша Бі-бі-сі.

Гэтая справа праходзіла ў максімальна адкрытым рэжыме, што зрабіла Колін Руні і Рэбеку Вардзі не меншымі зоркамі, чым іх мужы. Абедзве цяпер працуюць у медыя і займаюцца дабрачыннасцю.

У прэсе ўвесь працэс назвалі «справай Вагаты Крысці» — ад насмешлівай і нават здзеклівай абрэвіятуры WAG (wives and girlfriends — жонкі і сяброўкі). Таблоіды даўно так празвалі некаторых спадарожніц футбалістаў з-за іх даволі фрывольнага ладу жыцця: яны любяць ездзіць са сваімі мужамі на вялікія турніры ў Еўропу, дзе закупляюцца адзеннем у буціках, а па вечарах кампаніяй п’юць кактэйлі ў дарагіх гатэлях і часта трапляюць у скандалы.

Гэтая гісторыя пачалася ў 2019 годзе, калі інфармацыя з закрытага інстаграм-акаўнта Колін Руні пачала з’яўляцца ў таблоідзе The Sun. Жонка легендарнага англійскага форварда пачала ўласнае расследаванне. Яна адразу ж выключыла з ліку падазраваных тых падпісчыкаў, якія нарадзіліся або жывуць у Ліверпулі, як яна сама і яе муж (справа ў тым, што горад шмат гадоў байкатаваў The Sun за прадузятае асвятленне трагедыі ў Хілсбара, дзе ў 1989 годзе ў цісканіне загінулі 97 фанатаў футбольнага клуба «Ліверпуль»).

Колін Руні змяніла налады свайго акаўнта так, што новыя пасты магла ўбачыць толькі Рэбека Вардзі, і пачала публікаваць заведама ілжывую інфармацыю.

Так чытачы The Sun даведаліся, што ў доме сям’і Руні затапіла падвал, што Колін Руні наведала нейкага чалавека ў Мексіцы, які нібыта ведае, як яшчэ да зачацця зрабіць так, каб нарадзіўся хлопчык або дзяўчынка. Нарэшце, таблоід напісаў, што Колін Руні возьме ўдзел у танцавальным шоу, у якім удзельнічаюць прафесіяналы ў пары са зоркамі свецкага жыцця. Нішто з гэтага не было праўдай.

Тады Колін Руні напісала ў твітары (цяпер X), што абвінавачвае ў «злівах» Рэбеку Вардзі. Тая ў адказ падала ў Вярхоўны суд Англіі пазоў аб паклёпе.

Судовы працэс пачаўся ў маі 2022 года. Апытаныя журналістамі юрысты яшчэ тады адзначалі, што падобная справа аб паклёпе, тым больш адразу ў вышэйшай інстанцыі — гэта нонсэнс. Звычайна такія пазовы ўрэгулёўваюцца ў прыватным дасудовым парадку і ў максімальна закрытым рэжыме, у першую чаргу, каб бакі пазбеглі рэпутацыйных страт.

Але гэты працэс быў гучным і не раз смяшыў журналістаў, што яго асвятлялі, і публіку. Напрыклад, абедзве галоўныя ўдзельніцы пастаянна пачыналі свае паказанні са слоў: «Калі шчыра…», чым у выніку вывелі з сябе суддзю, які нагадаў, што яны даюць паказанні пад прысягай, і гэта павінна па вызначэнні азначаць, што яны праўдзівыя.

Падчас допыту Рэбекі Вардзі высветлілася, што галоўную ўліку, тэлефон з перапіскамі, яна нібыта выпадкова патапіла ў Паўночным моры, калі адпачывала з мужам у Шатландыі. А агент Вардзі Кэралайн Уот, атрымальніца паведамленняў і, па ўсёй бачнасці, пасярэдніца (суд не змог гэта ўсталяваць дакладна) паміж Вардзі і таблоідам, сказала, што выпадкова выдаліла іх падчас няўдалага рэзервовага капіявання.

Адвакаты Колін Руні адказалі на гэта спасылкай на прэцэдэнт 1772 года, калі суд пастанавіў, што калі доказы па справе знішчаны наўмысна, то менавіта яны павінны стаць галоўнымі пры вынясенні рашэння — нават калі яны проста апісаныя вербальна. Паводле іх слоў, да сучасных электронных прылад гэты прэцэдэнт таксама прымяняльны.

Прэса звярнула ўвагу, што абедзве ўдзельніцы працэсу ператварылі яго ў паказ мод, кожны раз з’яўляючыся на пасяджэннях у вопратцы ад галоўных дызайнераў свету.

У судзе ў якасці сведкаў выступілі і мужы, Уэйн Руні і Джэймі Вардзі, што разам гулялі за зборную Англіі ў 2016 годзе. Прэсе падалося, што яны ставяцца адзін да аднаго больш дружалюбна, чым іх жонкі. Напрыклад, Рэбека Вардзі параўнала Колін Руні з голубам, прамовіўшы: «Вы можаце сказаць ёй, што вы маеце рацыю, а яна — не, але яна ўсё роўна нагадзіць вам на галаву».

У судах Вялікабрытаніі забаронена фатаграфаваць, у зале можна працаваць толькі мастакам, якія робяць скетчы. Трое з іх, што працавалі ў адным стылі — Элізабет Кук, Джулія Квенцлер і Прысцыла Коўлман — сталі асобнымі гераінямі гэтага працэсу — з-за іх своеасаблівай манеры малюнка, дзе героі былі мала падобныя на сябе.

Так, Уэйн Руні атрымаў у сацсетках і прэсе параўнанні з вядомым сваёй паўнатой каралём Генрыхам VIII і проста з бульбай, а яго жонка Колін — з маці Нормана Бэйтса з культавага фільма Альфрэда Хічкока «Псіха». Рэбека Вардзі ўдастоілася параўнання з Майклам Джэксанам.

Асноўная частка суда завяршылася летам 2022 года. Суд палічыў паказанні Колін Руні значна больш праўдзівымі і надзейнымі і прысудзіў ёй кампенсацыю ў памеры 1,8 мільёна фунтаў. Рэбека Вардзі казала, што вельмі засмучаная, але абскарджваць рашэнне не будзе.

У гэтыя дні суд вырашае, які з бакоў і у якім аб’ёме аплаціць судовыя выдаткі. Рашэнне чакаецца на днях, калі бакі абгавораць, хто будзе павінен рэшту яшчэ не абгавораных выдаткаў, але папярэдні вынік ужо вядомы. Каля 90%, гэта 1,4 мільёна фунтаў, павінна будзе аплаціць Рэбека Вардзі.

Тая настойвала на суме каля 100 тысяч і працягвае змагацца літаральна за кожны фунт. Напрыклад, яна запатрабавала выключыць з агульнай сумы парадку 230 фунтаў, якія адвакаты Колін Руні патрацілі на ежу ў рэстаране і ваду з міні-бара ў гатэлі. Адвакаты адказалі на гэта Рэбеке Вардзі, што яна «сама вінаватая ў сваім няшчасці» і ёй варта задумацца.

Рэбека Вардзі яшчэ ў 2023 годзе зарэгістравала назву «Вагата Крысці» ў якасці таварнага знака і плануе выпускаць пад гэтым брэндам касметыку, напоі, ювелірныя вырабы і вопратку.

Журналіст Бі-бі-сі Пол Глін, які асвятляў працэс, пісаў, што гэта напэўна дапаможа ёй аплаціць частку выдаткаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Падазронага актывіста-стукача Паўла Бялюціна прывезлі з Турцыі1

Падазронага актывіста-стукача Паўла Бялюціна прывезлі з Турцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскі Тэатр лялек не паспеў анансаваць прэм’еру па Быкаву, як квіткі на чэрвень і ліпень разабралі2

Трамп афіцыйна абвясціў 8 мая Днём перамогі ў Другой сусветнай вайне3

Беларусам дасылаюць паведамленні пра атручаную ваду на 9 мая

Ай-яй-яй, далі слова Барадуліну9

КДК пагражае закрываць крамы, калі ў іх няма бульбы4

Аліеў у апошні момант адмовіўся ляцець у Маскву на парад2

EPAM і Wargaming заплацілі ў Літве мінімальныя падаткі за больш чым два гады

Данута Перадня выехала з Беларусі

У Вялікабрытаніі збіраюцца заводзіць крыміналкі на тых, хто залазіць на помнік Чэрчылю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падазронага актывіста-стукача Паўла Бялюціна прывезлі з Турцыі1

Падазронага актывіста-стукача Паўла Бялюціна прывезлі з Турцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць