Культура11

«Яна вучыць любіць Беларусь». Выйшла кніга з 4000 фотаздымкаў беларускай прыроды

У «Новым тэатры» Варшавы прайшла прэзентацыя кнігі «Кут», якая змяшчае чатыры тысячы фотаздымкаў дзікай прыроды Беларусі і гісторыі пра кожны з іх. За выданнем стаіць дзесяцігадовае фотапаляванне на звяроў, незвычайныя беларускія мясціны, нетрывіяльныя ракурсы. «Кніга можа змяніць успрыманне Беларусі», — кажуць аўтары. Чаму гэта так, у чым канцэпт кнігі, якія складанасці былі ў працы, удзельнікі праекта расказалі на прэзентацыі, піша Budzma.org.

01 Razvarot knihi KUT.png
Разварот кнігі «Кут»

Над кнігай працавала каманда з фатографаў Вячаслава і Аляксея, дызайнера Змітра і рэдактаркі Вольгі — яны зрабілі яе цалкам самі, не звяртаючыся па дапамогу да выдавецтваў.

Вячаслаў і Аляксей, інжынеры па адукацыі, аматары фатаграфіі з ранняга дзяцінства, яшчэ ў школе вучыліся праяўляць стужкі і друкаваць здымкі.

02 Prezientacyja prajekta KUT.jpg
Прэзентацыя праекта «Кут»

Вячаслаў расказвае, што захапляўся фатаграфіямі зямлі. У пэўны момант стала не хапаць ракурсаў, таму ён задумаўся над тым, як можна падняць камеру ў паветра. Упершыню паспрабаваў у бабулі на вёсцы, намагаючыся прыстасаваць звычайную вэб-камеру да паветранага змея — вядома, нічога не атрымалася. Ва ўніверсітэцкія часы набыць дроны было немагчыма, таму як студэнт-праграміст Слава сам навучыўся іх рабіць.

«Калі атрымалася падняць камеру ў паветра на самаробным дроне, адбыўся проста ваў-эфект — я ўбачыў, якая прыгожая Беларусь зверху», — узгадвае ён.

Каб высветліць, дзе знайсці незвычайныя куткі для фатаграфіі, Слава выкарыстоўваў спадарожнікавыя мапы. Яны дапамагалі даведацца, ці будзе разліў на Прыпяці, каб зняць дрэва ў вадзе — адзін з самых цікавых кадраў у кнізе. Незвычайна і асабліва кранальна выглядаюць здымкі мясцін у форме сэрца.

03 Fatohrafy pakazvajuć hledačam zdymak vostrava ŭ formie serca.jpg
Фатографы паказваюць гледачам здымак вострава ў форме сэрца

«Пры дапамозе Google-мапаў я заўважыў возера, якое ці то падобна на сэрца, ці то не. Я вырашыў паехаць і агледзець яго на месцы — яно знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, у трох гадзінах язды ад Мінска. Высветлілася, што толькі ў цэнтры над возерам можна ўбачыць гэта сэрца, а з іншых ракурсаў — возера як возера, — расказвае фатограф.

— Чарговае сэрца недалёка ад Мінска атрымалася не зверху, а крыху збоку справа. Калі падляцець проста зверху, сэрца не будзе бачна. Я знаходжу на спадарожнікавай мапе пункт, разглядаю мясцовасць у розныя поры года і потым еду. Гэта не фоташоп — прырода сама малюе такія дзіўныя карціны».

07 Bałota. Zdymak z knihi.png
Балота. Здымак з кнігі

Марай Славы быў здымак адзінокага дома ў полі. Шмат часу сышло на вывучэнне мапаў, але нічога не знаходзілася. Тады ён пачаў выкарыстоўваць адкрытыя даныя — знайшоў асобна ўсе палі і будынкі, перасек іх і атрымаў некалькі варыянтаў. Аказалася, што большасць гэтых дамоў ужо разбураныя, але на адзін будынак усё ж атрымалася натрапіць.

Фатографы кажуць, што самым складаным было прачынацца ў час, калі яшчэ на дзень не займалася, і ехаць невядома куды, каб сустрэць світанак. Бывала, машына захрасала ў глыбокіх лужынах, прыходзілася бегчы ў найбліжэйшую вёску і прасіць мясцовых, каб дапамаглі яе выцягнуць.

04 Historyi ŭ knizie KUT.png
Гісторыі ў кнізе «Кут»

«Звычайна трактарысты, якія прыходзілі на дапамогу, пыталіся, ці ўсё з намі нармальна — навошта ехаць у такую далеч, каб проста зрабіць здымкі сонца. Часам лезлі праз ваду — нейкім цудам удавалася не ўтапіць фотатэхніку. Калі такое ўсё ж такі здаралася, лічылі, што аддалі рэч на карысць духаў гэтага месца.

Прыходзілі думкі, ці варта ўсё гэта рабіць. Але ўзгадвалі прыгажосць, якую ў гэты момант бачылі толькі мы, і разумелі, што ўсё недарма. Такія паездкі таксама запамінаюцца сустрэчамі, шпацырамі і размовамі з сябрамі, — дзеліцца ўражаннямі Аляксей. — 

Чаму варта здымаць світанак, калі можна было б задаволіцца кадрамі заходу сонца? Раніцай паветра больш вільготнае, святло рассеянае, з’яўляецца шмат паўтонаў. Увечары паветра сухое, і святло кантраснае. І ўвогуле: заход для ўсіх, а світанак — толькі для цябе».

09 Kambajn u poli.png
Камбайн у полі. Здымак з кнігі

Сябар фатографаў Зміцер займаўся кнігамі, а Слава марыў зрабіць кнігу пра Беларусь на працягу пятнаццаці гадоў, але не ведаў, як да яе падступіцца. У выніку «Кут» рабілі год — непасрэдна вялася праца над дызайнам і праектам кнігі. Было дзесяць тысяч фотаздымкаў, у выніку выкарысталі чатыры тысячы.

05 Dyzajnier dzielicca ŭražańniami ad pracy nad knihaj.jpg
Дызайнер дзеліцца ўражаннямі ад працы над кнігай

Акрамя фотаздымкаў, у кнізе ёсць тэксты. Спачатку гэта здаецца невідавочным — ёсць прыгожыя кадры, навошта штосьці чытаць?

«Гісторыі — гэта вельмі важна, бо варта разумець, што стаіць за здымкамі. Напрыклад, аднойчы хлопцы пайшлі здымаць аленяў, і насустрач ім выйшла пара ваўкоў. Сябры спрабавалі рабіць кадры, не думаючы пра бяспеку. За хвіліну яны знялі некалькі фота, а потым вырашылі паводзіць сябе максімальна гучна, каб спужаць звяроў.

Захапляе, колькі часу і намаганняў патрабуецца для здымкаў дзікай прыроды — невядома, ці выйдзе ўвогуле звер з лесу. З іншага боку, атрымліваецца сапраўдная медытацыя: тры гадзіны сядзіш у полі, няма доступу да сацсетак і ўвогуле мабільнай сувязі — толькі ты і прырода», — тлумачыць рэдактарка Вольга.

08 Miełavy karjer. Zdymak z knihi.png
Крэйдавы кар'ер. Здымак з кнігі

Каля дзесяці гадзін у суме сышло на тое, каб паразмаўляць пра кожны здымак і яго гісторыю. Спачатку пачыналі пісаць тэксты ад трэцяй асобы, потым зразумелі, што ім не хапае выразнасці, і перарабілі іх у дыялогі.

«Кніга можа змяніць успрыманне Беларусі. Я не шмат ездзіў па краіне, на прыроду глядзеў без асаблівай цікавасці. А потым некалькі разоў ездзіў з сябрамі на фотапаляванне, паглядзеў на вогненны світанак, адчуў, што такое чакаць звера ў полі. Калі цяпер бачу фота лася, якое спачатку хацеў выдаліць, адчуваю тыя эмоцыі, якія адчувалі хлопцы, калі здымалі яго.

Наша кніга — гэта магчымасць паглядзець на Беларусь іншымі вачыма, яна вучыць любіць Беларусь», — кажа Зміцер.

06 Vokładka knihi KUT.png
Вокладка кнігі «Кут»

Стваральнікі кнігі расказваюць, што назва «Кут» з’явілася выпадкова. Кожны беларус у школе вучыў на памяць урывак з верша Якуба Коласа і ведае радкі: «Мой родны кут, як ты мне мілы…». Падумалася, што назва ідэальна адпавядае і гэтым радкам, і праекту, які нарэшце атрымаўся.

Каментары1

  • Ы
    21.03.2024
    Цудоўна! Яшчэ б такую кнігу пра гарады, вёску і культуру, і быў бы камплект :)

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна6

Трамп: Украіна сама справакавала расійскія ўдары40

Харкаў трапіў пад масіраваную атаку: 40 выбухаў, пажары, ёсць загінулыя і параненыя

У Жыткавіцкім раёне жанчына заразіла ВІЧ 83-гадовага старога7

Пазняк: І рэжым Лукашэнкі, і псеўдаапазіцыя — гэта адно і тое ж143

Ярмошына: Я не пайду ў грамадскую лазню, проста таму што баюся26

Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»2

Стартап рабіў выгляд, што ён распрацаваў штучны інтэлект. Насамрэч, ён наняў 700 праграмістаў і яны стваралі прадукты ўручную3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»2

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць