Грамадства11

У Вільні вынеслі вырак беларусу за напад на беларускую амбасаду. Пакаранне ён ужо адбыў

Па другім абвінавачанні, звязаным са спробай уцячы з-пад арышту, грамадзяніна Беларусі апраўдалі.

Пасольства Беларусі ў Вільні. Фота: старонка Пасольства Беларусі ў Вільні

Віленскі гарадскі акруговы суд прызнаў вінаватым грамадзяніна Беларусі Мацвея Бяляя ў нападзе на амбасаду Беларусі 20 красавіка 2023 году і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 11 месяцаў з накіраваннем на папраўчыя працы ва ўстановах аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання або ў недзяржаўных арганізацыях, якія займаюцца апекай старых людзей або інвалідаў, піша Радыё Свабода.

У той жа час, як адзначаецца ў судовым рашэнні, суд залічыў у пакаранне знаходжанне Мацвея Бяляя пад вартай у часе дасудовага расследавання.

«Згодна з артыкулам 66 Крымінальнага кодэксу Літоўскай Рэспублікі, у прызначанае пакаранне ўключыць час часовага затрымання і знаходжання пад вартай з 20 красавіка да 18 кастрычніка 2023 году, прыраўняць адны суткі часовага затрымання і арышту да двух сутак абмежавання волі і лічыць, што Мацвей Бяляй адбыў пакаранне», — адзначаецца ў рашэнні суда.

Суд прызнаў, што дзеянні Мацвея Бяляя не прывялі да маштабнай шкоды маёмасці беларускай амбасады.

Па другім абвінавачанні, звязаным са спробай уцячы з-пад арышту (ч. 1 артыкулу 22 і ч. 1 артыкулу 241 Крымінальнага кодэксу Літвы), грамадзяніна Беларусі апраўдалі, бо не знайшлі дастатковых доказаў інкрымінаванага яму злачынства. Суд звярнуў увагу на тое, што канваіры адключалі відэарэгістратар, таму няма поўнага запісу ў часе знаходжання беларуса ў лякарні, з якой ён нібыта спрабаваў уцячы.

Паводле абвінавачання ў нападзе на амбасаду беларусу пагражаў арышт або пазбаўленне волі на 5 гадоў, а паводле абвінавачання ў спробе ўцёкаў — арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.

«Я буду абскарджваць гэты вырак. Мне нават не надалі яго пераклад. Абскардзіць я магу цягам 20 дзён пасля атрымання перакладу», — паведаміў Свабодзе Мацвей Бяляй.

Справа аб дэпартацыі яшчэ разглядаецца

Паводле Бяляя, 31 студзеня 2024 Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы разглядае ягоную апеляцыю на рашэнне суда першай інстанцыі аб дэпартацыі з прычыны таго, што ён стварае «пагрозу для нацыянальнай бяспекі Літвы».

Мацвей Бяляй адседзеў паўгода ў следчым ізалятары, а пасля выхаду на волю ён даведаўся аб прызначэнні іншага судовага пасяджэння па пытанні аб ягонай дэпартацыі.

У Міграцыйным дэпартаменце Літвы, куды Свабода звярталася па каментар з нагоды пазбаўлення Мацвея Бяляя прытулку і магчымай дэпартацыі, адмовіліся паведамляць падрабязнасці гэтай справы.

У 2022 годзе ён атрымаў пяцігадовы дазвол на жыхарства ў Літве і статус уцекача, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам у сферы будаўніцтва.

У справе аб нападзе на амбасаду Беларусі суд вынес вырак 15 студзеня 2024 года.

Праваабаронцы патрабуюць рэабілітацыі Бяляя па справах у Беларусі

24 студзеня 2024 года шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з супольнай заявай, у якой патрабавалі рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў мірных сходаў.

«Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў былі пазбаўленыя волі: змешчаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды: Павел Голаў, Захар Яноўскі, Мацвей Бяляй, Дзмітрый Смаляроў, Антон Нагела, Віталь Сірышка, Віктар Рудзько, Аляксандр Федарук, Улад Манюк», — адзначалася ў заяве праваабаронцаў.

Мацвей Бяляй раней паведамляў Свабодзе, што ў 2021 годзе яго затрымалі і памясцілі ў жодзінскі ізалятар за тое, што спрабаваў усталяваць на дзвярах будынку ўраду бел-чырвона-белы сцяг і разбіў там шкло малатком. Праз паўгода ён выйшаў з ізалятара і ўцёк — спачатку ў Маскву, там атрымаў гуманітарную візу ў Польшчу. Ён шукаў дапамогу, каб трапіць ва Украіну, але ў выніку вымушаны быў незаконна перабірацца праз Дзісну ў Літву.

«Цяпер у Беларусі праводзяць вобшукі — у бацькі, у сястры, выклікаюць на допыт усіх маіх сваякоў, сяброў, а колішнюю жонку, з якой мы маем сына, звольнілі з працы за падтрыманне са мной сувязі. Цяпер ужо датычна мяне нібыта завялі справу аб экстрэмізме. Следства вядзе Барысаўскі следчы камітэт», — расказваў Мацьвей Бяляй у кастрычніку 2023 года.

У 2020 годзе Мацвей Бяляй працаваў каардынатарам у штабе кандыдата ў прэзідэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня. Бяляя ў жніўні 2020 году затрымлівалі ў Віцебску. У 2010 годзе працаваў каардынатарам і збіраў подпісы за кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і ўдзельнічаў у падзеях на Плошчы незалежнасці ў Мінску.

Каментары1

  • Вася
    31.01.2024
    А навошта ён паперся з Польшчы ў Жодзінскі ізалятар? Хадзіў там прабіраўся па фундацыях у канцы 2020 - жыў, кажуць, як у Бога за пазухай

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская: Наўрад ці атрымаецца аднавіць той аб'ём падтрымкі, які беларусы страцілі ў сувязі з новай амерыканскай палітыкай19

Трамп анансаваў вызваленне закладнікаў у Газе ў пачатку наступнага тыдня4

У мінскім парку з'явіліся незвычайныя скульптуры з дрэва і металу ФОТЫ3

82‑гадовая кітаянка лячылася жывымі жабамі. Гэта ледзь не вылезла ёй бокам

Чэмпіянат свету па футболе 2034 года могуць правесці ў 2035-м1

У Брагіне завуч гімназіі ідэалагічна адсправаздачылася ФОТА ўласнай дачкі4

Ціханоўская: Мы з Сяргеем не канкурэнты, а гісторыю з адменай інтэрв'ю CNN раздзьмулі14

Колькі каштуе паесці ў элітным французскім рэстаране Віктара Лукашэнкі?30

Прадстаўнік ЗША пры НАТА анансаваў пастаўку Украіне зброі, якой яна раней не мела6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін24

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць