У Іспаніі ўпершыню ў рэгіянальны парламент абралі жанчыну з сіндромам Даўна
На працягу дзесяцігоддзяў 45-гадовая Мар Гальсэран змагалася за тое, каб людзі з інтэлектуальнай недастатковасцю былі часткай фармавання парадку дня краіны. Аднак ступень прагрэсу, дасягнутага ёю, стала відавочнай толькі нядаўна, калі Мар Гальсэран стала першым дэпутатам у Іспаніі, якому дыягнаставаны сіндром Даўна, піша Guardian.

«Грамадства пачынае бачыць, што людзі з сіндромам Даўна могуць унесці вялікі ўклад. Але гэта вельмі доўгі шлях», — лічыць жанчына.
Яе дасягненне рыхтавалася цягам дзесяцігоддзяў. Калі Гальсэран было 18 гадоў, яна ўступіла ў кансерватыўную Народную партыю. Патроху яна прасоўвалася ў партыйным апараце, а ў траўні мінулага года была ўключаная пад 20-м нумарам у спіс кандыдатаў, якіх партыя выстаўляла на рэгіянальных выбарах у Валенсіі.
Неўзабаве стала вядома, што Гальсэран атрымала месца ў рэгіянальным парламенце. Гэта дасягненне выводзіць яе ў шэрагі зусім нешматлікіх людзей з сіндромам Даўна, якія пераадолелі бар'еры, каб увайсці ў свет палітыкі. У 2020 годзе Элеанора Лалу стала членам гарадской рады Араса на поўначы Францыі, а ірландзец Фінтан Брэй таксама быў абраны дэпутатам гарадской рады ў 2022 годзе.
У Іспаніі Анхела Бачылер яшчэ ў 2013 годзе стала першым у Іспаніі дэпутатам гарадской рады з сіндромам Даўна ў паўночным горадзе Вальядалід.
Аднак Гальсэран можа быць першай у Еўропе, хто ўвайшоў у рэгіянальны або нацыянальны парламент, паведамляе Іспанская федэрацыя людзей з сіндромам Даўна. «Мы не чулі ні пра каго іншага», — сказаў яе прадстаўнік.
Перад гэтым больш за 20 гадоў Гальсэран працавала на дзяржаўнай службе ў Валенсіі, апошнім часам дапамагаючы ў выпрацоўцы інклюзіўнай палітыкі. Акрамя таго, чатыры гады яна правяла на чале валенсійскай арганізацыі Asindown, якая займаецца дапамогай сем'ям з дзецьмі з сіндромам Даўна.
Калі прынясенне Гальсэран парламенцкай прысягі было прывітаная іспанскімі СМІ, то рэакцыя ў інтэрнэце, па яе словах, была неадназначнай.
«У сацыяльных сетках можна знайсці ўсялякае», — сказала яна. «Ёсць людзі, якія мяне падтрымліваюць. Але ёсць і іншыя, якія думаюць, што я няздатная. Але гэта людзі, якія не ведаюць ні мяне, ні майго паходжання».
Яна спадзяецца, што сваёй прысутнасцю ў рэгіянальным парламенце дапаможа разбурыць шматлікія забабоны, якія працягваюць заставацца ў грамадстве, асабліва калі гаворка ідзе пра людзей з сіндромам Даўна. «Я хачу, каб людзі бачылі мяне як асобу, а не толькі праз прызму маёй інваліднасці».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары