Культура22

Сем рэсурсаў, дзе можна слухаць беларускія аўдыякнігі

Хочаце слухаць кнігі па-беларуску? Мы адшукалі сем рэсурсаў, дзе гэта можна зрабіць.

«Кніжны воз»

Утульны рэсурс з беларускімі кнігамі стварыла Крысціна Дробыш, былая актрыса Купалаўскага тэатра і незалежнай трупы «Купалаўцы», а цяпер тэлевядучая «Белсата». Пачыналі з дзіцячых кніг, бо, як тлумачыла Крысціна, гэта вельмі трэба малым.

А потым выявілася, што шматлікія з нібыта дзіцячых твораў насамрэч цікавыя і дарослым: узяць таго ж Шэрлака Холмса, якога Дробыш называе «літаратурай па-за гадамі». Дарэчы, нядаўна нароўні з «Прыгодамі Шэрлака Холмса», якія цалкам з’явіліся на «Кніжным возе» восенню мінулага года, туды дадалі яшчэ і першую частку аповесці «Шэрлак Холмс: эцюд у пунсовым».

На «Кніжным возе» ёсць не толькі беларуская класіка накшталт «Ладдзі роспачы», але і замежныя славутыя творы («Маўглі», «Том Соер», «Хронікі Нарніі»), і гэта так каштоўна, што можна знаёміцца з сусветнымі дзіцячымі скарбамі па-беларуску. Часам стваральнікі сэрвісу папаўняюць яго дзіцячымі песнямі — напрыклад, там ёсць цэлы калядны альбом! І адзначым несумненны плюс рэсурсу: ён мае ўласны мабільны дадатак.

Яшчэ адна разынка «Кніжнага возу» — душэўныя відэа пра тое, як ствараюцца аўдыякнігі ад праекта. Глядзіце самі:

Сайт / Інстаграм / дадатак для Android / дадатак для Apple

«Беларуская палічка»

Гэта старэнькая электронная бібліятэка, якая, акрамя кніг у звыклым тэкставым фармаце, змяшчае і аўдыякнігі. Іх можна слухаць на самім сайце, а можна і спампаваць.

Творы тут ёсць унікальныя і часам нечаканыя: узяць, напрыклад, «Мой капітал» ад Станіслава Багданкевіча, беларускамоўныя аўдыяспектаклі па Гогалю пачатку 1950-х гадоў ці чатыры Евангеллі ў агучванні «дылетанта» Юрыя Жыгамонта. Хапае на «Палічцы» твораў сусветна вядомых аўтараў (Джордж Оруэл, Шата Руставелі, Уільям Фолкнер і іншыя) і вялікіх беларусаў (Іван Шамякін, Іван Мележ, Якуб Колас і іншыя). Занырвайце!

Сайт

Audiobooks.by

Гэты рэсурс не змяшчае самі кнігі, а падказвае, на якіх пляцоўках іх можна адшукаць. Цяпер, расказваюць стваральнікі audiobooks.by, на іх рэсурсе ёсць спасылкі на 497 кніг, і гэта цудоўная магчымасць не шукаць патрэбную кніжку па ўсіх кутках інтэрнэту, а знайсці ўсё, чаго душа просіць (і пра што вы не здагадваліся), у адным месцы.

Пару тыдняў таму audiobooks.by разам з праектам «Кніжны воз» прэзентавалі прэм’еру, створаную з удзелам сотні беларусаў і беларусак. Гэта кніга «Мова 404», у якой актывістка Аліна Нагорная сабрала гісторыі дыскрымінацыі беларусаў у роднай краіне за тое, што яны гутараць па-беларуску. Эпізоды з кнігі запісвалі не вопытныя акцёры агучвання, а простыя беларусы без прафесійнага тэхнічнага абсталявання ў бытавых умовах. «Калі я раблю агучванне, то мае два сабакі садзяцца побач і ўважліва слухаюць», «Запісы рабіла, пакуль побач спіць чатырохмесячная дачушка» — так удзельнікі праекта расказвалі пра сваю працу.

Не хочаце слухаць пра дыскрымінацыю мовы? Паспрабуйце светлы і гумарны твор «Аўтаспынам па галактыцы», глыбокі раман «Працэс» ад Кафкі ў выкананні Алега Гарбуза ці вытанчаны зборнік эсэ палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Свабода і мысленне» і шмат іншых кніг, знайсці якія дапамагае рэсурс.

Сайт / Інстаграм

«Чытанка: аўдыякнігі Беларусі»

Сам па сабе рэсурс «Чытанка» дужа зручны: запампоўваеце сабе мабільны дадатак і слухаеце, тым больш што выбар кніг у дадатку неблагі. Дызайн праграмы мінімалістычны і прыгожы, карыстацца такім дадаткам прыемна.

Але вось няўдача: сярод твораў на гэтым рэсурсе нядаўна з’явіліся кнігі Андрэя Мукавозчыка і Мікалая Чаргінца. Калі не хочаце лішні раз сутыкацца з іх літаратурнай творчасцю, напэўна, лепш выбраць іншы рэсурс.

Дадатак для Android

«Купалаўцы»

Самая беларуская з усіх беларускіх тэатральных камандаў выпускае яшчэ і аўдыяспектаклі з аўдыякнігамі. Купалаўцы выкладаюць іх на ўласным ютуб-канале.

На сёння гэта толькі тры творы, але якія — «Ордэн Белай Мышы» Уладзіміра Арлова, «1984» Джорджа Оруэла і «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата. Якасць гарантаваная, як гэта заўсёды і бывае ў купалаўцаў.

Ютуб

«Камунікат»

Славутая беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» таксама змяшчае аўдыякнігі. Адразу адзначым відавочны мінус рэсурсу: няма ні адмысловага мабільнага дадатку, ні магчымасці слухаць кнігі анлайн, можна толькі пампаваць іх на сваю прыладу і слухаць такім чынам.

Але калі гэта перашкаджала аматарам добрай кнігі? Тым больш што такія творы тут сапраўды ёсць. Адзначым, напрыклад, «Дамавікамерон» Адама Глобуса, «Ферму» Джорджа Оруэла, «Сабак Еўропы» Альгерда Бахарэвіча ды іншыя, больш звыклыя і класічныя выданні.

Сайт

Беларускі ПЭН

На сайце гэтай арганізацыі маецца выдатная аўдыятэка са шмат якімі творамі, якіх вы не знойдзеце больш нідзе. Выбітная яна, перш за ўсё, праз магчымасць праслухаць творы сучасных аўтараў: тут і Наста Кудасава, і Надзея Ясмінска, і шмат-шмат іншых. Ёсць і зусім рэдкія рэчы: як вам, напрыклад, «У рэвалюцыі жаночае аблічча?» ад Вольгі Шпарагі? На жаль, няма зручнага мабільнага дадатку і/ці магчымасці спампаваць кнігі, але дзякуй і проста за магчымасць паслухаць такія каштоўнасці.

Сайт

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • ZгубiУшыя розум
    12.03.2023
    Яшчэ адзiн маленькi крочак да адраджэння роднай мовы.Прапунуйце далей у гэтым напрамку. Добрая справа, дзякуй!
  • Anatol Starkou
    12.03.2023
    «1984» Джорджа Оруэла на ЮТУб канале «Купалаўцы» абавязкова паслухайце. А то мне здаецца адзін я даслухаў усе тры часткі. 
    Дык з тэксту Оруэла даведаецеся пра заходнюю дэмакратыю, а не з маіх вуснаў.

Цяпер чытаюць

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла1

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Усе навіны →
Усе навіны

У Ніжні Ноўгарад з Мінска адкрыўся прамы авіярэйс2

Ціханоўская прыехала на хутар да былых палітвязняў7

Расійскія ваенкары назвалі Канстанцінаўку «другім Купянскам», а ўкраінскія вайскоўцы зладзілі ў горадзе флэшмоб2

Беларусь нарасціла пастаўкі бензіну ў Расію да гістарычнага максімуму. Гэта можа паставіць беларускія НПЗ пад удар Украіны49

У якім выпадку Кіеў будзе лічыць, што мае права нанесці ўдар па беларускіх НПЗ? Украінскі эксперт назваў галоўную ўмову32

Два легкавікі лоб у лоб сутыкнуліся каля Лагазы ў Лагойскім раёне1

За 4 ліпеня Расія страціла 1290 вайскоўцаў забітымі і параненымі10

Музычны кіраўнік дзіцячага садка з Кармы разам з жонкай стаў зоркай сацсетак. Ужо нават бухога Ігара абышоў5

Свіння з'явілася і знікла ў тэлеграм-канале Дзмітрыя Мядзведзева7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла1

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць