Меркаванні77

Навошта кіраўнік МЗС Венгрыі прыехаў у Мінск?

У Мінск прыляцеў міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта. З чым гэта можа быць звязана? Найбольш відавочная мэта візіту — даведацца, што Лукашэнка можа прапанаваць Еўрасаюзу ў сэнсе зніжэння ваеннай напружанасці ў рэгіёне, піша на «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

Петэр Сіярта. Фота: AP Photo/Virginia Mayo

Некаторыя звязваюць гэты візіт з асаблівай пазіцыяй Будапешта, з тым, што ўрад Віктара Орбана прытрымліваецца самых лагодных падыходаў да Расіі з усіх урадаў дзяржаў ЕС.

Але варта адзначыць, што гэта насамрэч адценні, акцэнты, а не кардынальна іншая пазіцыя, адрозная ад супольнай пазіцыі Еўрасаюза.

Палітычныя ацэнкі, скажам, вайны Расіі з Украінай, санкцыі адносна Расіі і Беларусі ЕС прымае кансэнсусам. Гэта значыць, іх падтрымлівае і Венгрыя.

На тое, што ў Мінск паехаў кіраўнік МЗС Венгрыі (а не, скажам, Партугаліі і тым больш не Польшчы ці Літвы), безумоўна, паўплывалі прыгаданыя акцэнты і адценні пазіцыі Будапешта. Гэты візіт, апроч іншага, і дэманстрацыя Венгрыяй іншым чальцам Еўрасаюза і кіраўніцтву ЕС асобнай пазіцыі краіны. Але, магчыма, не толькі.

Цяперашні кантакт заходняга палітыка з дзейнымі беларускімі ўладамі беспрэцэдэнтным не назавеш. Так, ёсць агульная пазіцыя ЕС і ЗША, якія не прызнаюць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі. Але яшчэ ў 2020 годзе яму ў такой якасці тэлефанаваў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. У 2021 годзе яму двойчы тэлефанавала тагачасная канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель. У 2022 годзе, праз пару дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, з ім вёў тэлефонную гутарку прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль неаднаразова кантактаваў з папярэднікам цяперашняга міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка — Уладзімірам Макеем — і пасля 2020 года.

Так што не выпадае казаць, што спадар Сіярта сваім візітам у Мінск парушыў нейкую супольную непахісную пазіцыю.

Ну дык а ў чым жа мэта візіту? Прамацаць глебу, паслухаць, што Лукашэнка і яго паплечнікі могуць прапанаваць Еўрасаюзу. Прычым галоўная тэма — гэта пытанні бяспекі, пытанні вайны і міру.

«Відавочна, што шмат хто будзе нападаць на візіт, але наша пазіцыя адназначная: каналы сувязі павінны быць адкрытыя. Калі б мы не дзейнічалі такім чынам, я не змог бы нават сёння перадаць пасланне закліку да міру», — заявіў венгерскі міністр па прыездзе ў Мінск.

У перакладзе з дыпламатычнай мовы на звычайную гэта азначае: даведацца, што Мінск можа прапанаваць у рэчышчы зніжэння ваеннай напружанасці. У практычным плане — як мінімум непаглыбленне ангажаванасці Беларусі ў вайну Расіі, а ў ідэале — зніжэнне ўзроўню гэтай ангажаванасці.

Калі прапановы будуць цікавыя і змястоўныя, безумоўна, ім аддадуць належную ўвагу не толькі шэф спадара Сіярта прэм'ер Орбан, але і кіраўніцтва ЕС.

Уласна з Венгрыяй у Беларусі няма ніякіх праблем у сферы бяспекі, з Еўрасаюзам — ёсць. І венгерскі міністр прыехаў пацікавіцца, ці ёсць шляхі іх вырашэння.

Ну, а калі спадар Алейнік і іншыя мінскія суразмоўцы венгерскага госця нічога змястоўнага яму не прапануюць, то ў Мінск жа прыязджаў не кіраўнік дыпламатыі ЕС Барэль, не міністр Нямеччыны, Францыі ці Італіі.

Калі бясплённай акажацца паездка кіраўніка МЗС Венгрыі — гэта будзе ягоным асабістым фіяска, а не фіяска ўсяго Еўрасаюза ці яго «грандаў».

Асаблівую актуальнасць візіту венгерскага міністра надае тое, што ён адбываецца ў разгар дыскусій у ЕС, якія новыя санкцыі ўводзіць адносна Беларусі, а якія, можа, і аслабіць.

Санкцыі — гэта інструмент уплыву на паводзіны дзяржаў, на якія яны скіраваныя. Петэр Сіярта прыехаў удакладніць, як могуць змяніцца гэтыя паводзіны пры розных сцэнарах санкцыйнай палітыкі.

Можна прыгадаць гістарычны прэцэдэнт. У 2011 годзе, менш як праз год пасля разгрому Плошчы-2010, Мінск раптоўна наведаў міністр замежных спраў Балгарыі Мікалай Младэнаў.

Тады галоўнай тэмай у стасунках паміж Мінскам і ЕС былі палітвязні, цяпер — вайна. Але сэнс візіту Младэнава быў такі самы, як і цяперашняга візіту ягонага венгерскага калегі — высветліць, што можа прапанаваць Мінск.

Пасля таго візіту кіраўніка МЗС Балгарыі былі нават спробы ўвасобіць у нейкае пагадненне вынікі перамоў у Мінску. Плёну гэта не мела. Але праз чатыры гады палітвязні былі вызваленыя і пачалася нармалізацыя адносін паміж Беларуссю і ЕС.

І гэта таксама было вынікам дыпламатычных высілкаў, перамоў, пачатак якім паклаў міністр Младэнаў.

Цяперашнія праблемы ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС — больш вострыя і небяспечныя, чым тады.

Нельга сказаць, што візіт міністра Сіярта мае вялікія шанцы на поспех. Але ў выпадку яго няўдачы ніхто нічога асабліва не страціць.

Чытайце таксама:

Алейнік і Сіярта падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2023 год

Кіраўнік МЗС Венгрыі: Я прыбыў у Мінск гаварыць пра мір ва Украіне

Кіраўнік МЗС Венгрыі прыляцеў у Мінск

Каментары7

  • Абу
    13.02.2023
    А я вам зараз пакажу, як я магу аслабіць напружанасць у рэгіёне. Чатыры спосабы, дарожную карту прывёз. Гэта ж не мы пачалі гэту вайну. І калі б за шэсць гадзін да вайны вы да мяне, гаспадзін Сіярта, прыехалі, то...
  • хх
    13.02.2023
    ...а шчэ ў ходзе сустрэчы было агучана пажаданне, каб Мінск зноў стаў пляцоўкай перамоў...
    без каментароў
  • Я
    13.02.2023
    Ціханоўская і Латушка, ці заўтра пікеты ля амбасады Вугоршчыны ў Варшаве ды Вільні?

Цяпер чытаюць

Эйсмант: Лукашэнка не зможа паляцець на Саміт міру ў ЗША, бо паветраная прастора Еўропы для яго закрытая37

Эйсмант: Лукашэнка не зможа паляцець на Саміт міру ў ЗША, бо паветраная прастора Еўропы для яго закрытая

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна негалосна расфарміравала Інтэрнацыянальны легіён — замежнікаў адпраўляюць у штурмавікі15

Разам з запаволеннем тэлеграма ў Расіі пачалі блакаваць ютуб6

Чыноўнікі ад турызму мараць пра стварэнне «Залатога кальца Саюзнай дзяржавы»4

Каталіцкі біскуп максімальна ўзнёсла ўславіў «Год беларускай жанчыны»5

Беларуская чыгунка вяртае польскія цягнікі на маршруты паміж Мінскам і Віцебскам2

Дураў пра абмежаванне Тэлеграма: Не ўдалося Ірану — не ўдасца і Расіі18

Калеснікава: Крым — украінскі, Пуцін пачаў вайну, кіраўніцтва Беларусі таксама вінаватае66

Лосік: Гэбіст назваў Азаронка неадэкватным13

Андрэй Павук расказаў, дзе працуе пасля звальнення з тралейбуснага парка6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Эйсмант: Лукашэнка не зможа паляцець на Саміт міру ў ЗША, бо паветраная прастора Еўропы для яго закрытая37

Эйсмант: Лукашэнка не зможа паляцець на Саміт міру ў ЗША, бо паветраная прастора Еўропы для яго закрытая

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць