«Па 300—650 тысяч еўра выявілі», трапіўся нават доктар Лукашэнкі. Афіцыйна — пра затрыманні траўматолагаў
У Беларусі былі затрыманыя 35 артапедаў-траўматолагаў. Такая лічба прагучала на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі з удзелам міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, генпракурора Андрэя Шведа і кіраўніка КДБ Івана Церцеля.

«Я вельмі добра ведаю ход гэтай аперацыі: кантраляваў. Гэта не сёння, не ўчора пачалося. Я міністра аховы здароўя пра гэта папярэдзіў. Але на сёння 35 чалавек [затрыманыя]. І ўпэўнены (мяне ніхто не пераканае ў адваротным), што гэта не ўсе тыя, хто павінен там з імі побач сядзець», — сказаў Лукашэнка.
Ён заявіў, што дактары «не проста падказвалі людзям, якія ляжаць на аперацыйным стале, якія імпартныя артапедычныя запчасткі ім у цела ўставіць, а прыстойны за гэта ад замежнікаў атрымлівалі хабар».
«У некаторых [затрыманых] па 300-650 тысяч еўра пры ператрусах выявілі дома… На кішэнныя выдаткі», — распавёў ён.
Паводле Лукашэнкі, быў затрыманы нават доктар, які неаднойчы яго абследаваў. Прозвішча не было названа.
Як заявіў палітык, на нарадзе ў прысутнасці генпракурора будуць вырашаць, «што рабіць з гэтымі людзьмі».
Піневіч, як выявілася, звяртаўся да Лукашэнкі наконт затрыманых дактароў, той адправіў міністра ў СІЗА.
«Я міністру аховы здароўя, калі ён да мяне звярнуўся з пытаннем, што будзем рабіць і як вось тут разабрацца, прапанаваў пайсці ў следчы ізалятар і там з імі разбірацца. Я разумею, што вы персанальна з кожным правялі працу», — сказаў Лукашэнка.
«З кожным, так», — адказаў Піневіч.
Па словах Лукашэнкі, міністр аховы здароўя прасіў яго ўзяць затрыманых «на парукі» пасля таго, як яны кампенсуюць шкоду дзяржаве, і накіраваць кудысьці для працы па спецыяльнасці.
Таксама Лукашэнка запатрабаваў наладзіць прамыя пастаўкі лекаў і медвырабаў.
«Мы павінны трымаць гэтыя пытанні (паставак і выкарыстання лекаў і медыцынскіх вырабаў) пад кантролем. А каб яны былі пад кантролем, я ўжо тысячу разоў казаў: прыбярыце ўсякае пасярэдніцтва. Закупляйце наўпрост лекі і медыцынскія вырабы. Гэта можна рабіць нават у санкцыйны перыяд», — паставіў Лукашэнка задачу ў чарговы раз.
«Спасылацца на тое, што хтосьці нам чагосьці не дае, чагосьці не хапае… Ведаеце, у нас медыцынская тэхніка і лекі не знаходзяцца пад жорсткімі санкцыямі.
Калі вам амерыканцы не прадаюць лекі, купіце іх у Індыі, на Кубе. Пытанне толькі ў спраўнасці. Таму спасылкі на тое, што ў нас не хопіць лекаў, яшчэ чагосьці, не прымаюцца», — упэўнена выказаўся Лукашэнка.
Чытайце таксама:
Што цяпер з чэргамі на эндапратэзаванне? Вось што адказалі ў Мінздароўя
«Справа траўматолагаў»: людзей не выпускаюць праз 10 сутак, сталі вядомыя дэталі абвінавачвання
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары