Грамадства

«Сашу павезлі на вачах 5-гадовага сына. Дзіця плакала». Жонка былога памежніка са Століна расказала пра затрыманне мужа

Амаль месяц Аляксандр Велясніцкі, былы афіцэр-памежнік са Століна, утрымліваецца ў жодзінскай турме. За гэты час для яго не прынялі ніводнай перадачы. Ён сядзіць без зменнай бялізны, цёплай вопраткі, сродкаў гігіены і жыццёва неабходных лекаў. Пра мужа, пра тое, як яго забіралі з дому і як ёй жывецца цяпер з 5-гадовым сынам, расказала «Медыя-Палессе» Аксана Велясніцкая.

У жніўні 2020-га ён адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу». Свой учынак былы афіцэр патлумачыў тым, што гэтым жа медалём сталі ўзнагароджваць тых, хто ўдзельнічае ў выкраданні, збіцці і катаванні мірных людзей.

29 верасня дома ў Аляксандра Велясніцкага прайшоў ператрус. Яго жонка, Аксана, кажа, што шукалі зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы. Праверылі яе тэлефон на наяўнасць дэструктыўных тэлеграм-каналаў. Аляксандра забралі…

На думку праваабаронцаў «Вясны», хутчэй за ўсё, затрыманне адбылося па справе каментароў у сацсетках аб гібелі Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.

На гэты момант былы афіцэр змяшчаецца пад вартай. Адвакат Аляксандра знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Змог сказаць толькі, што рэжым у Жодзіне жорсткі. Перадачы, «атаварка» і наведванне адвакатаў забароненыя з прычыны ўведзенага праз кавід каранціну.

Аксана Велясніцкая расказвае:

— Да нас у дзверы пазванілі ўвечары. Я адкрыла, на парозе — група мужчын. Восем, быццам бы, іх было, двое з іх — у міліцэйскай форме. Яны ўсе зайшлі ў дом, і адразу пайшлі ў пакой, дзе знаходзіўся Саша. Акружылі яго, пачалі здымаць усё на камеру тэлефона. Нам з дзіцем сказалі выйсці.

Саша, калі апранаўся, спытаў, па якой прычыне яго затрымліваюць, паводзіў сябе спакойна. У яго пацікавіліся, ці ў курсе ён, што ў Мінску адбылося забойства. Саша адказаў, што так. Спыталі, ці пакідаў ён каментары ў сеткі, Саша прамаўчаў. Пытанне прагучала нечакана для яго. Я прачытала на яго твары, што ён разгублены.

Для нас гэта было шокам. Сашу адвялі на вачах 5-гадовага сына. Дзіця плакала і пыталася, навошта міліцыя забрала тату.

— Ці мог Аляксандр пакінуць абразлівы або распальваючы нянавісць каментар?

— Не. Саша зусім не той чалавек. Ён нават ніколі матам не лаецца. Ён мог выказаць сваё меркаванне, якое дакладна не будзе ўтрымліваць абразлівыя словы або падбухторваць да канфлікту.

— Наколькі мне вядома, у Аляксандра праблемы са здароўем. Ці ўдалося перадаць лекі?

— У Сашы праблемы са страўнікам. Ён праходзіў лячэнне ў шпіталі, калі яшчэ служыў. Таблеткі ён прымаў па меры неабходнасці, пры ўзнікненні боляў. Як правіла, прыступы здараліся некалькі раз у тыдзень.

З-за каранціну перадачы не прымаюць, я выслала таблеткі пасылкай. Але пакуль каранцін, таблеткі яму не перададуць. А калі здымуць каранцін — невядома.

— Ці даходзяць вам лісты?

— За тры тыдні адправіла мужу 6 лістоў, у якія ўклала і канверты, і лісты паперы, але ніводнага адказу не атрымала.

Усе канверты класа А1. Правяраю ў адсочванні лістоў коды, адзначаныя на канвертах, але інфармацыі па іх няма.

— Як спраўляецеся з эмоцыямі?

— Дапамагаюць сваякі мужа, падтрымліваюць. Саша раней ад'язджаў на месяц на працу, ён кіроўца-міжнароднік, але мы кожны дзень размаўлялі па відэасувязі.

Зараз амаль месяц, як мы з сынам яго не бачылі, не ведаем як ён… Гэта вельмі цяжка.

Першы тыдзень, як мужа забралі, я жыла на заспакаяльных. Цяпер разумею, што трэба быць моцнай, стараюся трымацца.

Сын думае, што тата на працы. Але ўсё роўна кожны дзень пытаецца, чаму ён не тэлефануе.

— Як на працы Аляксандра паставіліся да ягонага затрымання?

— Я сама патэлефанавала ў кампанію і расказвала ўсё. Паставіліся з разуменнем. Калегі адклікаюцца пра Сашу, як аб добрым чалавеку і адказным працаўніку. Перажываюць, чакаюць яго вяртання.

— Раскажыце аб службе Аляксандра ў памежных войсках. Чаму ён прыняў рашэнне звольніцца?

— У памежных войсках служыў з 2000 года. Улетку 2019 года звольніўся па ўласным жаданні.

Пайшоў па некалькіх прычынах. Першая — банальна фінансавая. Пачалі будаваць дом, яго зарплаты не хапала. Я тады была ў дэкрэтным адпачынку.

Другая прычына ў тым, што сталі больш жорсткімі патрабаванні да кадраў, маральна і фізічна стала нашмат складаней працаваць.

Саша часта прыязджаў з працы прыгнечаны і засмучаны. Трохі сярдзіты.

Сышоў са службы, памяняўся. Стаў спакойны.

— Калі ў 2020 годзе Аляксандр публічна асудзіў міліцэйскі гвалт, ці чакаў ён наступстваў за сваю пазіцыю? Як вы паставіліся да яго адмовы ад медаля?

— Ён меркаваў, што, магчыма, нешта будзе яму за гэта. Але абышлося без наступстваў. Многія нават тэлефанавалі й дзякавалі за яго пазіцыю.

Я паставілася да рашэння адмовіцца ад медаля спакойна, але было трохі страшна за яго… Па жыцці заўсёды падтрымліваю мужа, таму што ён справядлівы, прыстойны, сумленны. І ганаруся ім.

— Не задумваліся пра эміграцыю?

— Як я цяпер ужо даведалася, Сашы ўзломвалі акаўнты ў сацсетках, ён ведаў, што за ім сочаць. Але ніколі мне гэтага не казаў. Ён наогул пра палітыку са мной не гаварыў. А пра пераезд тым больш.

— Як думаеце, ці выпусцяць Аляксандра па заканчэнні двух месяцаў утрымання пад вартай?

— Мне нават страшна думаць пра гэта. Я вельмі спадзяюся, што адпусцяць. І гэтая надзея дае магчымасць неяк жыць далей.

Я ведаю, што Саша закон не парушаў, а меркаванне не павінна карацца турэмным тэрмінам.

Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе16

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Усе навіны →
Усе навіны

Рыбак злавіў на Нёмане сазана памерам з парася ФОТА4

Самая паспяховая беларуская бізнэсвумен удвая павялічыла прыбытковасць здабычы рыбы на Далёкім Усходзе5

Амаль паўтары тысячы гектараў на Гомельшчыне больш не будуць лічыцца радыяцыйна небяспечнымі5

Сельскую гаспадарку Дубровенскага раёна даручылі ратаваць бізнэсмену Баскіну3

У Будапешт для ратавання Орбана перад самымі выбарамі прыехаў Джэй Дзі Вэнс31

Рэкордная паездка расіяніна па Беларусі — сем парушэнняў за адну дарогу8

Высветлілі, як есці той папулярны зефір, які абмяркоўваюць у сацсетках праз яго паслабляльны эфект5

Трамп: Сёння ўначы загіне цэлая цывілізацыя27

Айцішніку з «Варгеймінга», якога судзілі па расстрэльным артыкуле, далі 14 гадоў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе16

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць