Затрымалі былога музыку ансамбля «Харошкі» — нібыта за выраб газет і ўлётак
МУС Беларусі заявіла пра «выкрыцьцё падпольнай друкарні», дзе вырабляліся незарэгістраваныя газэты і ўлёткі. Па словах сілавікоў, затрымалі 33-гадовага дырэктара інтэрнэт-крамы музычных інструмэнтаў. Як даведалася «Свабода», гэта нядаўна звольнены музыка ансамбля «Харошкі» Зьміцер Кукс.

«Раней мужчына актыўна выходзіў на пратэставыя акцыі, зьяўляўся ўдзельнікам дэструктыўных Telegram-чатаў. У адным зь іх ён адгукнуўся на прапанову аб вытворчасьці паліграфічнай прадукцыі. Каардынатар працэсу ўводзіў яго ў зман, пераконваючы ў бясьпецы дзейнасьці. Тым ня менш у выпадку затрыманьня абяцаў выплату усіх магчымых штрафаў», — праінфармавалі ў сілавым ведамстве.
Апэратыўнікі па месцы жыхарства мужчыны канфіскавалі асобнікі гатовай прадукцыі, банкаўскія карткі, кампутарную і памнажальную тэхніку, а таксама грошы.
Іван Кукса, брат музыкі, паведаміў, што пра затрыманьне сям’я даведалася выпадкова — адзін з родзічаў заўважыў Зьмітра на вуліцы 6 жніўня ў кайданках у суправаджэньні невядомых людей у цывільным. Жонкі з дваімі малымі дзецьмі падчас ператрусу не было дома.
«Ніякай уцямнай інфармацыі. Чамусьці ён знайшоўся на Акрэсьціна як затрыманы ў адміністрацыйнай справе, што даволі дзіўна. Там сказалі, што ён трапіў да іх з Фрунзэнскага РУУС, хоць у самім упраўленьні сьцьвярджаюць, што ў іх такога не было. Адвакаты, якія пагаджаюцца працаваць у справе, пытаюцца зьвесткі аб уваходных дэталях — хто пракурор, хто затрымаў і г. д. На жаль, мы гэтага ня ведаем. У выніку абаронца ня можа пачаць займацца справай праз брак інфармацыі. Нават ня ведаем, ці скончыліся ўжо допыты», — расказаў Іван Кукс.
Ён дадаў, што пасьля ператрусу наведаў кватэру брата. Там усё было перавернута, зьніклі абсалютна ўсе грошы, у тым ліку атрыманыя ад нядаўняга продажу машыны. Цяпер сям’я засталася без сродкаў да існаваньня, кажа ён.
Зьмітра Кукса звольнілі з ансамбля «Харошкі». Адной з прычынаў, лічыць брат, стала ягоная грамадзянская пазыцыя. Той адмовіўся удзельнічаць у канцэртах, якія Міністэрства культуры ладзіла на сцэне Купалаўскага тэатру, а таксама ў афіцыйных выступах на дзяржаўных сьвятах.
«Зьміцер якраз напарэдадні затрыманьня атрымаў паштовае паведамленьне пра тое, што яго звальняюць з працы. Прычым паведамленьне падпісана яшчэ 20 ліпеня, а трапіла на пошту толькі 31-га. Вось так аддзячылі за 11 гадоў працы музыкам у калектыве. А цяпер яшчэ і гэтая справа», — падсумаваў Іван Кукса.
-
«Я заўсёды быў праўкраінскім чалавекам». Беларус амаль 20 гадоў працаваў у Маскве — вось што з ім адбылося пасля 2022‑га
-
У Беларусі — 365 экстрэмісцкіх фармаванняў і арганізацый
-
«Бываюць проста болевыя запоі. Калі ты з болю не вылазіш…». Галіна Казіміроўская — пра барацьбу з анкалогіяй, хіміятэрапію і тое, чаму не ўмее прасіць дапамогі
Каментары