Мікалай Лукашэнка, малодшы сын прэзідэнта Беларусі, паступіў у 10-ы клас Ліцэя БДУ. Пра гэта TUT.BY паведамілі некалькі крыніц. У якасці профілю ён абраў біялогію, конкурс на яе склаў 6,5 чалавека на месца.

Каб стаць ліцэістам і паступіць на біялагічны профіль, сёлета трэба было здаць два іспыты — біялогію і хімію. Біялогію абітурыенты пісалі 24 мая, хімію — 31-га. Прахадны бал склаў 138 з 200.
Усяго на 44 месцы біялагічнага профілю падалі дакументы 286 абітурыентаў. Афіцыйнае залічэнне праходзіла з 16 па 19 чэрвеня.
У мінулым навучальным годзе Мікалай Лукашэнка паспяхова выступіў на алімпіядзе па хіміі. На раённым этапе ён заняў першае месца, на абласным — атрымаў дыплом трэцяй ступені.
Да паступлення ў Ліцэй БДУ Мікалай Лукашэнка вучыўся ў звычайнай сярэдняй школе ў Астрашыцкім Гарадку Мінскага раёна.
Таксама ў ліцэі абмяркоўваюць інфармацыю аб тым, што сярод тых, хто паступіў на гуманітарны профіль, ёсць і ўнучка прэзідэнта Беларусі Дар'я Лукашэнка. Нагадаем, што ў Ліцэі БДУ цяпер вучыцца яе старэйшая сястра Анастасія — дачка Дзмітрыя Лукашэнкі. У сакавіку 2020-га яна брала ўдзел у конкурсе «Міс ліцэй», дзе заняла другое месца і атрымала тытул віцэ-міс.
Каб паступіць у 10 клас гуманітарнага профілю, трэба было здаць англійскую мову і грамадазнаўства. На момант рэгістрацыі на экзамен конкурс складаў 9 чалавек на месца, прахадны бал у выніку быў роўны 151 з 200.
Пацвердзіць інфармацыю аб паступленні Мікалая і Дар'і Лукашэнкі ў прэс-сакратара прэзідэнта Наталлі Эйсмант не ўдалося.
Дырэктар Ліцэя БДУ Ігар Варакса не змог ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю (дарэчы, на пытанне журналіста кіраўнік установы адказваў па-беларуску).
— Мы не раскрываем інфармацыю ні пра каго з нашых абітурыентаў, пакуль яны самі не выкажуцца аб сваіх выніках. Так што ні праверыць, ні абвергнуць інфармацыю не магу ні пра каго, хто да нас паступіў, незалежна ад прозвішча.
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары