Шэсць фактаў пра георгіеўскія стужкі
Іх масавае распаўсюджванне пачалося пры Пуціну.
Савецкі сцяг? Але ніхто не хоча вяртацца ў «савок». Расійскі трыкалор? Але ён чужы іншым народам. Для адраджэння новай імперыі патрэбны быў сімвал.
Раздача стужак пачалася ў 2005-м
А што аб’ядноўвае народы былой імперыі? Каб не талоны на мяса, не Гулаг, не разбураныя цэрквы? Так, супольная перамога над нацызмам.
«Фашысты будучыні будуць называць сябе антыфашыстамі», — пісаў Чэрчыль. Так і сталася.
Акцыю «Георгіеўская стужка» распачала ў 2005-м, на другім годзе другога тэрміна Пуціна, расійская арганізацыя «Студэнцкая абшчына» пры падтрымцы ўрада Масквы і РІА «Новості». З тых часоў масавая раздача стужак праводзіцца штогод амаль на ўсёй тэрыторыі былога СССР. Таксама стужкі рассылаюцца ва ўсе расійскія пасольствы — таму геаграфія стужак ахоплівае практычна ўвесь зямны шар.
Паласаты легіён
У апошнія гады перад Днём Перамогі і ў Беларусі з’яўляецца шмат чорна-жоўтых георгіеўскіх стужак. Іх чапляюць на аўтамабілі і нават на ашыйнікі сабак. Бо стужкі масава раздаюць — на вуліцах, у крамах, на аўтазапраўках.
Чаму георгіеўская?
Насамрэч, георгіеўская стужка мае вельмі ўскоснае дачыненне да Другой сусветнай вайны.

Георгіеўская стужка называецца так, бо служыла стужкай да ордэна Святога Георгія, заснаванага ў 1769 годзе Кацярынай ІІ. Ордэн быў найвышэйшай вайсковай узнагародай Расійскай Імперыі, але быў скасаваны саветамі ў 1917 годзе і адноўлены ў Расіі ў 1992-м.

Яна вярнулася на вайсковыя ўзнагароды ў 1943 годзе ў якасці стужкі да ордэна Славы.

У 1945-м такая самая стужка з’явілася на медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (амаль 15 мільёнаў узнагароджаных).

Аднак стужка мела іншую назву — «гвардзейская».
Трыумфальнае вяртанне
Гвардзейская стужка выкарыстоўвалася ў СССР у асноўным для святочнага дэкору. Яе можна сустрэць на савецкіх паштоўках розных гадоў. Але «георгіеўскай» — адкрытая адсылка да імперскай гісторыі — яе тады ніхто не называў.
Памылка ці не?
Чаму «ўваскросла» георгіеўская, а не гвардзейская стужка, не могуць уцямна патлумачыць нават арганізатары акцыі. Супрацоўніца расійскай грамадскай кампаніі «Георгіеўская стужка» Алена (якая, на жаль, адмовілася назваць сваё прозвішча) расплывіста тлумачыла, што чорна-залатая стужка спрадвечна называлася георгіеўскай.

Заўвагі пра адмену ордэна Святога Георгія ў 1917 годзе і карэктнасць прымянення тэрміна «гвардзейская стужка» ў дачыненні да перыяду ВАВ раздражнілі Алену: «Я не гісторык. Калі вам трэба нейкія гістарычныя факты, звярніцеся да гістарычнай літаратуры. Але ордэн Перамогі быў на георгіеўскай стужцы».
Алена мела на ўвазе найвышэйшы ордэн СССР «Перамога», якім узнагародзілі маршалаў, генералаў і генералісімуса. Але ж напраўдзе стужка ордэна «Перамога» была шасціколернай, і пераважаў чырвоны.
А вось ужо юбілейны медаль «60 гадоў Перамогі ў ВАВ 1941—1945», заснаваны ў адзін год з акцыяй «Георгіеўская стужка», мае выяву ордэна «Перамога» і гвардзейскую стужку на краях чырвонай калодкі.

Аднак наўрад ці назвы стужак ненаўмысна пераблыталі. У кодэксе акцыі «Георгіеўская стужка» напісана, што мэтай акцыі ёсць «стварэнне сімвала свята — Дня Перамогі».
Стужка замест сцяга
Такім чынам пуцінскі рэжым стварыў новы ўніверсальны сімвал. Ён нібыта мае дачыненне да вайны — у якой найбольшыя ахвяры панеслі, дарэчы, беларусы, украінцы, палякі і яўрэі, але ў той самы час ён мае адсылку і да часоў Расійскай Імперыі. Такі траянскі конь. Не ўсе тую задумку зразумелі.

Вешалі георгіеўскія стужкі — і вешалі. Мала хто надаваў таму палітычнае значэнне. Але тут здарыліся падзеі ва Украіне. Расія адхапіла Крым, а цяпер хоча яшчэ і Адэсу з Данецкам. І вось тут георгіеўская стужка стала знакам ідэнтыфікацыі баевікоў і сепаратыстаў.
Яна выйшла за межы святкавання Дня Перамогі і набыла новы сэнс.
Людзі, якія ўспаролі жывот дэпутату Рыбаку ў Горлаўцы і ўтапілі яго жыўцом, насілі такія стужкі. Людзі, якія адкрылі стральбу з карабінаў па ўкраінскай дэманстрацыі ў Адэсе 2 мая, у выніку чаго ўрэшце загінула 46 чалавек, — таксама. Ва ўкраінскіх дэсантнікаў і байцоў спецназа «Альфа» ў Славянску таксама стралялі людзі з георгіеўскімі стужкамі.
Пасля гэтага стужка перастала быць нейтральным сімвалам.
Каментары