Культура55

Божае нараджэнне ў Мінску абвесцяць «Тройца» і «Палац»

Абодва вядомыя калектывы дадуць сольныя канцэрты, дзе абяцаюць увесці згаладалага па каляднай містыцы і містэрыі слухача ў атмасферу вясковага свята, вядзьмарства і чарадзейства.

Анёламі‑апавяшчальнікамі цуду Божага нараджэння ў гэтым годзе ў сталіцы будуць два легендарныя фальклорныя гурты — этна‑трыа «Тройца» і ансамбль беларускага кантры «Палац».
Абодва вядомыя калектывы дадуць сольныя канцэрты, дзе абяцаюць увесці згаладалага па каляднай містыцы і містэрыі слухача ў атмасферу вясковага свята, вядзьмарства і чарадзейства.

«Тройца» прайшлася па гродзенскіх і брэсцкіх вуліцах, даўшы ў кожным з гарадоў па перадсвяточным канцэрце. Праўда, так і не пакінуўшы за сабой талых снежных слядоў, па якіх можна было б акурат у дзень Раства дабрацца да сталічнага КЗ «Мінск». 25 снежня прад'юсарскі цэнтр «ПАН‑студыя» ладзіць там вялікі сольны вечар этна‑каралёў.

Іван Кірчук — спецыяліст па абрадавай дзейнасці і непапулярным беларускім фальклоры, збіральнік напеваў і элементаў спрадвечнага вясковага быту — разам са сваім гуртом у святы дзень верне гледачоў да спрадвечнага, да традыцыі і каранёў, даўно пахаваных пад стракатымі гірляндамі і бліскучымі падарункамі ад заходняга Санты і савецкіх Снягурачак.

Апроч звыклых гукавых медытацый, дзе цягучы вакал Кірчука пераплятаецца з аб’ёмнымі ўдарамі бубна, звыклым спевам жалейкі, ціхімі перашэптамі, перазвонамі, енкамі, шоргатам, 25 снежня будуць выкананы кампазіцыі з новага і яшчэ не выдадзенага альбому «Жар‑Жар», які мае стаць нязвыкла рокавым.

Ансамбль «Палац» ладзіць двухдзённае зімовае свята Божага нараджэння. 24 снежня, на Куццю,ў канцэртнай зале Тэатру эстрады адбудзецца VIP‑канцэрт гурту,
на які будуць запрошаны вядомыя асобы і прадстаўнікі СМІ. Назаўтра ж «Палац» склікае на канцэрт усіх сваіх сяброў, папулярных музыкаў, а таксама прыхільнікаў, каб адзачыць Каляды разам.

Цэлы шэраг гуртоў, у аснове музыкі якіх ляжыць цнатлівая аўтэнтыка, вырашылі 25 снежня зладзіць супольны карнавальны «Калядны фэст».

У першы дзень Вясёлых Святаў у клубе «Рэактар» збяруцца рэканструктары музычнай традыцыі Вялікага Княства «Стары Ольса», стваральнікі «драйвовай сярэднявечнай музыкі» Litvintroll, паган‑фолк‑бэнд Znich, музычныя рэканструктары сярэднявечнай культуры Testamentum Terrae, этна‑гурт «Рада» і сайд‑праект флейтыскі ды дударкі «Старога Ольсы» — гурт Rosalia.

Па‑за сталіцай святочныя увесяленні не будуць так моцна прывязанымі да народнай культуры і старажытнай традыцыі. У Горках пройдзе грандыёзны і гучны двухдзённы фестываль «Рок‑Каляды». Гэты фэст існуе з 2001 году пад лозунгам «Мы па‑за палітыкай і па‑за грашыма».

25 снежня — конкурсны дзень. Абраны пераможца возме ўдзел у гала‑канцэрце на наступны дзень, яму прэзентуюць 12 гадзінаў запісу ў студыі GS RECORDS і права ўдзельнічаць у фестывалі Mass Medium Fest 2009 у Магілёве.

Магчыма, у знак таго, што ў Беларусі ўсё яшчэ прынята найзычлівейшыя віншаванні і падарункі ў шалёсткай абгортцы дарыць ды атрымліваць у Навагоднюю ноч, беларускія гурты робяць свой святочны падарунак менавіта на Каляды. Яго не пакладзеш пад ялінку, так што трэба паспяшацца і паспець атрымаць усё самае лепшае, што айчынны фолк і рок здолелі зрабіць для нас цягам гэтага доўгага 2008 году.

Адэля Дубавец, naviny.by

Каментары5

Цяпер чытаюць

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»66

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія вайскоўцы свядома атакуюць аўтамабілі гуманітарнай місіі ААН і яшчэ гэтым хваляцца1

На наваполацкім «Паліміры» папярэдзілі, што заўтра з яго будзе валіць чорны дым3

Рыбак у Лельчыцкім раёне злавіў гіганцкага сома ВІДЭА3

Даўгабуд МАЗа ў Мінску ператвараюць у архіў з перадавымі тэхналогіямі

Памятаеце беларуса-небараку, якога армяне прадалі на фронт? Украінцы выменялі яго9

Цапкала і Балкунец атакавалі літоўскага палітыка, які дапамагаў беларусам пасля 2020‑га і спрычыніўся да справы, якую завёў пракурор у Гаазе52

У Польшчы затрымалі яшчэ савецкага «злодзея ў законе»1

Зяленскі: Масква спрабуе ўцягнуць Мінск у вайну супраць Украіны альбо аперацыю супраць краіны НАТА9

У Зімбабвэ дзівяцца, што іхні прэзідэнт сарваўся ў госці да Лукашэнкі зусім раптоўна. Перад тым ён наведаў сховішча з золатам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»66

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць